Выбрать главу
* * *

Калі Кравец выйшаў на вуліцу, у душы панавала пустэча.

Святлана выглядала з вакна машыны Вацлава. Усё вакол было дзіўным дзяўчыне. Заўважыўшы сяржанта, яна паматляла рукой. Кравец усміхнуўся ў адказ.

Маладыя байцы Карусь Яблонскі і Андрэй Шмялёў падмяталі плац перад штабам. Карусь раптам перастаў працаваць і ўтапоршчыўся ў Святлану.

– Прыгожая? – раўнуў над вухам сяржант. – Спадабалася?

Грузны Яблонскі спадхапіўся.

– Вінаваты, прабачце, таварыш сяржант!

– Працаваць далей. Двор павінен блішчэць як… – Кравец пашукаў адпаведнае параўнанне. – …Як попка немаўляці! Вярнуся, праверу.

Кравец пакрочыў да машыны, вымаючы на хаду ключы.

– Таварыш сяржант! – паклікаў Яблонскі.

– Што яшчэ? – Вацлаў павярнуўся да радавога.

– У мяне дэжавю.

– Схадзі ў санчасць.

– Не, я маю на ўвазе іншае. Я… – Карусь запнуўся. – Разумееце…

– Валяй смялей, – падбадзёрыў сяржант. – Я сёння добры. Ён чакаў, што яшчэ выдасць малады салдат, які не ўмеў падцягвацца на турніку падчас першага знаёмства. Яблонскі насупіўся.

– У нашай сям’і існуе легенда, як даўным-даўно майго дзядулю ўратаваў невядомы рускі салдат…

– І што? – у Вацлава прачнулася цікавасць.

– Ну… – марудзіў Карусь. – Ведаеце… Дзядуля быў зусім маладым, дакладней, малым хлапчуком. У сямейным бабуліным альбоме захавалася фатаграфія майго дзядулі, дзе ён побач з сястрой сваёй маці, з цёткай. І… Гэта сястра была перакладчыцай у немцаў, потым яна прапала бяз вестак… І…

– І?

– Асоба ў вашым аўтамабілі нібыта сышла з таго архіўнага сямейнага фотаздымка. Нават сукенкі ў іх аднолькавыя. Вось! – нарэшце выгаварыўся радавы.

З хвіліну Вацлаў стаяў моўчкі, узважваў пачутае, падзівіўся ў думках. Невытрымаў і разгагытаўся. Кравец розныя супадзенні бачыў ў жыцці, але такое…

Радавыя спачатку з полахам, а потым зацікаўлена глядзелі і не маглі сцяміць, чым выкліканы смех камандзіра. Вацлаў нарэшце супакоіўся, выцер слёзы.

– З вамі ніколі не здаралася, таварыш сяржант, што бачыш чалавека ўпершыню, і свідруе назойлівая думка, што ты з ім ужо даўно знаёмы? – не адступаўся Карусь.

– Не скажу, Яблонскі. Гэта найвялікшая таямніца.

– Чаму?

– Элементарна. У арміі ўсё сакрэтна, зразумеў? Працуй давай.

Радавы паціснуў плячамі ўслед. Сяржант спыніўся каля машыны, падставіў твар да сонца. Эх, зараз бы ў Крым, на мора. Хопіць з яго арміі, тэрарыстаў, вайны і гітлераўскіх салдат. Жыццё насамрэч такое шчаслівае, калі выкінуць з яго ўсіх генералаў і ваенныя вучэнні.

Ужо за рулём, калі пакідалі тэрыторыю вайсковай часткі, у Вацлава ўзнікла неперадавальная ўпэўненасць – яго прыгоды толькі пачынаюцца. Зону нельга пакінуць, у яе можна толькі аднойчы ўвайсці. І галоўнае, раз дапамога звыш уратавала яго ў Зоне, мо тая самая дапамога выратуе ўвесь свет?

Студзень 2006

Скарпіёны Даўра

…Настане час забыцця. Героі абярнуцца зданямі. І ніхто не прашэпча малітвы нябёсам. Прах далучыцца да праху, а дух – вечнасці.

Невядомы паэт

…Нішто не нова пад сонцам…

Экклезіяст

1

Садал-Суд. Закрытая для палётаў зона. Борт кантрабандысцкага карабля “Неркубус”

“Карабель “Зорка Родаса” – знік без вестак у 2249…”

“Разведшхуна “Адамант” – не вярнулася з гіперпрасторы…”

“Пасажырскі лайнер “Карона Арктура” – не выйшаў на сувязь у 2351. Не выяўлены”.

“Крэйсер “Крабатар” – пакінуў паўднёвыя прычалы Унук-эль-Хайя ў 2559. Больш нікім не сустракаўся”.

“Танкер “Прынцэса Кітана” – знік без вестак з двумя тысячамі тон бетаніна”.

Энцыклапедыя згубленых караблёў змяшчала больш сотні падобных запісаў. Практычна ўсе заканчваліся словамі “знік без вестак”, “не выйшаў на сувязь”, “не выяўлены”.

Зялёныя стужкі камп’ютарных сімвалаў паўзлі ўверх і вымушалі Машана нецярпліва барабаніць пальцамі, выбіваць марш на падлакотніках крэсла. У паўзмроку пілоцкай кабіны найбольшае святло выпраменьвалася пярэднім экранам. І тое, што красавалася на ім у дадзены момант, узрушвала і раздражняла адначасова.

Калі непрачытаных запісаў у даведніку засталося менш дзесяці, Машан прааналізаваў уласныя пачуцці.

Узрушанасць тлумачылася лёгка. Сярод кантрабандыстаў лічылася вялікім шацункам напаткаць карабель, які знік без вестак стагоддзі таму. Машану былі вядомы толькі два падобных выпадкі. Але… На экраны “Неркубуса” выпаўзла штосьці зусім невядомае. Раздражнёнасць Машана дасягнула апагея пад канец энцыклапедыі, калі стала зразумелым, што неапазнаны зоркалёт так і застанецца неапазнаным. Машан сціснуў зубы і глыбока ўздыхнуў.