Выбрать главу
Баяліся — мамы ласку, Што нам належыць, Падзеляць. Вось вырасцем — і палацы Паставім з такой падзеі.
I мам забяром з сабою — 3 упартасцю прысягалі. Апошніх надзей забойцы, Мы вольныя ў свет сягалі.
Маленькія эгаісты, Што ведалі мы пра самоту? Завейна Адной галінцы Застацца гібець зімою...

* * *

Клопат прыспешваў: Тумкай, Каб не гавець пасля! Горад цягнуўся думкай, Вёска жыла з мазаля.
Золушкаю прагрэсу Доўга была зямля. Вёска — 3 гароду, з лесу, Горад, Ён жыў з рубля.
Ды не магла знявагі Доўга трываць зямля. Клала на шалі ўвагі Цвёрды курс мазаля.
Ведала, гордая ў крыўдзе,— Ніхто ад зямлі не ўцячэ, Людства, нарэшце, прыйдзе Ёй пакланіцца яшчэ.
Шаля з ціхаю вераю Шалю з пыхаю Перасвервае...

* * *

Загадай, у сасны якой Паляцела зялёная вейка. Гэты зачараваны спакой Чараўніцай альбо чарадзейкай?
Любіць вечнасць На нейкі міг Запыніцца над возерам слыхам. I збаяцца сябе саміх Хвалі патурбаваць ускалыхам.
3 вершаліны да караня Зарыпіць Дрэва вечнага руху. Перадасць цішыні цішыня Ашчаджальніцу радасці — Скруху.
I ўсплывуць адгалоскі віны У душы пад сасной-векавухай. Затанулых цэркваў званы Чуе вечнасць. I ты паслухай...

Дровы

Сукаватыя, шчоглыя У градах, у кастрах Пацеюць смалою, Як мёд у скрылях. Летаюць, Петраюць на сівярах, Каб ласы агонь Зімавеям на страх Смактаў смаляныя Соты з калоды, Па-мядзведжаму жмурачыся Ад асалоды.

* * *

Паабымшэў валун, Абыржавеў калун. На печы кот-вуркун, За печкаю — цвыркун. Для ўсіх вякоў адны — Няхітрыя даніны. Нам дадзены яны Маркоціць успаміны...

Да партрэта Уладзіміра Караткевіча

Дзіця з вачыма празарліўца, 3 душой, пакрыўджанай на свет, Зірне — і будзе фраза ліцца, Нібыта клёкат праз арліцу, Як несупыннасць праз Тыбет.
Адчай з прарочымі вачыма, Дзе ўзорацца шляхоў шлякі, Дзе з небам раіцца Радзіма, Дзе немагчымае магчыма, Дзе дзівакуюць дзівакі.
Ахвярца верны неспакою Над плынню крэўнае ракі. I мова матчынай рукою Яго сумленне трапяткое Багаславіла на вякі.

Трыпціх

Трохкутнік      выраю          высока. Трыпутнік ласкаю прыціх. Трывога зерыцца трохвока. Век чалавечы, Як трыпціх. Світанне,      дзень          і змрок вячэрні — Іх, трох, Навечна час упрог. Трыпціх пасеянага зерня. Трыпціх — дол,      аралля,          нарог.
Трыпціх крыжа, Трыпціх жагнанняў, Трыпціх расстайных Трох дарог. Трыпціх апошніх Трох жаданняў. Трыпціх — калыска,      кут,          парог...

Камень Фелікса Тапчэўскага

I. В. Законнікаву

I слова, крэўнасцю пачэснае, Іскрынкай радасці былой, Як камень Фелікса Тапчэўскага, 3 зямлі Узыдзе над зямлёй.
Часаны любасцю і вераю Валун — Пястун ледавіка — Не лёг над прахам Глыбай шэраю, А ўстаў — нямы працяг радка
Шаноўнейшага Хвэлькі з Рукшаніц, Паўстаў, каб далягляд шырэў. Зноў камень, 3-пад дзярноўя зрушаны, Вяльможнай яснасцю ўшарэў.