– У першую чаргу Рас-Альхаг спытае з вашай галавы, Айсфікс.
– А потым ужо і з вашай, не забывайце.
Агаломшаны Мафруз узяўся за грудзі: – Вы падкупілі целаахоўніцу прынцэсы-храніцелькі Грааля, зорнай чысціні, звар’яцець!.. Як атрымалася?
– Іўды часам трапляюцца і сярод райскіх служкаў. Зараз важна іншае. Чаму Глена-бен-Раш вязе Грааль назад на Рас-Альхаг? Мажліва інфармацыяй пра нашу агульную ролю ў мінулым канфлікце і вернутым Граалем былая целаахоўніца спадзяецца зарабіць дараванне мінулых грахоў. Рэакцыя Рас-Альхага на падобныя звесткі непрадказальная.
– Канечне, – згадзіўся Мафруз. – Нам тады ўсім нездабраваць. Пачакайце, хіба наёмніцы не сціралі памяць?
– Сціралі. Ды, відаць, не дапамагло.
– Што прапануеце, палкоўнік?
– Перахапіць Глену. Працаваць самім. Захаваць поўную сакрэтнасць аперацыі.
– Прыгадаем маладосць, Айсфікс? Можна адно пытанне: адкуль вядомы намеры Глены-бен-Раш?
– Агент былы паведаміў, Свалі Чырвоны Ліхтар.
– Свалі ваш стукач? Чаму былы?
– Застраліўся бядак. Здурнеў на старасць. Адправіўся ў бліжэйшы паліцэйскі пастарунак і як на духу выклаў усё сваё жыццё. Як стаў рэкецірам, потым сутэнёрам, колькі чалавек забіў і грошай украў. Распавёў пра таямніцы чорнага бізнесу, узгадаў калег-падзельнічкаў, распісаў схему гандлю кантрабандай, выклаў справы бандытаў. Напрыканцы намаляваў план абароны свайго ўмацаванага палаца-крэпасці, аб’явіў сябе злодзеем, недастойным жыцця, і, абліваючыся слязьмі, застрэліўся прама на вачах абалдзеўшай паліцыі. Вось як бывае. Адметная рыса: за свае паслугі Свалі Чырвоны Ліхтар заўсёды прасіў трыццаць працэнтаў. Фіксаваная стаўка, ні больш, ні меньш.
– Насамрэч так. Маёй службе ён часам здаваў вас. Таксама за трыццаць срэбранікаў.
Змрочна паглядзеўшы адзін на другога, Мафруз і Айсфікс уголас разгагыталіся.
6
Глыбокі космас
Праз сем дзён уцёкаў “Неркубус” нарэшце перасёк галоўныя транспартныя калідоры і лёг на курс да сістэмы Бенетташ, самай акрайняй на паўночных прасторах Галактыкі, далей зеўрала прорва, дзе ледзь бачнымі каляровымі кропачкамі іскрыліся далёкія зоркі каралеўства Рас-Альхаг. Е-мозг трывожна папярэдзіў аб заканчэнні паліва, і Маркіз павярнула карабель да адзінокай планеты сектара.
– Маркіз, мне зусім недаспадобы наяўнасць на борце ТАГО прадмета, – абурыўся е-мозг, чым паставіў жанчыну ў тупік.
– Калі ты спіш, я фіксую вакол цябе ўсплеск псіхічнага поля. Яно рэзаніруе з прадметам і выклікае нечаканую рэакцыю.
– У чым заключаецца нечаканасць?
– Артэфакт сінтэзуе квазіматэрыю, больш устойлівую з кожным разам. У момант адпачынку, калі ты ў рэлаксічнай коме і воля не кіруецца самасвядомасцю, мае сканеры фіксуюць завышаную актыўнасць падкоркі твайго мозгу. Яна вельмі дэсануе з выпраменьваннем артэфакта, чым каталізуе ягоную рэакцыю. Ён нібыта ўдзячна адказвае на твае псіхічныя хвалі.
– Можна прасцей? – у голасе наёмніцы пачулася раздражнёнасць.
– Калі ласка. Я схіляюся цалкам да адзінай высновы, прадмет матэрыялізуе твае сны. Прасцей, па караблю пачалі блукаць здані. Таму я настойліва раю хутчэй пазбавіцца ад грузу.
Маркіз прайшлася па адсеку кіравання, абдумваючы адкрыццё Неркубуса, села ў пілоцкае крэсла і адказала:
– Не вельмі цямлю, але парада адпавядае маім намерам. Мы хутка пазбавімся ад прадмета.
– Лепей зараз жа выкінуць рэч у адкрыты космас, пакуль не надарылася бяды.
Здаецца, Неркубус меў больш сур’ёзныя высновы наконт артэфакта, чым лічыла Маркіз.
– У чым праблема? – спытала яна. – Здані і ёсць здані, хай сабе блукаюць.
І пра сябе адзначыла, што дзякуючы падобнай уласцівасці кошт артэфакта толькі падымецца.
– Здані ў дадзеным выпадку штораз набываюць больш матэрыяльную форму. Што, калі табе прысніцца атамны выбух, і артэфакту закарціць матэрыялізаваць відовішча?
Наёмніца прамаўчала. Яна раптоўна адчула боязь перад далёкім мінулым, якое неўзабаве можа матэрыялізавацца прама тут, на палубе “Неркубуса”. Не, падобнае неверагодна.
– Не хвалюйся, выбух не здарыцца, – запэўніла яна.
– У Бенетташ наркатычнае паветра. Рэкамендую без
“намордніка” не пакідаць борт. Наморднікам называлі дыхальную маску.
– Прынята.
Маркіз вырашыла начаваць у крэсле пілота, каб не прапусціць кропку зыхода з трасы. Сэнсары сведчылі высокую ступень іянізацыі паветра. Наёмніца не спала, напаўляжала на адкідной спінцы, утапоршчыўшыся ў адну кропку пад столлю, і слухала цішыню. Карціла хутчэй усё закончыць, заправіць карабель на Бенетташ, сплавіць артэфакт за кругленькую суму. Потым каціся ўсё…