Выбрать главу

Калі ў кабіну ўваліўся тоўсты Тата Менелай, пілот прамаўчаў. Ад Таты несла півам, і гэта яшчэ больш злавала Машана. Але ён стрымліваў эмоцыі, бо Тата быў капітанам, а “Неркубус” лічыўся адзіным жытлом не толькі Машану, а і ўсім астатнім членам каманды. Тата гучна рыгнуў і плюхнуўся ў другое крэсла.

– Пуста, – патлумачыў Машан, сутыкнуўшыся з нямым пытаннем на капітанскім твары. – Паводле абрысаў, пасудзіна трапілася даваенная. Прыкметы жыцця адсутнічаюць. Ахоўна-баявыя сістэмы невядомыя. Чужой электроннай актыўнасці “Неркубус” не фіксуе.

– Усё? – ускінуў бровы Тата Менелай і скасавурыўся на панэль. Перад прыняццем важнага рашэння ён заўжды хмурыўся. А важнае рашэнне магло быць адным – дэсантавацца на борт таямнічага карабля і вырашаць на месцы, ці вартая аўчына вырабкі. “Неркубус” ужо паўгода лётае ў халастую, без заказаў, рэсурсы амаль на нулі.

Тата нейкі час варушыў бровамі ў роздумах, пасля схіліўся да камлінка.

* * *

Маркіз трэніравалася ў стральбе, правярала зброю, прыдзірліва аглядала кожную дробязь. Выхапіўшы з кабуры на скураных штанах пульсмасавы станер “Беркут”, яна не цэлячыся ўсадзіла абойму у пластыкавую мішэнь. Грукатам заклала вушы. Калі Маркіз арудавала “Беркутам”, вакол уздыблівалася прастора. У экіпажы “Неркубуса” Маркіз лічылася лепшым байцом. Наймітка ўжывіла ў цела мноства імплантаў, адказваючых за рэакцыю, стан арганізма. Асобныя людзі задаваліся пытаннем, колькі чалавечага засталося ў менавіта гэтай жанчыне.

– Трапна страляеш, – заўважыў Машан.

– Ты назіраў роўна тры хвіліны і трыццаць восем секунд.

Машанаў твар набыў кіславатае адценне. Маркіз пачварна выскалілася і перазарадзіла “Беркут”.

– Думаеш, калі схаваўся за спіной, я не бачу?

Пілот абвёў яе позіркам.

– Хацелася б глянуць, дзе хаваецца трэцяе вока.

– Падабаешся ты мне за смеласць. Глядзі не нарвіся. А то…

Яна вытрымала шматзначную паўзу. Жартаваць з Маркіз было небяспечна, усе ведалі.

– А то што? – не вытрымаў Машан.

– Пакажу. Не дасі рады…

Пілот наблізіўся да шафы з арсеналам, адчыніў і доўга выбіраў зброю. Потым выцягнуў магутны станкавы паскаральнік “Арыя”, узважыў у руках.

– Ты пазбаўлены эстэтыкі, – зазначыла Маркіз. – “Арыяй” звычайна скрышаюць планеты.

Машан хацеў агрызнуцца наконт эстэтыкі, але змаўчаў. Да халеры эстэтыку, лупі чым хочацца – “Беркутам”, “Арыяй”. Вынікі пасля аднолькавыя – застаюцца пустата і атамнае смецце.

* * *

У самым дальнім куце “Неркубуса”, рэактарным сектары, ківаўся небарака Весялун Білі. Напяваючы няхітрую песеньку кшталту “Чорнага гругана”, Весялун адчайна намагаўся наладзіць кантроль гіперблокаў. Білі знаходзіўся ў перадапошняй стадыі ап’янення, калі свядомасць недзе яшчэ торгае і кратаецца ў галаве, але цела ўжо напагатове аддацца рэфлексам. Білі свідравалі навязлівыя ідэі. Шэсць месяцаў палёту і беспрабуднага п’янства здзейснілі сваю справу. Весялун Білі пачаў размаўляць з ценем, які назваў Хтосьці.

Спадара Хтосьці акрамя Весялуна больш ніхто не бачыў, але па словах тэхніка, Хтосьці без роздыху сноўдаўся па ўсіх адсеках зоркалёта.

З-за п’янства лёс выкінуў Білі на сметніцу. Аднойчы нябёсы злітваліся і паслалі Весялуну паратунак у асобе Таты Менелая. Капітан здолеў разглядзець мутным вокам у таварышы па захапленні геніяльны інжынерны талент і прапанаваў месца пастаяннага тэхніка на “Неркубусе”. Так былы штурман трансгалактычных лайнераў Уільям Роса, стаўшы бамжом і п’яніцам, пераўтварыўся ў піратакантрабандыста Весялуна Білі.

Увогуле Весялуном яго празвалі з-за дзіўнай звычкі размаўляць з самім сабой і адначасова дуркавата гыгыкаць. Размаўляў і гыгытаў Білі бесперапынна. Ён мог гадзінамі размаўляць з рэактарам, абсталяваннем, уласным адбіткам у люстэрку. Таму ніхто асабліва не здзівіўся з’яўленню на “Неркубусе” Хтосьці – новага члена экіпажа. А паколькі бачыў спадара Хтосьці толькі Весялун Білі, навічку Тата Менелай вырашыў не плаціць, у судавы журнал не заносіць і не ставіць на вахту. Білі спрабаваў уступіцца за сябра, але хутка прыкусіў язык, каб залішні раз не злаваць капітана.

Бранзалет на руцэ Білі варухнуўся і пакрыўся чырвоным свячэннем, зумкнуў камлінк.

– Весялун, – раздалося з бранзалета. – Займі пілотскі адсек і чакайма нас. Мы дэсантуемся.

– Зразумеў, капітан, – выціснуў з сябе тэхнік, пнуў нагой па сценцы рэактарнага кажуха і падаўся на мосцік.

* * *

Чужынец без супраціўлення разблакіраваў уласны стыковачны вузел, быццам запрашаў на вечарынку ў царства ценяў. Маркіз выпраменьвала спакой. Яна крочыла першай.