– Заўсёды адшукаецца небарака, які адбрэшацца, што не чуў загаду, – запэўніў палкоўнік з Альфарда.
– Мярзотна страляць у жанчыну. Няёмка. Мо аддадзім пад закрыты імперскі суд? – міршабец завагаўся.
– Вы звар’яцелі, шаноўны? Вылезуць аферы Федэрацыі, хачу папярэдзіць.
– Так ці так вылезуць, – Мафруз разрываўся паміж “за” і “супраць”, потым захваляваўся і зазлаваў. – Адной бруднай плямінай больш, адной менш, – цынічна разважаў Айсфікс. – Застрэлім тут. Палкоўнікі сінхронна знялі зброю з засцерагальнікаў. Раптоўна нябёсы сцямнелі, прастору скаланула нізка частотнае грымаценне, заклаўшае вушы. Усе трое паднялі галовы на гуд. Яркі балід хуткаснага катэра разрэзаў паветра беласнежным следам, закруціў віраж і павольна сеў паміж серабрыста-чорным шаттлам і “Неркубусам”. Праўда, не балід прыцягваў увагу. Засціўшы неба, з цяжкім напружаным гудзеннем, быццам гулі скразнякі ў садал-меліцкіх пячорах, над полем завіс неаб’ёмны блін эбанітавага колеру з выявай скарпіёна ў цэнтры. Нібыта ўзняты ў паветра айсберг, прыбылец марудна перакуліўся, запаліў фіялетавыя бартавыя агні, акружыўшыя з вышыні цалкам усё плата, дзе месціўся космапорт. Пасланец начнога царства завіс цяжкай плітой зверху, быццам збіраўся ўпасці і раздушыць усё сваёй нерэальнай вагою.
– Вандроўнікі Даўра, – знайшоў сілы мовіць Мафруз. Айсфікс нярвова аглядаўся па баках у пошуках укрыцця.
– Не ўздумайце страляць… – ад маленькага катэра да іх бег Машан.
– Гэта хто такі? – Мафруз звярнуўся с пытаннем да Айсфіка.
– Сябар наёмніцы.
– Абаіх давядзецца хлопнуць.
– Дудкі, – запярэчыў Машан, калі падбег. – Зброя нейтралізавана! Ён ткнуў пальцам уверх.
– Вы пад кантролем даўрскага карабля-маткі. Ніхто не пакіне поле касмапорта, пакуль Даўр не вынесе над вамі прысуд.
Афіцэрам спецслужб было нязвыкла чуць навіну, што іх збіраюцца судзіць у той самы момант, калі яны самі адчувалі сябе суддзямі. Іх рэакцыя аказалася прадбачнай.
– Што вы сабе дазваляеце, малады чалавек? – абурыўся Айсфікс.
– Нахаба, – коратка буркнуў міршабец.
Айсфікс стрэліў першым. Беспаспяхова. Ён перазарадзіў зброю і яшчэ раз безвынікова спрабаваў усадзіць у Машана воблака плазмы. Мафруз пасля першай няўдалай спробы адкінуў свой шпалер. Палкоўнікі мелі вельмі камічныя твары разгубленых небарак. Маркіз назірала за мізансцэнай ва ўсе вочы.
Тым часам з эбанітавага карабля-маткі апусцілася платформа і некалькі хмурых постацей у шэрых плашчах з выявамі скарпіёна на спінах скіравалі да “Неркубуса”. Хутка яны вярнуліся назад разам з керамічным кубам. Пакінуўшы груз каля Машана, постаці моўчкі развярнуліся і падаліся да платформы. Іх змрочныя твары ледзь прыкмячаліся з-пад капюшонаў.
– Ты даўрыянін! – здагадалася наёмніца.
