– Вайна скончылася. Толькі пачаліся новыя канфлікты.
– А Трыполле аднавілася? – голас Святланы быў поўны надзеі.
– Трыполле? – яму ўспомніліся пустыя хаты з чорнымі вачніцамі-вокнамі. Сціснуўшы сэрца, адказаў: – Аднавілася.
– А камунізм пабудавалі?
Гэтага пытання сяржант не чакаў. Надта наіўна яно прагучала для чалавека з трэцяга тысячагоддзя. Кравец сказаў праўду. Уражаная Святлана доўга нічога не пыталася. Яе вочы павільгацелі і выкаціліся слязінкі.
– Значыць, усё дарэмна. Столькі хлопцаў і дзяўчат загінулі дарэмна? Усё было падманам, так? Эсэсаўцы маюць рацыю, знішчаючы нас?
– Не, што ты, – пачаў супакоіваць Вацлаў. – Твае суайчыннікі гінуць недарэмна. Ведаеш, камсамол, камунізм – палітыка, звычайная ідэалогія, у большай ступені дзяржаўнае пустазвонства. Твае ж загінулі за Радзіму, родны дом, край. Радзіма значна больш, чым дзяржава, павер. Нашы перамаглі ў гэтай вайне. Вось толькі сам фашызм з людзей часам вырваць поўнасцю немажліва. Гэта спрадвечнае зло. Зона смерці ў людскіх душах, якое пераўвасабляецца пад іншымі вывескамі, назвамі, шыльдамі дэмакратыі і клопатам аб правах чалавека. Са смяротных гэта не выкараніць. Разумееш?
– Складана тлумачыш, прыхадзень з будучыні. Вацлаў зірнуў на гадзіннік. Была палова пятай раніцы.
– Спяшаешся?
– Так. Мне пара.
– Пакінь што-небудзь на памяць.
Скрозь туман, хмызняк, скрозь прастору і час, не шкадуючы сіл, бег Вацлаў. Адроджанае пасля вайны і пакінутае пасля атамнай аварыі Трыполле засталося далёка за спінай. Выгаралі ўсе тэрміны выхаду на “кропку”. Аперацыя вось-вось павінна пачацца, і сяржант не звяртаў увагі на гучны трэск сухога галля пад нагамі і неабходнасць маскіравацца. А хто тут яго запрыкмеціць? Бег, асабліва не разбіраючы дарогі, абы паспець.
Ён паспеў.
Лес скончыўся нечакана, быццам існавала нябачная мяжа для расліннасці. Голае поле, цвёрдая глеба, даўно забыўшая плуг і тупат людскіх ног.
Вацлаў перавёў дых.
Туман клубіўся парай па полю, малочным крылом клаўся на гушчар далёка ў баку і ахутваў ГЭТА – напалову зарыты ў зямлю кантэйнер цыліндрычнай формы дыяметрам метраў пяць і даўжынёй метраў восем.
Вацлаў наблізіўся да аб’екта. Туман зыходзіў з абшарпанай, са слядамі падпалін, паверхні цыліндра. Паверхня зблізу аказалася дзіравай. Складалася ўражанне, што аб’ект на вялікай хуткасці ўпаў зверху і ўрэзаўся ў глебу. Сяржант выцягнуў планшэт і зверыўся з картай.
Ён знаходзіўся на тэрыторыі запланаванага вучэннямі дэсанту варожай тэхнікі. Да чацвёртага энергаблока заставалася яшчэ кіламетры тры. Вацлаў выцер пот з ілба. Відавочна, цыліндр і з’яўляўся прычынай раптоўнай спецаперацыі. Пайдзі туды, не ведаю куды… А дзе бэтээры, дэсантныя машыны? Выплылі на памяць словы “ўбачыш штосьці дзіўнае, не адкладаючы радыруй на базу”.
У тарцы аб’екта ён заўважыў штосьці падобнае на адчынены люк, з цікавасцю наблізіўся і зазірнуў у нутро, пасвяціў ліхтарыкам.
Убачанае вымусіла жагнуцца і адступіць на крок. Прамень выхапіў панэль кіравання і некалькі крэсел, адно з якіх павалілася пад час удару апарата аб глебу. Калі Вацлаў рашыўся ўсё ж завітаць у памяшканне цыліндра, аўтаматычна ўключылася блакітнае святло пад столлю і на панэлях заміргалі каляровыя агеньчыкі.
Вацлаў здзіўлена прысвіснуў. Выпадкова раздушыў ботам нейкую дробязь, упаўшую са столі. Паднёс да пульта лічыльнік радыяцыі, той адразу зайшоўся.
Разведчык спрабаваў паварушыць крэсла, ахутанае тоўстым кабельным жыллем і шлангамі. Яно нагадвала пілотскае сядзенне знішчальніка, толькі было большым у памерах.
– Што за трасца? – у самаго сябе спытаў Вацлаў і пашкрэб патыліцу.
Ён уважліва аглядзеў памяшканне апарата, і тут яго позірк выхапіў шыльдачку з надпісам “Касмічныя войскі Расійскай Федэрацыі”.
Ад нахлынуўшых пачуццяў Кравец на нейкае імгненне здранцвеў. Пасля дастаў перагаворнік, наладкаваўся на патрэбную хвалю. На гэты раз усё працавала добра, Вацлаў пачуў размовы на розных каналах сувязі. Нарэшце ён дома.
– Я знайшоў аб’ект, – выдыхнуў разведчык у слухаўку, пасля таго, як назваў уласныя пазыўныя. На другім баку сувязі адказаў сам генерал Стральцоў.
– Малайчына, сяржант, – голас генерала быў назвычай радасным. – Абяцаю героя. Месцазнаходжанне запеленгавана. Хутчэй пакідай аб’ект, чуеш? Ратуйся, сынок…
Сувязь адключылася.
– Тэрарысты, кажаце? – прашаптаў Вацлаў, вырваў шыльду, схаваў яе ў рэчмяшок і крочыў да люка.
Тым момантам за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Зоны ў паветра падняліся два серабрыстыя “Су”. Заламаўшы віраж над лесам, яны пайшлі ледзь не збрываючы макаўкі дрэў.