Выбрать главу

Звычайна п’яны, вечна з бутэлькай сівой гары Весялун, які ледзь караскаўся па караблю, несупынна гутарыў са зданямі і жыў на мяжы бяспамяцтва, зараз выглядаў цвярозей немаўляці, з выразам агіды даставаў са спратаў бутэлькі і выплёскваў іх змест у высокатэмпературную плазму рэактара.

– Ты часам на здурнеў? – Здолела вымавіць Маркіз.

– Столькі сіл змарнавана. Жонку кінуў, сям’ю, касмалёты, – Весялун усхліпнуў. – Я гадамі не пакідаў палуб трансгалактычных лайнераў. Меў кубак лепшага штурмана кампаніі. Збіраўся на пенсіі набыць домік на курортнай планеце. Хто я цяпер? П’яніца, злодзей… Скаціўся нібы сволач, звязаўся з бандытамі!

Ён паматляў кулаком, выхапіў чарговы буталь і скіраваў мутна-зялёную вадкасць у зеўру прыёмніка матэрыі.

– Кідаю. Палай яно ўльтрафіялетам, – шаптаў Весялун. – На першай жа планеце папрашу разлік у капітана. Хопіць з мяне. Няма Весялуна Білі, мяне завуць Уільям Роса!

Бранзалет камлінка на руцэ ўражанай наёмніцы заторгаў агеньчыкам, і пачуўся голас пілота.

– Маркіз, з табою ўсё ў парадку?

– Я ў тэхнічным адсеку. Назіраю ў Весялуна востры прыступ хваробы цвярозасці. Неверагодна.

– Пакінь Весялуна, – папрасіў расхваляваны Машан. – Рухай на мосцік. У капітана дах ірвецца.

– Зразумела. Зараз буду. Маркіз шпарка пакрочыла, забыўшыся на прычыну, прывёўшую яе ў рэактарны сектар.

Тата Менелай панура сядзеў у фатэлі і спавядаўся інфармацыйнаму крышталіку. “Карабель мы ўкралі адразу. Камандачка падабралася выдатная. Я пераканаў кока насыпаць у харч атруты, потым за месяц у палёце “Чорная фіялка” пратухла трупяным смуродам, затое карабель стаў мой, і я выгадна прадаў яго на чорных рынках Матара. Потым прасадзіў усе грошы ў каралеўскі покер ды страціў на блудніц Свалі Амундсэна. У сектары зоркі Нут я два гады перавозіў цюкі з маланіянскімі каноплямі ды адстрэльваўся ад касмапола, потым пашчасціла выгадна перапрадаць караван апраметнага тытуню, які нюхаюць на Унук-эль-Хайя. Грошы я раздзяліў, частку пракуціў, за другую частку набыў “Неркубус” ды прыняўся піраціць паціху. Маё жыццё напоўнена хаосам і пустэчай. Божа светлых нябёс і Сусвету, як мне сорамна… Я дыктую гэта пасланне як жэст добрай волі перад космаполам. Я прынёс мноства пакут грамадству і хачу быць ізаляваным. Я дрэнны чалавек і пасрэдны капітан…”

Тата Менелай закрыў твар рукамі і горка заплакаў. Крышталік няўмольна фіксаваў усе рухі і енкі гаспадара пірацкага судна.

– Я знайшоў Тату ў роспачы.

Маркіз правяла далонню перад татавымі вачамі, бесцырымонна патузала за каўнер і штурханула ўбок. Нуль увагі ў адказ. Капітан працягваў пералічаць грахі: свае і чужыя. Сваіх прыгадвалася больш.

– На многа тут? – Маркіз узяла крышталік.

– Мінімум тры пажыццёвых і два расстрэлы.

Капітан закаціў вочы і пачаў разгойдвацца. Голас павольна пераўтвараўся ў шэпат, потым сціх зусім. Тату Менелая ахапіў ступар.

– Машан, што ты мяркуеш?

– Тата звар’яцеў вельмі не да месца.

– Нам дастанецца большая доля за артэфакт.

– Весялун Білі як?

– Той жа дыягназ. Абсалютна крытычныя адносіны да жыцця.

– Перад прыступам Тата праклаў курс на Аль-Мідрах да знаёмага падпольнага стар’ёўшчыка.

– Гэта ў якога вялізны чырвоны нос? Памятаю. Маркіз уздыхнула і паглядзела на Машана.

– Падаб’ем вынікі. На борце два вар’яты і груз невядомай каштоўнасці.

– Дадай яшчэ мажлівы хвост у выглядзе крэйсера Федэрацыі.

– Думаеш, ідуць следам?

– Перакананы, на “Металіцы” ўжо пралічылі след нашага гіпердрайва.

– Значыць, ляцім на Аль-Мідрах. Дай знак, калі выскачым з гіпера.

Маркіз развярнулася і пакрочыла да сваёй каюты. Шчыльна зачыніла за сабой дзверы, прысела на ложак. Прасканавала імплантанты ног. Пакет з разавай дозай стымулянтаў ляжаў на ложку побач. Жанчына ўзяла яго, сціснула.

– Маркіз, – паклікаў е-мозг. – Я пралічыў ступень іянізацыі паветра, паводзіны экіпажа і выпраменьванне аб’екта ў тэхнічным адсеку. Нестандартныя паводзіны капітана і тэхніка абумоўлены пакуль незразумелым псіхічным уплывам.

– Ступень сур’ёзнасці?

– Невядома. Рэкамендую хутчэй пазбавіцца ад згаданага аб’екту.

Маркіз упрыснула ў вену дозу стымулянта. Мільганула думка: артэфакт уплывае і на яе. Інакш чаму прачнулася падсвядомасць і абудзіла сцертае імя Бадр-аль-Будур, якое спараджае сполах? Цікава ведаць, ці адчувае ўплыў на псіхіку Машан?

4

Сектар Аль-Мідрах. Адна з маланаселеных планет

Галактычнага сутэнёра Свалі Амундсэна празвалі Чырвоным Ліхтаром з-за вялізнай барвовага колеру сліўкі, што месцілася на твары бандыта. Упрыгожванне дасталася Свалі пасля небяспечнага пацалунку з сірыянскім тэр’ерам у турме на Сахабе. Раней Свалі займаўся буйнымі справамі, кантраляваў рэкет у шматзаселеных планетарных зонах Альфарда. Перажыўшы некалькі няўдалых замахаў на жыццё з боку паплечнікаў, Свалі вырашыў заняцца іншымі справамі і спакойна сустрэць старасць.