Выбрать главу

Пілот праігнараваў пытанне. Пасля зацягнутай паўзы ў галаве Маркіз раптоўна выспеў цудоўны план як абтрэсці рукі ад напарніка.

Вакол Свалі білі маланкі, мафіёзі нагадваў чорную хмару.

– З гіперпрасторы толькі што вылупіўся крэйсер Федэрацыі “Металіка”, які ўзяў пад прыцэл планету і выдаў ураду ультыматум: у бліжэйшыя шэсць гадзін адлавіць і выдаць дзяржаўных злачынцаў. Паліцыя апантана працэджвае спіс нядаўніх субарбітальных пасадак. Хутка дойдзе да вас!

Злы Чырвоны Ліхтар прыняўся хадзіць кругамі па гасціннай, крычаць і размахваць рукамі.

– Ідыёты! Тройчы дурні! Дзе ваш розум? Мяне падставілі. Зараз, каб засцерагчыся ад праблем, я абавязаны вас здаць. Вы разумееце?

Ён раптам разгублена спыніўся, падумаў і зноў прыняўся бегаць па пакою.

– Не, гэта ні ў якія рамкі. Стары воўк Менелай не падставіў бы сябра. Падумаць, флот Федэрацыі! Чаму не паведамілі пра ваенны крэйсер на хвасце?

Раптоўная здагадка спыніла буйства Свалі.

– Дык усё з-за артэфакта… Самі вы сто гадоў не патрэбны ваенным. Свалі плюхнуўся ў крэсла, адправіў з кішэні жменю пігулак у рот і нарэшце супакоіўся.

Маркіз толькі гэтага чакала. Выхапіла адкульсці сторазрадны голкапісталет памерамі з дзіцячую далонь. Ціхі шквал атрутных голак вырваўся роем з храмаванай рулькі і ўпяўся ў калені Машана. Пілот знячэўку вохкнуў і торбай зваліўся на тлусты дывановы ворс.

Свалі не ставала часу паспець зрэагаваць, як з усіх бакоў гасцёўні выскачылі ахоўнікі і наставілі зброю на Маркіз. Сфера паралізатара адключыла дамскі шпалер. Наёмніца выпусціла непатрэбную рэч з рукі.

– Прапаную альтэрнатыву. Ты здасі паліцыі пілота і напляцеш казку пра мой нечаканы пабег. Лады? – спытала яна.

– Але ж… – Свалі ачомаўся. – Няма перашкод здаць і цябе.

– Артэфакт. Паліцыя канфіскуе рэч і перадасць флоту, мы застанемся з носам.

– Маркіз, ты пачвара, – праенчыў паранены Машан. Наёмніца наблізілася да скурчанага цела.

– Я – сцярвозная пачвара, – удакладніла яна.

– Мне мроілася, вы заадно, – заўважыў крыху разгублены Чырвоны Ліхтар.

– Бізнес ёсць бізнес. Мафіёзі недаверліва гмыкнуў.

– Што вядома пра нашу знаходку? – папытала наёмніца з мэтай фарсіраваць працэс перамоў.

– Прадаць артэфакт – задачка складаная, – Свалі пашкрэб чырвоны нос. – Рэч належыць каралям Рас-Альхага, і ў Галактыцы яе ніхто не купіць. Небяспечна. Артэфакт быў украдзены і скарыстаны ў брудных інтрыжках вайны СадалМеліка. Падрабязнасцей не даведаўся. Насцярожвае факт: названы аб’ект расшукваецца ўсімі спецслужбамі Сусвету…

– Я адпраўлюся на Рас-Альхаг, – запэўніла Маркіз.

– І рызыкуеш згубіць галаву, Рас-Альхаг закрытая тэрыторыя, адтуль ужо чатырыста гадоў не паступае звестак.

– Трэба ж камусьці быць першапраходцам.

– Фліртуеш з агнём, Маркіз. Не апячыся, – павучальна папярэдзіў мафіёзі.

– Такая ўжо наша прафесія, шаноўны Свалі.

– Эх, моладзь… – ён ляснуў далонню па падлакотніку крэсла. – Карацей, з павагі да састарэлага ваўка я адпушчу цябе. Драпай хоць на край свету. Нават стрэлю ўслед… міма. І галоўнае, калі ўцалееш, не забудзь пра трыццаць працэнтаў.

– Ты заўсёды радаваў мяне, настаўнік.

Нечаканы выраз збянтэжыў сутэнёра, і ён апусціў долу вочы.

5

“Дыяклетыан” – міршабскі карабель-рэзідэнцыя палкоўніка бяспекі Мафруза

Айсфікс прыляцеў у асабістым чаўне інкогніта. Серабрыста-чорны шаттл зайшоў у док, і хутка пад эскортам кіберсалдат палкоўнік крочыў па бясконцых калідорах у апартаменты Мафруза. На ўваходзе эскорт застаўся, а альфардзіянін завітаў у кабінет.

Мафруз павітаўся, і жэстам прапанаваў госцю прысесці.

– Мы памяняліся ралямі, Айсфікс. Спачатку я да вас на паклон, цяпер вы.

– Пакінем фармальнасці. Над намі абаімі павісла пагроза, – Айсфікс паклаў перад палкоўнікам галаграфічны здымак.

– Вам знаёма асоба жанчыны на здымку?

– Вельмі цікава, – расцягваючы словы, мовіў адразу пазмрачнелы міршабец. – Дзе ж вы навучыліся так прыгожа здымаць?

– На адной з планет Аль-Мідраха, куды прывяла сцежка ад знішчанага “Тырана”, – хутка гаварыў Айсфікс. – Асоба на здымку жанчына-ваяр, наёмніца Маркіз. Працуе на піратаў-кантрабандыстаў. Але ж вам вядома яе іншае імя, сапраўднае.

– Глена-бен-Раш. – выдыхнуў Мафруз. – Целаахоўніца нябожчыцы прынцэсы Бадр-аль-Будур, храніцелькі Грааля. Мы лічылі яе мёртвай пасля ўкусу даўрскага скарпіёна пад час бойкі з легіёнамі Яраміра на Садал-Меліку. Потым пацвердзіліся звесткі, што Глена жывая. Усе дзесяць гадоў яна ў вышуку як ускосная віноўніца гібелі трыццаці васьмі планет!