Выбрать главу

Нягледзячы на амаль сцертую памяць, Маркіз грызла навязлівая думка, што, пачынаючы з вайны, яна бяжыць ад уласнай існасці, пакінутай пад накрывам смяротнай ночы Садал-Меліка. Існасці, якая апошнім часам прачынаецца ўсё часцей і грукае ў дзверы свядомасці, прагне выкараскацца на паверхню. І залпы стымулянтаў павольна губляюць эфект.

Наёмніца ператрасала наплыўшыя думкі, неўзабаве насунулася забыццё.

…Прачнулася Маркіз ад гулкіх крокаў. Сэрца ёкнула, вымусіла спахапіцца. Маркіз ліхаманкава выскачыла ў калідор.

– Неркубус! Е-мозг не адгукнуўся.

Наёмніца ўзяла з суседняга крэсла “Беркут”, выставіла максімальную моцнасць і прынялася аглядаць карабельныя памяшканні. Крокі чуліся з боку тэхнічнага сектара, дзе нядаўна да Весялуна завітвалі п’яныя здані. Маркіз крадком пасунулася да дзвярэй адсека. Крокі на тым баку сціхлі. Жанчына пачакала, дакранулася свабоднай далонню да ручкі замка, трымаючы зброю напагатове. Быццам з замагілля, з крыніц паўзмроку, аддаючыся рэхам па караблю, раздаўся голас з-за дзвярэй:

– Глена… Імпланты ног наліліся свінцовым цяжарам.

– Глена… – паўтарылася з тэхнічнага адсеку.

Наёмніца перахапіла дыханне, рэзка адчыніла дзверы і наставіла ўперад станер. Бледнафосфарнае ззянне зыходзіла з нішы, дзе пакоіўся ў керамічным кубе артэфакт, яно кісялём расцякалася па адсеку і запаўняла свабодную прастору.

У цэнтры памяшкання стаяла высокая жанчына, здань з успамінаў. Яна мела нечалавечна спакойны выраз твару.

– Глена, чаму ты здрадзіла мне? Маркіз аб’ехала долу.

– Бадр… аль-Будур. Мая прынцэса.

Здань знікла. Мінула вечнасць, пакуль наёмніца апрытомнела, пацерла далонямі твар. Перад унутраным позіркам успыхвалі каляровыя відарысы з высачэннымі мінарэтамі, купаламі, магутнымі палацамі. Яна сядзіць на кані побач з жанчынай-зданню. Да адчаю зрабілася прыкра. У раптам абуджаным куточку памяці праявіліся палацы Рас-Альхага, успомніўся Садал-Мелік, цьмяныя вежы Тамаш-ас-Шуга ў промнях згасаючага чырвонага сонца, выплыў твар палкоўніка Айсфікса.

Маркіз адчула цяжкі, душыўшы яе камяк у глотцы. Душа, не існаваўшая дзесяць гадоў, нарэшце ажыла пад цяжарам сумлення.

“Уцякаць, – запульсавала ў галаве. – Кінуць артэфакт і “Неркубус”. Прасіцца на першы патрапіўшы карабель кім заўгодна і ўцякаць. Схавацца глыбей, змяніць імя, ізноў заблакіраваць памяць, паставіць імпланты ў мозг. Вечна ўцякаць хоць куды. Не затрымлівацца больш года ні на адной планеце”. Яна, Глена-Маркіз, ужо ведае кошт небяспечнага артэфакта.

Сабраўшыся з сіламі, Маркіз здолела падняцца і пакінуць тэхнічны адсек. Калі з’явілася на месцы пілота, Неркубус суха паведаміў аб аўтаматычнай пасадцы на Бенетташ праз чатыры з паловай хвіліны.

7

Бенетташ

Выскачыўшы з гіперпрасторы, “Неркубус” з хуткасцю промня наблізіўся да зоркі Бенетташ і скіраваў на аднайменную планету. Знізіўшы хуткасць, зоркалёт каметай уляцеў у мутнаватую атмасферу, праплыў над горным поясам і па сігналу планетарнага маяка зайшоў на пасадку над бяскрайне шырокім плата. Карабель яшчэ гойдаўся на амартызатарах, а Маркіз ужо шпарка спускалася па трапу прэч ад сваіх сполахаў. Непадалёк стаяў, быццам у чаканні, серабрыста-чорны шаттл без апазнавальных знакаў. Наёмніца кінулася да яго бягом.

З чужынца насустрач паказаліся два ўзброеных мужчыны ў ваенных формах. Маркіз спынілася і пашкадавала, што ў душэўнай роспачы забылася прыхапіць любімы “Беркут”. Пэўны час наёмніца і старыя знаёмыя разглядалі адзін аднаго.

– Вось мы і знайшлі вас, Глена-бен-Раш, Маркіз, ці як вас насамрэч, – першым парушыў цішыню Айсфікс.

– Вымусілі нас хвалявацца столькі часу, – паддакнуў Мафруз.

– Апошні раз у нашу сустрэчу загінула шмат людзей. Цэлая нацыя, – зазначыў альфардзіянін і дадаў пасля: – Падобныя злачынствы не маюць даўнасці.

– Вашыя злачынствы? – амаль шэптам спытала наёмніца. Мужчыны пераглянуліся.

– Вы арыштаваны, Маркіз, – прамовіў Мафруз. – І паляціце зараз разам з намі.

– Мо дамовімся? – прапанавала агаломшаная жанчына. – Забірайце “Неркубус” разам з Граалем.

– Позна, – непахісна заявіў Айсфікс. – Надта позна.

– Нікуды я не паеду. На Маркіз накаціла абыякавасць, і яна з упартым выглядам села на глебу.

– Можа яе прама тут забіць і канцы ў ваду? – прапанаваў Мафруз.

– Космапорт блізка. Нашы дзеянні падрабязна зафіксуюцца.

– Я загадаў нікому не дазваляць пасадку і выключыць камеры.