Генерал курыў, Вацлаў чакаў.
– Ты сур’ёзна? – пахмурна спытаў Стральцоў, дакрануўшыся да рапарта.
– Сур’ёзна, таварыш генерал.
– Шкада. Талковых разведчыкаў мала.
Генерал ізноў прыняўся смактаць сігару. Скрозь закратаванае вакно прабіваліся сонечныя прамяні, яны прасвечвалі дымавую завесу вакол генерала і збоку здавалася, што не афіцэр сядзіць у крэсле, а нейкае страшыдла са злавеснай мутнай аўрай.
Генерал гмыкнуў, потым устаў, адчыніў сейф і дастаў бутлю каньяку з двума кілішкамі. Разліў напой, падсунуў адну чарку Вацлаву і з шумным выдыхам сеў на месца.
– Хочаш тлумачэнняў, сынок?
Сяржант хістануў галавой.
– Давай спачатку вып’ем за удалае заканчэнне аперацыі.
Генерал са спрытам бывалага вайскоўца ўліў у горла напой, хукнуў у кулак і вярнуў чарку на стол.
– Нашы славянскія беды вось тут, – генерал пастукаў указальным пальцам сябе па ілбу. – Карацей, некалькі дзён таму Расія згубіла касмічны карабель. Эксперыментальная распрацоўка нейкага там сакрэтнага інстытута. Штуковінай кіравала аўтаматыка, з ёю і адбылася недарэчнасць – збой, перазагрузка сістэмы. Мы прывыклі ўсё спісваць на чалавечы фактар, а тут – дулю, аказалася, што памыляюцца нават робаты.
Вацлаў аж рот разявіў ад нечаканага пачатку размовы. Каб, падумайце хто, – генерал, і так запраста размаўляў са звычайным сяржантам!
Стральцоў нібыта прачытаў думкі Вацлава і ўсміхнуўся:
– Не перажывай, усё ўжо скончылася, шум улёгся. Ведаў бы ты, колькі галоў уратаваў сярод сакрэтнага кіраўніцтва, выявіўшы аб’ект! Табе палкоўніка самы час даваць, а ты, сяржант, страчыш рапарты аб звальненні. Ну, ладна, справа твая, працягваю далей. На бяду аб’ект зваліўся ў Зоне. Каб у Атлантыку або Ціхі акіян, – генерал махнуў магутнай рукой, – гора не ведалі б, канцы ў ваду і, як кажуць немцы, шпрэхен зі дойч…
Кравец уздрыгнуў.
– Але ж трэба здарыцца супадзенню. Каб на сваёй тэрыторыі, карабель ціха-мірна эвакуіравалі і забыліся б. Дык не. Апарат упаў у Зоне перад самым пачаткам міжнародных вучэнняў. Не маглі мы адмяніць іх дзеля пошуку аб’екта. Разумееш? Не маглі. Гэта выклікала б неймаверную буру і цікавасць амерыканскай разведкі, што зусім недапушчальна, бо апарат нашпігаваны звышсакрэтнымі распрацоўкамі, і, па-словах навукоўцаў, мог выпраменьваць антыгравітацыйнае поле. Ён таму і не разбіўся. Аўтаматыка выканала пасадку з прымяненнем узгаданага антыгравітацыйнага поля. Нідзе ў свеце няма падобнага карабля. Таму нельга нават уявіць, што наш апарат перахопяць у час вучэнняў натаўцы, знойдуць яго першымі. Вось у чым закавыка. Спадарожнікавая разведка паказала падзенне аб’екта на забруджанай тэрыторыі. Высылка самалётаў-разведчыкаў мала што дала на першых парах. Побач з апаратам аварыйны энергаблок і металалом могілак тэхнікі. Безвыходная сітуацыя і поўны цэйтнот. Да пачатку вучэнняў карабель каб і знайшлі, не змаглі б эвакуіраваць ні ў якім разе. Таму наверсе прынялі рашэнне знішчыць аб’ект ракетным ударам. Неабходна было абсалютна дакладнае навядзенне, каб у штабе былі непахісна ўпэўнены, што пілот разгрузіцца менавіта над сакрэтным аб’ектам. Не маглі ж мы заваліць ракетамі ўсю Зону, зразумела. Небяспека існавала страшэнная, побач рэактар. Раптам што, і зноў бы наш мірны атам уся Еўропа крыла б матам, – пажартаваў Стральцоў. – Ты знайшоў аб’ект, бартавая электроніка выявіла наяўнасць чалавека і ўключыла спыненыя раней сістэмы жыццезабеспячэння, на выпраменьванне якіх і навёўся знішчальнік. Адзін стрэл – адна мэта. Зразумеў, герой?
Вацлаў узяў свой кілішак, прыгубіў. Хоць каньяк аказаўся добрым, але Краўцу зрабілася агідна. Паўплывала пачутае.
– А навошта маскарад з тэрарыстамі?
– Гэта не маскарад. Тэрарысты насамрэч запланаваныя ў вучэннях, як запланавана і высадка варожага дэсанту, толькі ў іншым месцы, – генерал павагаўся. – У штабе вырашылі табе нічога не казаць пра карабель. Гэта не я вырашаў, павер. Такая ўстаноўка паступіла зверху – адправіць вопытнага разведчыка на заданне без залішніх тлумачэнняў. Так што, расказаўшы табе ўсё, я парушыў правілы.
– Глупства, – не змаўчаў сяржант.
– Не табе вырашаць! А падзенне шматтоннай аграмадзіны з космасу ў такое небяспечнае месца як Зона не глупства? Таму і засакрэчана, каб не вылезла чыясьці тупасць на паверхню.
Генерал сплюнуў і хлопнуў мясістай далонню па паліраванай паверхні стала.
– Карецей, сяржант. З табою пасля паразмаўляюць органы. Ведаеш сам якія. Хутчэй за ўсё дасі падпіску аб неразгалошанні. І дарэмна пакідаеш армію. Мо перадумаеш?
Кравец меў цвёрдыя намярэнні ў гэтым сэнсе.
– Ну, глядзі сам. Але ж з мяне падарунак, – паабяцаў генерал напрыканцы.