Незаўважны цень крануў Машанавы вусны, нос, вочы, воблака туману лягло на плечы, хваля дрыжыкаў загойдала прастору, збрываючы з былога пілота знешнюю ілюзорную абалонку, агаляючы існасць. Твар стаў попельна-шэрым, з плеч звіс доўгі чорны балахон, аздоблены па краях арнаментамі, у вачах затаілася ноч. Перад наёмніцай, Айсфіксам і Мафрузам пілоткантрабандыст пераўтварыўся ў вандроўніка Даўра.
– Нашчадкаў скарпіёна Даўра называюць хамелеонамі.
Няўжо галаварэзы Свалі маглі мяне затрымаць на АльМідраху? – растлумачыў ён Маркіз. – Весялун здагадваўся, хто я, але не поўнасцю. У яго зданях я меў мянушку Хтосьці.
Павісла напружанае маўчанне.
Прышэлец нібыта даў шанц кожнаму абдумаць свой лёс. Гуў вецер. Першым не вытрымаў іспыту цішынёй Айсфікс.
– Даўр аб’явіць вайну?
– Не. Мы аб’явім мір, – адказаў даўрыянін, які яшчэ хвілю назад быў проста пілотам Машанам, і ўсміхнуўся такой усмешкай, што ў палкоўніка альфардскай спецслужбы засмактала ў вантробах.
– Карабель-матка не збіраецца вісець тут вечна і пужаць сваім выглядам абарыгенаў. Пачнем з першапрычын. Вам заўжды карціла ведаць, што ёсць Грааль. Буду змястоўным.
Грааль – вялікая сіла. Даўным-даўно ён існаваў на першапланеце Зямля, адкуль агульныя карані насельнікаў Галактыкі. Зямля квітнела да пары, пакуль Грааль не знік. Ведаеце, што адбылося? Людзі на Зямлі перасталі казаць праўду адзін другому, і ўся планета паступова паглынулася хаосам, множыліся зло, нянавісць і падман. Людцы адрынулі Бога, паўсталі царства на царства, народ на народ, а пасля палезлі да зорак, пачалі гвалціць нябёсы ў неабмежаванай празе спажываць і валодаць. У чалавецтва не засталося амаль нічога святога, толькі жаданне спажываць зоркі і самастойна валодаць нябёсамі. А нябёсы нельга купіць! Паступова ўзніклі новыя саюзы, каралеўствы, федэрацыі, толькі ў зорных маштабах. Паміж імі ўспыхвалі непаразуменні, канфлікты, войны. Палітыка, дыпламатыя – складаныя рэчы. Чаму вы не любіце прастату ў адносінах? Вандроўнікі Даўра рашыліся на эксперымент і памясцілі Грааль у адно з зорнапалітычных фармаванняў – каралеўства Рас-Альхаг. Здарыўся цуд. Рас-Альхаг стаў квітнеючай мірнай дзяржавай. Чаму? Грааль валодае ўсяго адзінай уласцівасцю, вымушае кожнага, хто побач, казаць толькі праўду, ён абуджае сумленне, даводзіць пачуццё ісціны да вастрыні. Бедныя Тата Менелай, Весялун Білі і Свалі Чырвоны Ліхтар не вытрымалі падобнага іспыту. Пачаўшы казаць праўду, рабіць праўду і жыць па праўдзе, рас-альхагцы дасягнулі неверагодных поспехаў ва ўсіх сферах дзейнасці: навуковай, сацыяльнай, эканамічнай. Сёння Рас-Альхаг багаты ўсім, і, нават страціўшы Грааль, не адвярнуўся ад прынцыпаў праўдзівасці. Сумленнае жыццё – іх свядомы выбар. Разумееце? Сутыкнуўшыся з Галактычнай палітыкай, зменены Рас-Альхаг імгненна выставіў на сваіх межах баявыя зоркалёты аховы, каб, крый Божа, ніхто не парушыў іх казку, ідылію. А вы лічылі Грааль звышнатуральным прадметам, які імгненна здзяйсняе дзівосы, таму і скралі рэліквію. Не, Грааль вымушае казаць праўду і сумленна працаваць. Усё вельмі проста і ясна.