Даўрыянін на імгненне змоўк, абвёў позіркам прысутных і спыніўся на Маркіз. Яна панікла і дэпрэсіўна ўпялася ў кропку перад сабою, быццам цацачны робат са сканалай батарэйкай.
– Недалёкая розумам целаахоўніца звязалася з варожымі спецслужбамі і здрадзіла ўласнай гаспадыні. Здрада прывяла да вайны. Дзесяць гадоў агенты Даўра шукалі страчаны Грааль і Глену-бен-Раш па ўсёй Галактыцы. Дапамог выпадак. Малавядомая кампанія “Сайрус” трапіла на рэшткі нашай былой базы ў Садал-Меліку. Даўр даведаўся, што “Сайрус” працуе на разведкі Альфарда і Міршаба. Мы напалі нарэшце на след. Я цярпліва чакаў, калі лёсы галоўных віноўнікаў мінулых падзей ізноў сыйдуцца разам. Прага грошаў вяла наёмніцу на РасАльхаг, вось іронія жыцця. Вы, Мафруз і Айсфікс, не маглі гэтага дапусціць. Таму зараз мы ўсе тут, на паўночных межах Галактыкі. Што скажа ў апраўданне наёмніца?
– Я аднойчы даведалася, што Грааль створаны вамі штучна і ніколі не бываў на Зямлі-першапланеце. Гэта фальш, створаная вамі легенда. Ён псіхічным уплывам гвалтоўна навязвае праўдзівасць. Насельнікі Рас-Альхага падобныя да зомбі. Дзе права выбару? – глуха адазвалася Маркіз, і ўсе павярнуліся да яе. – Мне да смерці надакучыў ваш цацачны лоск. Ведаеце, сумна. За вашым гвалтоўна навязаным раем, даўрыяне, не відаць Бога.
Таму я і здрадзіла не толькі прынцэсе, а і ўсім. Толькі пасля зразумела, што мой учынак аказаўся дарэмным. Вы захапілі Рас-Альхаг і не выпусціце з рук. Канечне, мяне гэта не апраўдвае, гэта ўжо іншая гісторыя, так? Я павінна несці пакаранне. Насамрэч, я не прагнула смерці прынцэсы. Я толькі жадала вызваліць каралеўства ад вашага бласлаўлення…
– Глена-бен-Раш, – урачыстым тонам перабіў даўрыянін. – Вы пажыццёва ссылаецеся ў сістэму СадалМелік. Увесь астатні свой век вы будзеце жыць сярод руін і развалін любой выбранай вамі планеты і слухаць шэпт ценяў мінулага, некалі перакрэсленага вамі. Ідзіце!
Маркіз паднялася з глебы і, нібы зачараваная, панурыўшы галаву, паслухмяна пасунулася да платформы карабля-маткі.
– З вашымі народамі, Мафруз і Айсфікс, Даўр заключае мір і даруе крыўду, нанесеную каралям РасАльхага, саюзнікам скарпіёна.
Айсфікс зглынуў сліну і пераглянуўся с Мафрузам. Прысуд госця вельмі нечакана рэзануў слых.
– Вось вам умовы. Грааль будзе дастаўлены на пасяджэнне Сенату Федэрацыі Альфарда, у імперыю Міршаб і прадстаўлены на Савет светаў Галактыкі. Пара вам, людцы, адмовіцца ад хлусні. З тым і бывайце.
Даўрыянін на апошніх словах падхапіў керамічны куб і, развярнуўшыся, крочыў да чакаўшых суайчыннікаў. Мафруз і Айсфікс доўга глядзелі ўслед прыхадню, які беражна нёс старажытную рэліквію.
– Пачакай! – гукнуў Айсфікс. – Грааль насамрэч гвалтоўна навязвае праўдзівасць усіх, хто аказаўся побач?
Яму раптоўна ўспомнілася гісторыя з агентам Свалі Чырвоным Ліхтаром, які застрэліўся несумненна пасля знаёмства з артэфактам.
– Канечне, – не спыняючы хады, адказаў вандроўнік. – Праўда будзе джаліць вас горш даўрскіх скарпіёнаў, закусаўшых да смерці прынцэсу Бадр-аль-Будур.
Нашчадак скарпіёна ступіў на платформу, далучыўся да сваіх. Пліта павольна паднялася ўгару, схавалася пад днішчам айсберга. Марудна гасячы бартавыя агні, карабель-матка вандроўнікаў аддаліўся і паступова знік з вачэй. На полі засталіся два чалавекі.
Пранізлівы вецер хлястаў у твары, церабіў валоссе на галовах.