Выбрать главу

Барвовы пухір узняўся над аб’ектам і, застагнаўшы, лопнуў металёвымі брызгамі. Уздыхнула глеба, і імгненная гарачыня спякла і выпарыла ўвесь пластык у аб’екце, скурожыла і парвала паверхню, пабіла шротам пераборкі, панэлі, электроннае начынне, пакінула пасля сябе аплаўлены каркас апарата.

– Это «Шторм-2». Подтверждаю уничтожение цели.

– Отличная работа, «Шторм». Возвращайтесь на точку. Самалёты зніклі гэтак жа хутка, як і з’явіліся. Пілоты заўважылі ў чыстым небе над энергаблокам маланкі. Аднаму лётчыку падалося, быццам унізе ідзе танкавая калона. Другі лётчык быў гатовы паклясціся, што бачыў шмат людзей на конях з шаблямі ў руках. Пагадзіцца паміж сабой яны не маглі, бо па паверхні зямлі сцяліўся кісельны туман, які перашкаджаў штосьці добра разгледзець, які, дарэчы, імгненна растаяў і адкрыў голую глебу без конікаў і танкаў. Пілоты сышліся ў думцы, што здань ім прымроілася з-за маланкавага бліку ў вачах і перагрузак.

А потым увушшу зазвінела цішыня.

Калі мінавала вечнасць, Кравец спрабаваў варухнуцца. Упэўніўшыся, што рукі-ногі цэлыя і нічога не баліць, Вацлаў расплюшчыў вочы і прыўзняўся над напалоханай Святланай.

“Жывы! – праляцела думка. – Божа, я жывы!”

Вацлаў удыхнуў на поўныя грудзі паветра і сеў на край рытвіны. Менавіта падзенне сюды іх уратавала. Сяржант пракашляўся ад дыму, скінуў з плеч маскхалат, які пасля атакі больш нагадваў ірваную старую анучу.

Сэрца цяжка тахкала.

– Усё, – сам сабе сказаў разведчык. – Пара мяняць прафесію.

Дым павольна рассмактваўся ў паветры. Апарат, невядома якім ліхам стаўшы прычынай разлому прасторычасу, пасля выбуху ракеты нагадваў шкілет іншапланетнай жывёліны. Ад нацыстаў не засталося следу.

Вацлаў адхіснуўся, калі Святлана дакранулася да яго. Уважліва глянуў на жанчыну, прыгадаў пацалунак у лесе, і нечаканая думка абдала яго жарам. Яна не зможа вярнуцца ў свой час! Прычына анамаліі знішчана выбухам.

Сяржант дапамог ёй устаць, сесці побач. Святлана не зводзіла з Краўца вачэй. Другі раз за апошнія гадзіны разведчык уратаваў яе жыццё.

– Дзякуй, – прашаптала яна і паўтарыла. – Дзякуй… Дык я пайду.

– Куды?

Ягоны тон быў лепшым доказам, што дарогі назад няма. І Святлана зразумела. Яе позірк шукаў вакол хоць нейкае падабенства таямнічага туману і не знаходзіў. Жанчына ўражана маўчала. Свядомасць адказвалася верыць, адмаўлялася прымаць рэчаіснасць.

Рука Святланы марудна прыўзнялася і сама сабой лягла на далонь Вацлава. У вачах палонніцы з мінулага было столькі трывожнай мальбы, полаху перад невядомым і непадробнай надзеі, што сяржант не вытрымаў і адвярнуўся.

– Там жа мае суайчыннікі, сястра з дзіцем…

– Дзе – там?

– За туманамі…

– Няма там болей нічога. Усё ў мінулым. Плюнь і забудзь. Вайна скончылася.

У глыбіні душы Вацлаву было пагана.

“Колькі яшчэ сюрпрызаў чакаць ад Зоны?” – думаў ён і не сумняваўся, што, дзякуючы існаванню чацвёртага энергаблока, ён патрапіў адной нагой у мінулае, дзе запроста мог застацца.

Побач у лесе панавала цішыня. Узышло сонца, ранішнія прамяні лагодна песцілі мёртвую абпаленую глебу. Святлана плакала. Вацлаў абняў жанчыну за плечы і прытуліў да сябе.

– Ну-ну, не плач, – суцяшаў сяржант. – Колькі можна? Ты ж хочаш пабачыць будучыню, так? Хо, у нас тут весела, хадзем са мной, пакажу. У рэшце рэшт, гітлераўцаў і паліцаяў тут няма, абяцаю…

Яны ўсталі і пакрочылі да леса. Кравец абмяркоўваў, што схлусіць у штабе наконт Святланы. Пра экскурсію ў мінулае павераць хіба што ў дурдоме. А нічога хлусіць не трэба. Надакучыла армія. Ён успомніў пра вясковы домік пад сталіцай, дзе жылі бацькі, там запроста можна пасяліць Святлану. Вось толькі легенду ёй прыдумаць ладную.

* * *

У далёкім 1943 годзе штандартэнфюрэр Отта Кройц, чарговы раз нажлукціўшыся шнапсу, сядзеў з перавязанай галавой і пісаў даклад, у якім адзначаў небывалую актыўнасць партызан і прапажу без вестак высокапастаўленых асоб СС і групы салдат.

Гітлераўскага палкоўніка ўсё больш ахаплялі сумненні ў перамозе Германіі. Сербанём мы ліха, штодзень упэўніваўся Кройц, ужо сербанулі.

* * *

Кабінет генерала Стральцова быў наскрозь прасычаны ўдушлівым дымам. Генерал меў слабінку – любіў тоўстыя, з коньскую галёнку, сігары. Зараз ён сядзеў, ахутаны шызым воблакам і пыхцеў, абдумваў адказ сяржанту Вацлаву Краўцу.

На шыкоўным дубовым стале перад генералам ляжаў рапарт Краўца аб звальненні і шыльда з надпісам “Касмічныя войскі Расійскай Федэрацыі”, выдраная разведчыкам з аб’екту.