Выбрать главу

Я нарэшце стаміўся, адклаў гітару ў вугал, пстрыкнуў клапыжком на комбіку. Усё, на сёння досыць рэпетыцый.

Колькі не намагайся, не палепшае. Кантракт з кампаніяй гуказапісу разарваны, мяне выгналі з гурту, усё безнадзейна сапсавана, колькі не запільвай інструмент.

Я пакрыўджана пакруціў у руках пустую бутэльку. Шкада, апошняя. І грошай няма. І Мілка-сука збегла з нуворышам, тлустым кадаўбнем, адзіная годнасць якога вызначалася тоўстым кашальком.

Сабака амаль па-чалавечы нахмурыўся, наблізіўся і паклаў кудлатую галаву мне на калені. У чорных жамчужынах вачэй спагады таілася больш, чым ва ўсім чалавецтве.

І тады я ўсё яму расказаў. Аб музыцы, якая ўзвышае да аблокаў душы гітарыстаў, аб кантрактах з музлэйбламі, аб здрадзе тых, каго лічыш сябрамі, аб сцярвознай хітрасці жанчын і фінансавых ямах, аб душэўнай пустэчы і непазбежных ранішніх жаданнях застрэліцца.

Пра Мілку, з якой жылі апошні год, прамаўчаў. Не варта падкая на грошы зараза сабачай увагі.

Начны госць слухаў, слухаў, слухаў. Не перабіваў.

Здаецца, ён мяне зразумеў.

У паветры чамусьці запахла азонам.

Наступная раніца выдалася цяжкай. Пад крышкай чэрапа гулі званы, язык тырчаў колам і страшэнна хацелася піць. Усё ж учора перабраў брэндзі.

Я заплюснуў вочы, раптам з жахам расплюшчыў і схамянуўся. Бацюхны святы, ды я ж спаў на тым самым дыванку, што паслаў сабаку. А дзе ён?

Я здолеў падняцца на чацьвярэнькі. Зубы зашчаміла і ў нос урэзаўся букет кватэрных пахаў: алкагольны смурод, чад цыгарэт, амбрэ нямытага посуду, брудных шкарпэтак. Я адчуў усе гукі. За сценкай лаяўся сусед, над столлю рытмічна рыпела канапа, з ніжняга паверха хтосьці збіраўся ў дарогу, а за вакном каля пад’езда дзве бабулькі загадкавым шэптам перамалвалі чыесьці косьці.

Што за дурнота? Ніколі не перажываў звышнатуральнага абвастрэння пачуццяў. Я прыгнуўся і па-сабачаму нюхнуў дол. Пахла чалавекам уперамешку з учорашнімі адчаем і горыччу – яны тут існавалі паўсюдна. Церпкім водарам злобы, адзіноты і невыносным сумам патыхала гітара. Пах самоты лунаў над пустой пляшкай. Я хацеў вылаяцца, але атрымалася толькі загырчэць. І тут мой позірк выхапіў люстэрка, якое Мілка днямі перацягнула на кухню. Лепш мне не глядзець у свет адбіткаў… З люстэрка на мяне ўзіралася кудлатая чорная храпа, замест рук і ног выступалі магутныя лапы з вострымі кіпцямі і доўгай поўсцю. Калі я рухаўся, кіпці пакідалі драпінкі на лінолеуме.

Нейкі паноптыкум, не пры нас казана. Я ікнуў і на імгненне адвярнуўся. Не дапамагло. З гафрыраванай паверхні на мяне ўпарта зубаскалілася злая морда са страшэннымі ікламі і самотай у чорных жамчужынах.

Шок.

У жыцці здараецца шмат недарэчнасцей, але такое не прыбачыцца нават у дурным сне. Учорашні музыкант, расчараваны жыццём няўдачнік, ад якога збегла жонка, стаў бадзяжнай псінай нявызначанай пароды!

Я шчыра спадзяваўся, што мне ўсё сніцца. Са спальні чуўся храп. Я кінуўся да свайго ложка і… канчаткова скіс. Пад коўдрай ляжаў я сам, і ўсё выглядала вельмі-вельмі рэчаісна.

…А пасля ён сядзеў, звесіўшы ногі з ложка і шкрэб мяне за вухам.

– Даўно я не адчуваў такога моцнага галаўнога болю, – прамовіў ён ці то са скаргай, ці то з задавальненнем. – З тае пары, калі першы раз быў чалавекам. Перабраў ты, брат, алкагольнай атруты. Баліць галава сабачая? Нічога, цярпі. Мне ўчора дзеўбанулі палкай добрыя людцы, па самай макаўцы трапілі. Ты зараз мой боль адчуваеш, я – твой. Справядліва.

Я намагаўся сказаць адпаведную прамову наконт справядлівасці і абурыцца, але не здолеў.

– Разумееш, шаноўны, жыццё створана не намі, і мы не ў праве скуголіць на ўсялякія дробязі, – пачаў ён. – Лухта ўсё: грошы, рэпетыцыі, збеглая жонка. Душа – вось, што галоўнае. За што варта перажываць.

Ён уважліва зірнуў мне ў вочы. І я прыкмеціў, наколькі стары новы гаспадар майго цела. Ён накінуў тапкі.

– Некалі я зведаў уладу грошай і каханне жанчын, шчырасць сяброў і лютасць ворагаў. Я быў удалым мастаком. Аднойчы, праматаўшы нажытае, я застаўся ні з чым. Мне было агідна, крыўдна і горка. Пустэча паланіла душу, я не ведаў, куды схавацца. Беды спасціглі нечакана. Ад мяне ўсе адвярнуліся: сябры, каханка, жонка, дзеці, на небасхіле ўспыхвалі новыя зоркі, і мой талент аказаўся непатрэбным. Я амаль паміраў у роспачы і адчаі, перапоўнены гневам.

Ён устаў, крочыў на кухню, залез у мой шкапчык, прыняўся заварваць маю каву. Я неадрыўна цягнуўся следам.

– Аднойчы апоўначы я пусціў у хату прамоклага пад дажджом галоднага сабаку. За доўгія дні ён быў першай жывой істотай у хаце акрамя мяне. І той злапамятнай ноччу я праплакаўся яму аб усіх маіх пакутах і беднасці, выпліснуў увесь душэўны боль, а прачнуўся ўжо ў яго скуры. Вось.