Выбрать главу

– Слухай, Айсфікс. Памятаеш, гадоў пяць таму на Эліёце быў абстраляны твой човен? Дык гэта я, – сказаў Мафруз праз вечнасць чакання.

– Тры гады назад я збіраўся атруціць вашага імператара. Не атрымалася. Атруціўся асабісты слуга, які каштаваў ежу.

Раптам яны змоўклі як па загадзе і ўтаропіліся адзін у аднаго. Абодва раптам пачырванелі і затрэсліся, заціснуўшы далонямі рты.

“Што зараз будзе?” – пранеслася ў галаве Айсфікса. Ён уявіў Грааль на пасяджэнні Сената Федэрацыі і адчуў, як скуксіліся вантробы.

Альфард прызнаецца ў аферах з піратамі, хабарніцтве чыноўнікаў, непамерных гандлёвых скідках “Сайрусу”. Міршаб распавядзе аб подкупе важных сенатараў у Галактычным савеце. Мергул выдасць звесткі пра гандаль рабамі на рудніках Бекеша. Мегрэц раструбіць пра супрацьзаконныя медыцынскія вопыты. Ускрыюцца невядомыя да сей пары прычыны вайны са знішчаным Садал-Мелікам. І самае пудлівае, усім стане вядома, што жонка Мафруза была некалі каханкай Айсфікса і выдавала сакрэты Міршаба.

Айсфікс тузануў каўнер кашулі, ловячы паветра, упаў на калені побач з Мафрузам і, схапіўшыся за галаву, прыняўся падвываць.

“Божа мой! – думаў Айсфікс. – Божа мой! Ці ёсць горшае пакаранне, чым вымусіць увесь свет казаць праўду пасля ўсяго, што здарылася?!!”

Шматзначнае маўчанне было ў адказ. Зверху патрусіў дождж.

Люты 2008

Ён прыйдзе апоўначы

Ён быў чорным, падобна змроку апраметнай. У вачах затаіўся боль адзіноты, шурпаты язык звісаў з пашчы скрозь паркан зубоў. Ён ткнуўся гарачым носам мне ў прадымленую далонь і папрасіўся на ноч.

За вакном барабаніла, успыхвалі фіялетавыя шчупальцы мядуз-бліскавіц і бурна плёскаўся нябесны вадапад з аркестрам.

Ну што ж, завітвай.

Ён вінавата паглядзеў на брудныя лапы і не спяшаўся абтрусіцца. Малайчына. Шыкоўных англійскіх шпалер мне было шкада. Відаць, ён зразумеў. Але толькі на хвіліну. Сабачая звычка перамагла. Я гаротна ўздыхнуў, зразумеўшы, што шпалеры ўжо не ўратаваць.

Чый ты?

Няважна.

Будзеш госцем. Хоць нехта жывы ў хаце. Няхай нават сабака. Няхай нявызначанай пароды. Я прынёс анучу, накрыў лужыну дажджавой вады.

Есці хочаш?

Чорныя зрэнкі адказалі маўклівай згодай. Я адчыніў лядоўню, дастаў учорашнюю курку. А больш нічога няма.

Высакародна, амаль па-графску, сабака ўлёгся на пасцелены мной дыванок, і не спяшаючыся прыняўся перамолваць косткі. Старанна, з хрустам і глухім чмяканнем. Бывай мой сняданак.

Вып’еш што-небудзь?

Пытанне засталося без увагі. Добра, тады вып’ю я. Пакуль ён еў, бутэлька брэндзі паступова спусташалася, упрысквалася ў мяне малымі порцыямі, якія пагражалі перайсці ў фарсаж.

Ён еў, я піў, і здавалася, нас штосьці яднае. Вырваныя з плыні часу бадзяжнікі. Быццам дзве трэскі сустрэліся ў акіяне незразумелых выпадковасцей. Дварняк без кануры і чалавек, які заблукаў ў лабірынце жыцця ў поўны тупік.

Увушшу яшчэ стаяў Мілчын капрызны віск. Сучка, якіх мала. “Сволач, ні кала ні двара! Сябе пракарміць не ў сілах! Кантракт заваліў, бачыце, натхненне яму падавай на сподачку, ён не можа лабаць за бабкі! Ух, табе толькі на хаўтурах іграць. Ад тваёй музыкі нябожчык уцячэ глыбей у магілу, каб хутчэй закапалі, каб не чуць няздара. Я табе толькі ў барабан дазволіла б лупіць, і толькі ў адзін, абцягнуты бычай скурай! Усё, дастаў мяне…”

Гадзіннік сказаў: поўнач, палёт нармальны.

Я моўчкі ўстаў, пахіліўся, нібы трава на летнім лузе, учапіўся за стол, каб не паваліцца.

Сабака падазрона і надта ветліва для звычайнай псіны паглядзеў, матлянуў хвастом і злізаў з міскі рэшткі маёй гасціннасці.

“Спяем?” – стомлена прапанаваў я.

“Давай” – адказаў ён працяглым зяўком і падняўся.

Я падключыў гітару. Звыкла гаркнуў комбік. Выпадковы госць насцярожыўся. Я крануў пальцамі медыятар, нібы цырульнік брытву.

Я ўзяў некалькі рыфаў і выправіў на свет штосьці самотна-гатычнае. Струны абурыліся і заплакалі ў адчаі.

Я пачаў накручваць колкі. Хвілін праз пару гучанне задаволіла гітару, і яна дазволіла дакрануцца да струн. Але мне мала дакрануцца, я прагнуў растаяць у музыцы. Я выканаў замагільнае таката з “Баторы”, пратрэнькаў раннюю “Металіку” і завяршыў шчодрымі палівамі сола а-ля “Дып Пёрпл”.

Я ўзляцеў. Накрыўся каматознай коўдрай салодкага здранцвення. Хацеў забыцца маленькую кватэрку, незлічоныя абавязкі і агіднае пачуццё ўласнай бездапаможнасці. Мне амаль удалося.

Сабака ўважліва слухаў, схіліўшы галаву на бок, не міргаючы, унікаючы ў сэнс ладоў, варыяцый акордаў. Здаецца, ён спачуваў. Дзіўная істота, ці не стары Гётэ выдумаў цябе? Не, прабач, не хацеў пакрыўдзіць. Твая поза – увасабленне дабрыні, чуласці і сабачай самаадданасці. І яшчэ нешта, мне незразумелае…