Выбрать главу

– Хадзем, – запрасіў капітан.

* * *

– У мяне кепскія прадчуванні, – прашаптаў пад нос Весялун. – Рэактар “Неркубуса” рэзануе… з-за падпрасторавых хваляванняў.

– Вы незадаволены маім станам? – удакладніў е-мозг.

– Крышачку.

– Мае сэнсары не адчуваюць пагрозы.

– Адчуваюць душой, а не сэнсарамі, разумееш?

– Растлумачце тэрмін “душа”.

– Вось гэта нельга, жалезная ты шклянка, – абурыўся Весялун. – Душа зусім не тэрмін. Яна або ёсць, або яе няма, і ўсё тлумачэнне.

Ён дастаў з кішэні паштоўку з выявай агромністага поля, засеянага чырвонымі макамі пад бяскрайнім нябесным прадоннем. З такой моцай захацелася панюхаць чырвоныя макі, што аж заказытала ў носе, і Весялун чхнуў. Пасля заплюшчыў вочы. Свядомасць злілася з абвостранымі пачуццямі. У роце знік гаркаваты прысмак абсэнту. Па караблю гуляе Хтосьці. Ён сэрца і душа карабля. Весялун – мост паміж душой і е-мозгам. Ён здольны растаяць у прасторы і зірнуць за край. Што ж ён там убачыць?..

Убачанае вымусіла імгненна прачнуцца. У іх галактычным сектары матэрыялізаваўся з гіпердрайва неідэнтыфікаваны карабель. Сэнсары піратскага судна належным чынам узважылі прыхадня, вылічылі вектар, ацанілі ўзбраенне, вылузнуўшае па абодва барты, і е-мозг трывожна загудзеў: – Кантакт з ваенным крэйсерам G-класу, пагроза. Рэкамендую хуткую эвакуацыю.

Тым часам кантрабандысты гадалі, якім чынам узламаць сістэму аховы чатырнаццатага трума.

– У нас нечаканы госць, – гучна прамовіў Весялун.

З камлінка пачулася лаянка капітана. Пры выпадку Тата Менелай мацюкаўся на сарака васьмі галактычных мовах.

– Думай, е-мозг! – зароў Тата Менелай і прыклаў гучнае зямное прыслоўе, што вымушае чырванець сціплых жанчын.

Е-мозг не дапаможа, здагадаўся пахмурны Весялун.

Ён ізноў заплюшчыў вочы. Рэчышча думак заструменілася вакол уранавых касет рэактара. І Весялун Білі, намацаўшы нітачкі прычынных сувязей, раптоўна ўбачыў Шлях.

На Шляху паказаўся Хтосьці, ён растлумачыў вырашэнне праблемы…

Крэйсер хутка набліжаўся. Камп’ютарнага начыння “Неркубуса” не ставала ў поўнай меры прааналізаваць становішча. Е-мозг разрываўся паміж двума заданнямі: узломам трума і вылічэннем сітуацыі з прыхаднем. У глыбіні сэрца Маркіз прарасло зерне панікі. Рэч, за якую ўсе тут рызыкавалі жыццём, заставалася недасягальнай.

“Неапазнаны борт. Паведамляе камандзір крэйсера “Металіка” ўзброеных сіл Федэрацыі Альфарда. Вы знаходзіцеся ў забароненай для палётаў зоне. Перайдзіце ў нейтральны рэжым, здыміце шчыты абароны і падрыхтуйцеся да стыкоўкі…”

Тата Менелай наліўся чырванню.

– Дваццаць восем хвілін да крытычнага збліжэння з праціўнікам, – выдаваў абыякавы е-мозг. – Праз адзінаццаць хвілін ён выйдзе на дыстанцыю першаснай атакі.

– Ваенныя вярнуліся за згубленай цацкай, – Машан перадзёрнуў затвор “Арыі”.

– Без панікі, – загадаў капітан. – “Неркубус”, выкажы довады?

– Рэкамендую хуткую эвакуацыю. У нас дзесяць хвілін, каб стартаваць у экстранным рэжыме.

– Крэйсер “Металіка” здольны дацягнуцца да нас праз гіперпрастору?

– З верагоднасцю пяцьдзясят адзін працэнт. Ваенныя зоркалёты G-класа абсталяваны належнымі сканерамі.

Керамічны кантэйнер з артэфактам знаходзіўся ў сямі кроках, аперазаны густымі лініямі святла, паміж якімі ўспыхвалі фіялетавыя бліскавіцы. Лунаў рэзкі пах азону.

– Капітан, я бачу выйсце з сітуацыі, – быццам з замагілля данёсся голас Весялуна. – Я на хвіліну выключу е-мозг і вазьму на сябе поўны кантроль кіраваннем. Сілавы вузел чатырнаццатага трума харчуецца рэактарам “Тырана”. Я ініцыірую дысананс актыўнай зоны. Сэрца “Тырана” пяройдзе ў крытычны рэжым і ахоўнаабарончая схема павінна растаяць. Застанецца роўна чатыры хвіліны, каб зрабіць лататы.

– “Тыран” выбухне?

– Гэта адзіны спосаб дабрацца да артэфакта.

– Капітан, за знішчэнне карабля Федэрацыі за нашыя галовы назначаць такую ўзнагароду, што мы навечна не зможам наблізіцца да любой цывілізаванай сістэмы, – падказаў Машан.

– Весялун малайчына, капітан, – наёмніца павярнулася да Таты. – Успышка “Тырана” вытра наш інверсійны след у гіперпрасторы і саб’е з тропу ваяк на крэйсеры.

Тата Менелай без лішніх роздумаў прыняў хуткае рашэнне.

– Адной узнагародай больш, адной менш. Не ўпершыню, – сказаў ён. – Весялун, давай!..

…Калі немаленькіх памераў “Тыран” пераўтварыўся ў ядзерны шар перад самым носам ваенных, рухавік “Неркубуса” паглынаў за мілую душу крытычны запас паліва і намотваў светлавыя гады гіпердрайва.

Кантэйнер з артэфактам пакоіўся на круглым стале ў цэнтры кают-кампаніі, дзе сабраўся экіпаж. Параіўшыся, вырашылі да пары пакінуць рэч пад наглядам Весялуна ў рэактарным сектары. Расчулены Весялун прасмаркаўся пасля ўдзячнай прамовы Таты і падаўся ў дальні кут да сваіх прыстасаванняў.