Выбрать главу

Капітан звярнуўся да Маркіз:

– Цяпер дацяміла, за што я трымаю на борце гэтага п’янічку?

2

Альфард. Ваенная база Федэрацыі

Палкоўнік Айсфікс піў маланіянскую гарбату і смактаў цыгару. Перад ім на стале ляжала перачытаная два разы справаздача, а насупраць сядзеў памочнік консула Міршабскага пасольства Мафруз, які ўпарта чакаў адказаў на казытлівыя для Айсфікса пытанні. Памочнік консула таксама меў званне палкоўніка. І гэта адзінае, што яднала спецыялістаў варагуючых спецслужб на пачатку размовы.

– Вар’яцтва, – падкрэсліў Айсфікс, паматляўшы ў паветры паперкай. – Ваенны карабель Альфарда не мог атакаваць мірны сухагруз Міршаба ў сектары Садал-Суд. Хлусня. “Тыран” зафрахтаваны незалежнай кампаніяй “Сайрус”, з якой у Федэрацыі кантракт.

Вусны Мафруза пад кручкаватым сухім носам сціснуліся ў дзве нітачкі.

– Калега, Міршаб таксама мае кантракты з “Сайрусам”. Менавіта па загаду Міршаба “Тыран” вёў доследы ў раёне зоркі Садал-Суд. Нечакана з ніадкуль вынырнуў крэйсер “Металіка” і спапяліў зоркалёт. Афіцыйная нота пратэсту вашаму прэзідэнту падрыхтавана і знаходзіцца зараз у консула. Пахне канфліктам і сур’ёзнымі санкцыямі.

Айсфікс выпхнуў хмару шызага дыму. Сітуацыя вельмі не спадабалася. Вынікала, што за альфардскай аперацыяй па перахопе сакрэтнага груза на борце “Тырана” неўпрыкмет сачыла міршабская разведка. Пракалоўся, спадар Айсфікс.

– Вы маеце доказы, што менавіта “Металіка” пачала страляць першай?

– Злітуйцеся, палкоўнік. З двух караблёў узброенным аказаўся толькі ваш крэйсер. “Тыран” нават не мог абараняцца. Ці трэба доказы?

Айсфікс узважваў кожнае слова, якое збіраўся вымавіць. Пайсці зараз супраць памочніка консула – няйнакш нота пратэсту трапіць на стол прэзідэнта Федэрацыі Альфарда, і тады, самае меншае, Айсфікса справадзяць на пенсію па стане здароўя. Не, міршабскага палкоўніка трэба задобрыць. Хітра прыдумаў пан Мафруз, ведаў, што Айсфікс дабравольна не падзеліцца прычынай цікавасці да распрацовак “Сайруса”, таму і закінуў вуду з нотай пратэсту. Толькі мы чхалі на пратэст. Мы можам і выкруціцца. Ведаць бы яшчэ, што насамрэч здарылася на “Тыране”…

– Пан Мафруз. У мяне ёсць сур’ёзныя доказы невіноўнасці флота Федэрацыі. Магу прад’явіць запісы з “Металікі”. У апошні момант перад выбухам ад “Тырана” адстыкаваўся неідэнтыфікаваны карабель. Ён імгненна растаяў у гіперпрасторы. Факт: “Тыран” быў знішчаны пасля расстыкоўкі з невядомым госцем. Камандзір “Металікі” спрабаваў спыніць чужынца. На жаль, беспаспяхова. Так што спаліце ваш пратэст у атамнай печы і не ганьбіце свайго імператара.

У паветры павісла паўза.

– Вось бачыце, пан Мафруз, нічыя. Адзін-адзін. А цяпер давайце па шчырасці: што вымусіла вас завітаць сюды? У рэшце, ад міршабскага пасольства да базы Федэрацыі шлях няблізкі.

“Зараз усё і вырашыцца”, – падумаў Айсфікс. Мафруз зручней уладкаваўся ў высокім скураным крэсле.

– Дамовіліся, буду шчырым. Мне вядома, што даследчыкам “Сайруса” атрымалася раскапаць на адной з планет Садал-Меліка вельмі старажытны артэфакт, больш вядомы пад назвай Грааль, і гібель “Тырана” мае дачыненне да артэфакта.

– Вы ведаеце больш, чым я меркаваў, – перабіў Айсфікс.

– У нашай прафесіі гэта не дзіва. Дзесяць гадоў таму артэфакт стаў прычынай вайны паміж Садал-Мелікам і Тамаш-ас-Шугам, – твар Мафруза набыў выраз захопленага апавядальніка.

– Я ў курсе спраў.

– Вынікі канфлікту вам вядомыя. Зараз сістэма СадалМелік уяўляе сабой трыццаць восем мёртвых планет, а Тамаш-ас-Шуг – астываючае чырвонае сонца і свет заняпаду. Перамог, зразумела, Тамаш. Пірава перамога. Артэфакт, здавалася, быў назаўсёды страчаным. Ён ужо тады прыцягваў увагу нашых разведак. Вам знаёма гісторыя Грааля?

– Тое-сёе… Прынамсі, у дробязі не ўнікаў.

– Чатырыста гадоў таму артэфакт быў прывезены ў Галактыку вандроўнікамі Даўра, эфемерная раса не падавала прызнакаў жыцця тысячу гадоў. Даўр вярнуўся спецыяльна, каб пакінуць Грааль у зорнай сістэме РасАльхаг. Артэфакту ўласціва звышнатуральнае: неабсяжная субквантавая энергія – раз, уплыў на час і матэрыю – два, уздзеянне на псіхіку чалавека – тры.

– Нездарма пасля вайны ад Садал-Меліка амаль нічога не засталося. Столькі планет спалена жыўцом, – уставіў альфардзіянін.

– Ну, планеты спалены зусім не Граалем, і вам гэта вельмі добра вядома.