– А ты насамрэч з будучыні, – пачуўся шэпт Святланы.
Кравец прамаўчаў. Пасля сённяшніх падзей ён не даваў рады ўласнаму становішчу і быў гатовы паверыць у што заўгодна.
– Быццам бы і свой, наш, рускі, але аддзенне іншае, мова крыху, жэсты… Быццам не з нашага свету.
Вацлаў спыніўся, павярнуўся да жанчыны. Яны доўга глядзелі адзін на аднаго, нібыта ўпершыню ўбачыліся.
Святлана падышла бліжэй да сяржанта і прытулілася. Кравец пачуў ціхі плач.
– Ну што ты… – ён правёў далонню па яе валасах, супакойваючы. – Кінь. Не варта.
Перакладчыца захліпала мацней. Разведчык абняў жанчыну, дапамог прысесьці на паваленае дрэва. Чакаў, пакуль выльюцца эмоцыі.
Калі яна нарэшце сцішылася, Кравец зірнуў на гадзіннік. Было толькі дзве гадзіны ночы. “Паляванне на дзіка” запланавана на шэсць раніцы, а ён яшчэ нават не выйшаў на разліковую кропку. У жываце забурчэла, і Кравец успомніў, што з апоўдня галодны. Ён пакорпаўся ў рэчмяшку, дастаў сухпаёк, разгарнуў штосьці, без смаку сунуў у рот. Прыняўся перамолваць зубамі.
У галаве было пуста. Так заўжды робіцца пасля шокавай падзеі, а іх за апошнія дванаццаць гадзін набралася столькі, што свядомасць адмаўлялася правільна рэагаваць. Самае лепшае, што мог зараз здзейсніць Вацлаў, маршкідок да апошняга пункту прызначэння.
– Мне трэба ў Трыполле, – прамовіў ён.
– Мне таксама, – прашаптала Святлана.
– Ведаеш сцежку? Не заблукаеш у начы?
– Ведаю. Пайшлі разам.
Жанчына памарудзіла і дадала:
– Адтуль можна трапіць да партызан. Амаль рукой падаць. У тым лесе з аднаго боку ёсць твані, нам праз іх. Вацлаў падумаў, адмоўна пахістаў галавой.
– Не, мне да партызан не трэба. Я іду іншым напрамкам. Трыполле – арыентыр. Святлана павагалася.
– Дзякуй табе.
– За што? – не зразумеў сяржант.
– Уратаваў ад Кройца. Не знасіць мне галавы без цябе. За сувязь з партызанамі павесілі б. Вацлаў паціснуў плячамі.
– На маім месцы любы здзейсніць падобны ўчынак. Ён складаў рэчмяшок.
Трымцела ў сэрцы сяржанта штосьці нявырашанае, недасказанае. Партызаны, туманы, допыт Зільге. Не вытрымаў Вацлаў. Спытаў які зараз год і сам здзівіўся недарэчнаму пытанню.
– 1943, – адказала Святлана.
Ён уздыхнуў. Не, гэта надта цяжка ўсвядоміць.
– Адкуль ты, салдат?
– Адкуль? – перапытаў Кравец і прашаптаў. – Насамрэч, адкуль я? Недзе ўдалечыні ізноў заскуголіў сабака.
– Я хацела спытаць, які, па-твойму, цяпер год?
– 2015, – адказаў Вацлаў.
Святлана адхіснулася, потым устала. Сяржант падняўся следам. Нечакана перакладчыца прыхінулася да Краўца і пацалавала.
– Што ты забыўся тут, Вацлаў?
– Каб я ведаў, Святлана… – уздыхнуў ён.
І раптам нахлынуў вір неспадзяваных здагадак. Рэактар, Зона, баявыя вучэнні, прарыў у часе – усё гэта нібы тарнада закружыла ў свядомасці. Цяжка забілася сэрца.
Раз ён насамрэч трапіў у мінулае, зразумела, чаму маўчыць сувязь. Перагаворнік не сапсаваны, проста тут па ім ніхто не адкажа. Калейдаскоп успамінаў склаўся ў неверагодную карціну. Бялёсы туман без вільгаці ўсяму прычына. Яму трэба вярнуцца на месца, дзе хаваецца бялёсы туман.
– Якая яна, будучыня? – шэптам спытала Святлана.
Вацлаву адразу прымроілася дзікая Зона, гушчары з радыяцыяй, разбураная атамная станцыя, лісіныя норы над пустымі хатамі…
– Будучыня непрадказальная. Хадзем, трэба ісці да спаленай вёскі.
На досвітку, калі неба пасвятлела, яны абыходзілі абвугленыя бярвенні, вогнішчы на месцы спаленых хат. Лунаў чадлівы смурод. Слабага ветру не ставала, каб выдзьмуць забруджанае паветра, у якім, здавалася, да сёй пары чуўся смяротны лямант.
Ішлі асцярожна, не ламаючы нагамі галлё, каб не парушыць пакою смяротнай цені, што лягла на спаленую вёску. Вацлаў даволі хутка зарыентаваўся. Угледзеў сцежку. Таямнічы малочны кісель праглядаўся у сотні метраў.
Ён хаваў ельнік і, здаецца, штосьці злавесна шаптаў. Яны спыніліся.
– Мне далей туды, – паказаў рукой у туман Вацлаў.
– Растаемся? – са шкадаваннем у голасе спытала Святлана.
– Табе нельга са мной.
Жанчына пераміналася з нагі на нагу. Было прахалодна.
– Хоць краем вока зірнуць, што там, за туманам… Зрабілася няёмка. Вацлаў узяў яе за плечы.
– Табе не спадабаецца ўбачанае, – запэўніў сяржант. – Там Зона.
– Будучыня вельмі жорсткая? Твой час гаршы за наш?
– Не сказаў бы. Проста… – ён падумаў. – Проста ва ўсе часы было жорстка. У вас фашысты, у нас тэрарызм, бездань іншага чалавечага глупства.
– Ну, а вайна скончылася?