– Дазвольце спытаць, – Кравец перавёў дых. – На якім вы свеце?
– А вы? Вы ўсведамляеце, дзе зараз знаходзіцеся?
Вацлаў раззлаваўся. Яго раздражняла, што злодзеі або фанатычныя вар’яты, або прыкідваюцца імі.
– Людскіх патрабаванняў у вас часам не знойдзецца? Там, вызваліць таварышаў з турмы, спыніць забруджванне навакольнага асяроддзя, прадставіць чамадан долараў і самалёт, ці іншае.
– Шкада, – коратка сказаў, нібы адрэзаў Зільге. – Да паразумення нам далёка. У размову ўключыўся групенфюрэр.
– Дазвольце мне, – папрасіў ён доктара Зільге, потым падсунуў Вацлаву планшэт з маршрутам разведчыка. – Што гэта за карта?
“Чытаць не ўмееце, на некалькіх жа мовах”, – падумаў Кравец.
– Частка плану сумесных тактычных вучэнняў войскаў паўночна-атлантычнага альянса і аб’яднаных сіл Усходняй Еўропы і Расіі. Прыглядзіцеся, вы ў надзейных цісках.
Лутцэ пераглянуўся з доктарам.
– Вы ўсур’ёз лічыце, Зільге, наш палонны прыляцеў з будучыні?
– Упэўнены, групенфюрэр.
– Дык на чым ён прыбыў?
– Вось і спрабуем высветліць…
Пакуль афіцэры размаўлялі, Святлана хуценька перакінулася з Вацлавам некалькімі словамі.
– Не разумею, аб чым размова, таварыш Кравец, але вы ў сур’ёзнай бядзе.
– Сам бачу.
– Я паспрабую вас вызваліць, а вы дапамажыце мне адсюль уцячы.
– Згодны. Тэрарыстаў шмат?
– Калі маюцца на ўвазе карнікі, у райцэнтры іх атрад, але ёсць яшчэ паліцаі. Яны яшчэ горш.
– Хто яны насамрэч?
– Паліцаі з нашых, вядома, а вось эсэсаўцы з Германіі.
Вацлаў застагнаў, апусціўшы вочы долу, і ледзь стрымаў мацюкі.
– Пачакайце! – здагадаўся Зільге. – Я бачу вырашэнне праблемы. Гэты чалавек з будучыні звычайны салдат! Гер Лутцэ, ды ён сам не цяміць, як сюды патрапіў!
Доктар вельмі ўзрушыўся.
– Паслухайце, – ён звярнуўся да Вацлава. – Мы не патрабуем звышнатуральнага. Адкажыце, вы калі ішлі па лесе, сустракалі дзіўны туман, рэзкі, густы, зусім без вільгаці?
– Так, – згадзіўся Кравец.
– Вось яно, – доктар плескануў далонямі. – Анамалія, шаноўны Лутцэ, разрыў у часе. Скажыце, вы зможаце нас правесці на тое месца заўтра?
Зладзеі самі просяцца ў капкан. А раз так, ён зможа прывесці вар’ятаў да сваіх. У сэрцы Кравец парадаваўся.
– Згодны, – Доктар задаволена пацер рукі.
– Зільге, я слабы ў вашай навуцы, – пачаў групенфюрэр. – Мяне адольвае здаровы скепсіс. Вы ўпэўнены ў выніках паходу, адкажаце за бяспеку людзей?
Вочы доктара ліхаманкава блішчэлі.
– Кіньце, Лутцэ. На карце будучыня Германіі. Падумайце, іншае стагоддзе, іншае ўзбраенне, тэхналогіі, перспектыву немажліва апісаць! Мы наладзім кантакт і прывязем сюды зброю, якая значна мацней за сучасную, станем зусім непераможнымі! Да таго ж, верагодна, мы адшукаем зніклы атрад нашых салдат.
Для групенфюрэра апошні аргумент падаўся найбольш важкім.
– Дзярзайце, Зільге. Стырно вам у рукі, – згадзіўся афіцэр. – Калі так, пабачым, чаму вас так хвалююць туманы. Гм.
Да апоўначы Отта Кройц нажлукціўся шнапсу і бадзяўся па камендатуры. Завітаў у свой кабінет у пошуках спіртнога, выйшаў вонкі, зазірнуў у пакой, дзе вёўся допыт палоннага Краўца.
– Не губляеце дарэмна часу, – заўважыў п’яны штандартэнфюрэр.
– Вы, бачу, таксама, – з’язвіў Лутцэ.
– Перастаньце, – адмахнуўся Кройц і паставіў на стол пачатую бутэльку. – Выпейце са мной, пакуль ёсць, бо заўтра нас мо не стане на свеце.
Штандартэнфюрэр ікнуў, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Лутцэ грэбліва паморшчыўся, расхрыстаны Кройц меў вельмі абразлівы выгляд, неадпавядаючы вобразу афіцэра вермахта.
– Раю вам адпачыць, – сказаў Лутцэ.
– Раеце мне? – Кройц дастаў адну руку і ткнуў сябе пальцам у грудзі. – Адпачыць?
Зільге пракашляўся каб запоўніць узніклую няёмкую паўзу. Лутцэ чакаў выкліку, п’яны суайчыннік напрашваўся на дуэль.
– Запомніце, Лутцэ, – прамовіў Кройц. – Адпачываць тут нельга! Ён прыняўся хадзіць па пакою.
– Абрыд гэты край. Надакучыла вайна. Мае людзі стаміліся. Мы не ведаем спакою! Ён спыніўся.
– Вас не мучаць начныя кашмары?
– Я сплю як немаўля, гер Кройц. – адказаў афіцэр.
– Таму што вы ў Германіі! Усю вайну седзьма ў тыле, носу не кажаце на перадавую, тыдня не пабылі на акупаванай савецкай тэрыторыі! – эмоцыі эсэсаўца выплёскваліся цераз край.
– Вам неабходна супакоіцца, – сказаў Лутцэ.
– Супакоіцца, калі штодзень пад бокам вораг? Пабачце вось… – Кройц дастаў з кішэні паперку і шпурнуў яе на стол.
“Смерць фашысцкім акупантам”, – прачытаў краем вока Вацлаў Кравец.
– Мо ваш палонны распавядзе, як лістоўка трапіла мне ў хату?