– Звено «Шторм». Это ДРЛО. Азимут на цель двапять-три. Удаление пятьдесят девять.
– Вас понял. Идём. – адказаў вядучы пілот.
Самалёты адначасова развярнуліся, і не ўключаючы фарсажны рэжым, павольна паплылі да аб’екта атакі, набіраючы вышыню.
Трынаццаць чалавек выйшлі з туману. Усе яны, акрамя маладой жанчыны, былі апрануты ў нязвыклыя для 2015 года ваенныя формы. Дзесяць – у формах эсэсаўскіх салдат, і двое – афіцэры рэйха. Насупраць іх нерухома спыніўся сяржант разведроты Вацлаў Кравец, які слухаў і лічыў удары свайго сэрца. Ён з адчаем разглядаў суровыя твары фашыстаў. Потым убачыў знаёмую жаночую постаць і адчуў холад у жылах.
– Яны сачылі за намі і ўвесь час ішлі следам, – ціха прамовіла Святлана.
Вацлаў падумаў, што хутка прыляцяць “Су” і ўвесь дурны сон скончыцца.
– Вось крыніца туману, шаноўны Лутцэ, – сказаў з усмешкай доктар Зільге.
Дэніс Лутцэ ўражана разглядаў аб’ект, вакол якога катаўся клубкамі малочны кісель.
– Вы ўпэўнены, доктар, што мы зможам вярнуцца назад? Раптам туман знікне.
– Зможам, толькі выявім прынцып работы гэтай машыны.
– Ідыёт, – прашаптаў групенфюрэр, убачыўшы спробы Зільге патрапіць унутр апарата. Ён звярнуўся да Святланы.
– Спытайце ў партызана, колькі паблізу варожай тэхнікі і дзе размяшчаюцца сілы праціўніка?
Жанчына старанна перавяла.
Вацлаў пэўны час разглядаў наведзеныя на яго рулі
“шмайсераў”. “Светлыя нябёсы, ну чаго гэта здарылася менавіта са мною?” – падумаў ён.
– Раскажыце ім праўду пра Германію, – падказала Святлана. – Не бойцеся. Гэта ж ваш свет.
– Тут хутка настане пекла, – панура прызнаўся Кравец.
Уцячы ад салдат не існавала шанцаў. Ён уявіў, што зараз прыляцяць нашыя “Сушкі”, і на аб’ект паляцяць ультранітавыя зарады. Ад прысутных не застанецца нават успамінаў. Генерал меў рацыю, абяцаўшы разведчыку даць Героя. Пасмяротна.
Яшчэ Вацлаў падумаў, што нямецкія салдаты загінуць, і ход часу няўмольна парушыцца. Мажліва зменіцца гісторыя.
Як усё абсурдна атрымалася. Лутцэ чакаў.
– Вось там тэхніка, – сказаў сяржант і паказаў за плечы. Групенфюрэр прынік да бінокля.
– Што з намі будзе? – ціха спытала Святлана.
– Хана, – уздыхнуў Кравец. Потым шчыльней накрыў маскхалатам плечы. Існавала тэарэтычная верагоднасць выжыць пасля бамбардзіроўкі. Тканіна маскхалата была разлічана некалькі секунд вытрымліваць даволі высокую тэмпературу. Але як уратавацца ад аскепкаў? Хіба толькі Бог умяшаецца ў падзеі і ўратуе ад немінучай смерці.
Відарыс у біноклі вельмі ўразіў Дэніса Лутцэ. Ён убачыў могілкі ваеннай тэхнікі, прымененай у час ліквідацыі аварыі на энергаблоку. Дзесяцігоддзі пад адкрытым небам, пад дажджом, снегам, летняй спёкай пераўтварылі бэтээры, бээмпэшкі, трактары, верталёты і мноства звычайных аўтамабіляў у несусветнае іржавае ламачча. Рэшткі мёртвай цывілізацыі займалі вялікую тэрыторыю.
Лутцэ доўга не мог адарвацца ад жахлівага відовішча.
– Вайна? – спытаў ён. – Вайна не скончылася? Гэта германская тэхніка? Зільге, здаецца я пачынаю вам верыць наконт анамалій і калідораў ў іншы час.
– Вайна ніколі не канчаецца, – прамовіў Вацлаў, разабраўшы некалькі нямецкіх слоў групенфюрэра. З цыліндра пачуўся ўзбуджаны лямант доктара.
– Вы толькі паглядзіцена гэта, Дэніс! – ён выкараскаўся з нетраў апарата. – Я ўпэўнены, ваш партызан прыбыў у наш час з дапамогай вось гэтай машыны.
Групенфюрэр падыйшоў да Зільге.
– Праўда? – спытала Святлана.
Вацлаў адмоўна пахістаў галавой. У небе пачулася далёкае хутканарастаючае гудзенне. Яно набліжалася.
– “База”, это “Шторм”. Мы над целью, – паведаміў камандзір звяна.
У пілоцкай кабіне міргацелі агні прыбораў. На індыкатары лабавога шкла высвечвалася вышыня і хуткасць, змяняліся лічбы адлегласці да мэты.
– “Шторм”, это “База”. Атакуйте!
– Вас понял. Начинаю работать.
Рыскі варыометра на прыборнай панэлі павольна гайдануліся, штурмавік зніжаўся і заходзіў на атаку.
– Наблюдаю метку захвата… Пуск произвёл! Ракета аддзялілася ад корпуса самалёта і рынулася пачварай да зямлі.
Дэніс Лутцэ, назіраўшы за ўсім у бінокль, зароў панямецку каманды і кінуўся бегчы. Салдаты пападалі на глебу, паабхаплівалі галовы рукамі. Доктар Зільге так і застаўся стаяць з раскрытым ад здзіўлення ротам.
– Бяжым, – закрычаў Кравец, хапаючы Святлану за руку. Далейшыя падзеі падаліся зачараваным сном. Кравец кінуўся ў бок лесу. Імгненне, другое, стопкадры на чорна-белай стужцы. Вацлаў спатыкнуўся і паляцеў тварам у нябачную раней рытвіну. Святлана ўпала следам. Рэфлекторнымі рухамі сяржант развярнуўся, накрыў сваім целам жанчыну і шчыльна захіснуўся маскхалатам.