Выбрать главу

– Адкажы мне шчыра, салдат, – украдлівым тонам вымавіў Кравец. – А як у цябе абстаяць справы з фізічнай падрыхтоўкай?

– Не ведаю, таварыш сяржант. Пакуль ніхто не скардзіўся.

– Пад’ём з пераваротам выканаеш?

– Магу.

– Колькі разоў падцягнешся?

– Пятнаццаць.

– Не брэшаш, салдат?

– Дазвольце…

Навічок скочыў на турнік, дзе нядаўна вісеў напаўзмучаны Яблонскі, адным махам выканаў тры пад’ёмы з пераваротам і пасля падцягнуўся чатырнаццаць разоў. Апошні пятнаццаты раз на палову не дацягнуў і скочыў уніз.

З хлопцаў ніхто не паварушыўся. Усе былі ўражаны. Спрыт навічка падзівіў сяржанта.

– Вучыцеся, – павесялеў Кравец. – Вось такімі я вас параблю за месяц службы. Ты чуеш, Яблонскі? Аддзяленне загагытала.

– Адставіць, – раўнуў сяржант і звярнуўся да радавога Шмялёва.

– Падрыхтоўка выдатная. Дзе навучыўся?

– Рэгулярныя заняткі спортам да службы.

– Выдатна… А ці ёсць у цябе, што я павінен ведаць?

– Ёсць, – пасля паўзы насупіўся навічок.

– Крый Божа, энурэз!?

– Баюся цемнаты, таварыш сяржант. Не магу заснуць без святла.

– Не праблема, – з палёгкай выдыхнуў Кравец і абнадзеіў: – Гэта ў нашай роце вылечваецца хутка. Гарантую, што першыя трое сутак ніхто з вас не засне. Не хопіць часу на сон, байцы.

Кравец адышоўся і скамандаваў:

– Аддзяленне! Вакол часткі два круга бягом марш! Хлопцы без прамядленняў кінуліся выконваць загад.

– Радавы Шмялёў! – паклікаў сяржант. – Адкажы, з якім загадам цябе пасылаў генерал Стральцоў?

– Даставіць сакрэтны пакет у суседні авіяполк. Была чутка, хутка сумесныя вучэнні з натаўцамі. Пачуўшы навіну, Вацлаў глыбока задумаўся.

* * *

Наступнай раніцай прыехаў генерал Стральцоў. Ён доўгі час аб нечым размаўляў з камандзірам роты, пасля чаго ў казарму выклікалі сяржанта Краўца. Не чакаючы добрых вестак, Вацлаў завітаў у кабінет, дзе ўжо сабралася некалькі чалавек з камандавання.

Кравец выцягнуўся смірна і прыкідваў у думках, чым выклікаў увагу генерала.

На стале перад камандзірамі ляжала карта, памечаная чырвонымі кружкамі і квадрацікамі.

– Сяржант. У нас разгортваюцца вучэнні, сумесныя з войскамі НАТА. Сэнс вучэнняў – выпрацаваць зладжаныя мерапрыемствы супраць глабальных тэрарыстычных дзеянняў, – пачаў камандзір роты. – Наколькі ведаюць прысутныя, штогод павялічваецца моц азіяцкіх краін, што вельмі недаспадобы амерыканцам. Нахабныя натаўцы імкнуцца ўсюды панатыкаць свае базы, што ў сваю чаргу недаспадобы нам. Быццам бы ў саюзных краінах адсутнічае ўласная моц, якую можна супрацьпаставіць тэрарыстам.

Сцэнарый гульні наступны: аб’яднаная групіроўка тэрарыстаў “Зялёны сцяг” ідзе на захоп Еўропы. Частка іх арміі захапіла Турцыю, частка заняла Венгрыю з Югаславіяй, Чэхіяй і іншымі, частка засела ў Карпатах.

Ёсць звесткі, перададзеныя знешняй разведкай, што тэрарысты плануюць захапіць чацвёрты энергаблок атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі і з гэтай нагоды пасылаюць дэсантгрупу з некалькіх танкаў, грузавых аўтамашын і баявых машын пяхоты. Наша задача – выявіць групу і знішчыць паветраным ударам. Падрабязнасці растлумачыць таварыш генерал.

Генерал Стральцоў адкашляўся і ўзяў чырвоны маркер.

– Ролю тэрарыстаў па ходу вучэнняў узялі на сябе амерыканцы. Янкі занялі пазіцыі для наступлення вось тут і тут, – генерал пазначыў на карце. – Вось тут знаходзяцца нашы з натаўскімі войскі, якія будуць весці супраціўленне праціўніку. Аперацыя пачынаецца праз суткі. Чацвёрты блок – аб’ект стратэгічны. Амерыканцы баяцца мажлівасці здзяйснення тэракту ў ім, як баіцца і ўся Еўропа. Прынамсі, мы таксама. Наша галоўная справа – не памыліцца. Наконт прыгаданага дэсанта тэхнікі пакуль стаіць пытанне. Разведка магла і даць маху. Але з энергаблокам павінна штосьці здарыцца. Каб яго ўзараваць, дэсант тэхнікі зусім не патрэбны. Мы разлічвалі на паветраны ўдар па блоку. Але гэта адпадае. Супраць нашых і натаўскіх самалётаў тэрарысты не сунуцца. Застаецца мажлівым толькі касмічны ўдар. Якім чынам? Не разумею. Гэта гульня янкі. Верагодна, яны спусцяць што-небудзь зверху, штосьці, здольнае паўплываць на энергаблок. Таму неабходна шукаць не толькі верагодную калону тэхнікі, але яшчэ штосьці незвычайнае, нязвыклае, сам не ведаю што. Але ведаю, гэта павінна адразу кінуцца ўвочы. Зразумела?

– Адсюль, адсюль і адсюль, – генерал пакідаў рысачкі на карце. – Выйдуць разведгрупы сумеснай арміі – нашай і натаўскай. Ім належыць перайсці тэрыторыю праціўніка. Атрымаецца ці не – невядома, таму скажу асноўнае, – Стральцоў абвёў усіх позіркам. – Мы вырашылі пераплюнуць натаўцаў і адправіць нашага чалавека.