Выбрать главу

Калідор ад стыковачнага вузла доўжыўся метраў на сто. Нязваныя госці асцярожна прасоўваліся, азіраючыся па баках, выхопліваючы святлом ліхтароў рэшткі карабельнага інтэр’еру. У Маркіз ліхтар адсутнічаў, бо цудоўна бачыла ў цемры. Машан чуў глухі пошчак сэрца і ўласныя крокі. У канцы калідора са змроку выслізнула камп’ютарная кансоль. Заклапочаны Тата выказаў ідэю гукнуць Весялуна, але Маркіз спыніла капітана рухам і ўзялася раскадзіраваць кансоль самастойна. Калі на мутна-белы экран выплылі надпісы, большасць аказалася на незразумелай мове. Сэнсары ў вачніцах наёмніцы хуценька счыталі загадкавыя сімвалы і пераслалі іх е-мозгу “Неркубуса”, які адразу ж прыступіў да аналізу свежай інфармацыі.

– Справа ад кансолі ёсць панэль кіравання ліфтам, праз які можна трапіць на грузавы і камандны паверхі, – паведаміў неўзабаве е-мозг. – Расшыфроўваю далей. Пачакайце…

Тата Менелай наблізіўся да згаданага месца.

– Гэта вельмі стары даследчыцкі карабель “Тыран”, звесткі аб ім засакрэчаныя, – вярталіся з “Неркубуса” апрацаваныя дадзеныя. – Што карабель нёс даследчыцкія функцыі, пацвярджаецца адсутнасцю ўзбраення там, дзе яно належыць, бо “Тыран” далучаецца да класу лінейных ваенных крэйсераў. Яго пераабсталявалі…

Машан расхваляваўся і парадваўся буйнай здабычы.

– Дзіва, ваенныя не ўключылі сваё судна ў спіс расшукваемых, – прамовіў Тата Менелай.

– З двух адно, капітан, – разважыла наёмніца. – Або адказныя асобы не зацікаўлены, каб карабель знайшлі, або занесці ў спіс яшчэ не паспелі. Апошняе горш, яно значыць, што мы памыліліся, і зоркалёт насамрэч страчаны нядаўна. Існуе верагоднасць, што ваенныя будуць шукаць “Тыран” і нам мажліва нездабраваць.

– У такім выпадку, дзе трупы? Што здарылася з экіпажам?

– Верагодна, карабель скарыстаны ў якасьці кантэйнера для перавозкі непазначанага грузу, – уставіўся сваёй чаргой е-мозг. – Настолькі небяспечнага, што людзям тут нечага рабіць. Аналізую далейшыя звесткі.

– Галоўнае, мы першымі напаткалі судна. Адбрэшамся, калі што, – запэўніў Тата Менелай, і ні ў каго не з’явілася жадання ўдакладняць значэння “калі што”. – Хто смелы першым завітаць на камандны ўзровень?

Само сабой, першай вызвалася Маркіз. І недарэмна. Камандны ўзровень ахоўвала блакада лазер-кантроля, справіцца з якой магла толькі нашпігаваная імплантамі наёмніца.

– Адсутнічаюць намёкі на экстранную эвакуацыю, – заўважыла яна, хутка агледзеўшы пакой, дзе апынуліся ўсе трое.

– Нельга знайсці святло? – пацікавіўся капітан.

– Праблемы з забеспячэннем, – прыйшло з “Неркубуса”. – Я разгледзеў схему сілкавання чужынца. Рэзервовыя галіны рэактара завязаныя на грузавым паверсе. Там штосьці ёсць.

– Як наш Весялун? – спытаў Тата.

– Не сплю. Сачу за вамі.

– Малайчына. Спадар “Хтосьці” побач? Весялун прамаўчаў. – Маркіз, спрабуй выявіць тэрмінал даследчыка, – папрасіў “Неркубус” і патлумачыў. – Трэба ўбачыць суднавы журнал і высветліць груз.

– Ужо шукаю.

Пакуль Тата і Машан высвечвалі ліхтарамі шматколькасныя рубкі, адсекі ды прыборныя панелі, Маркіз прывідам дабралася да капітанскага мосціка, аб чым не памарудзіла ўголас паведаміць.

– Здаецца, я знайшла нейкія запісы. Капітан і пілот паспяшаліся да жанчыны. Тата Менелай пакляўся аднойчы ўжывіць сабе прыбор начнога бачання.

“Зорка Садал-Мелік. Сёння “Тыран” выявіў месцазнаходжанне планеты, назву якой нават нельга ўносіць у вахцены журнал у мэтах павышанай сакрэтнасці. Нам пашчасціла натрапіць на старажытны артэфакт. Ён памешчаны ў чатырнаццатую зону трума пад надзейную ахову. Вядучы афіцэр медыцыны выявіў загадкавае выпраменьванне, якое ішло з аб’екта, і памясціў знаходку ў керамічны спецкантэйнер, здольны гасіць хвалі. У сектары зоркі Садал-Суд атрымана прадпісанне пакінуць борт “Тырана”. Ёсць пагалоска, што артэфакт пяройдзе пад канчатковы кантроль ваенных сіл Федэрацыі Альфарда”.

На гэтым запіс абрываўся, астатнія дадзеныя ў журнале былі безнадзейна сапсаванымі. Капітан узважыў сітуацыю.

– Прыгаданы Садал-Мелік – касмічныя могілкі. Трыццаць восем мёртвых планет вакол гіганцкай зоркі, – растлумачыла Маркіз і нечакана дадала: – Я там ваявала да знаёмства з вамі, капітан.

Машан здзівіўся. Нішто сабе. Наёмніца бліснула вачамі ў цемры.

– Значыць нам у грузавы адсек, за артэфактам. – Тата Менелай звярнуўся да е-мозга. – “Неркубус”, што там за схема абароны на чатырнаццатым труме?

– Ужо працую. Не лічу яе сур’ёзнай, капітан. Маё начынне навей “Тырана”.