Фарыд пасмактаў на хаду снег, марудзячы з адказам. Лідлу размаўляла ў думках, не раскрываючы пашчы. Дакучлівае пытанне мучыла старога пагоншчыка.
“Ты не вымаўляй слоў, проста думай”, – украдліва папрасіла муары.
“Так. Я заб’ю іх, Лідлу! Ты дапаможаш мне?” Жывёла прамаўчала. Фарыду здалося, што муары кепска паставілася да рашэння гаспадара.
– Стойце! – раптоўны вокліч Чэлсі прымусіў Андрэя рэзка абярнуцца. Рэд спыніўся побач.
– Гляньце вакол, – здзіўлена сказала дзяўчына, прачытаўшы на твары камандзіра нямое пытанне. Нават флегматычны Рэд пачаў азірацца.
– Горы… Учора былі тыя ж самыя горы, – прашаптала
Чэлсі. – Мы ходзім па кругу, Андрэй! Андрэй насупіўся. Чэлсі паказала пальцам:
– Злева строма, справа пакаты схіл і сцежка да рашчыліны. – Дзяўчына махнула ў бок небасхілу: – Учора днём было тое самае.
Рэд разгублена круціў галавой.
Андрэй у думках згадзіўся. Мажліва Чэлсі мела рацыю. Ён сплюнуў на снег і з жахам спадхапіўся, нельга пляваць на снег! Кершанцы надаюць ледзяному покрыву сваёй планеты свяшчэнны ранг. Андрэй хуценька зірнуў у бок пагоншчыка, прыкмеціў той кашчунства прыхадня ці не паспеў. Фарыд пакрысе аддаляўся са сваім нагружаным сабакам. Ён не заўважыў, што прыхадні спыніліся і размаўляюць.
– Праверыць нельга. Учорашняга свайго следу не знойдзем, – прамовіў Андрэй. – На гэтай планеце нельга пакінуць след. Глядзі сама!..
Ён паказаў некуды за спіну. Усе заўважылі ледзь прыкметную замець, здзьмуваўшую адбіткі людскіх ботаў і лап муары.
– Асаблівасці тутэйшага клімату, – патлумачыў Андрэй. – Снег не ўтрымлівае вільгаці, таму сыпкі як пясок. Па паверхні планеты гуляе вецер.
– Але як тады праваднік знаходзіць сцежку? Андрэй паціснуў плячамі.
– Кершанцы вераць: шлях сам знаходзіць жывую істоту. Яны карыстаюцца муары. У гэтых сабак ёсць асаблівае тэлепатычнае чуццё. Я аднойчы размаўляў з пагоншчыкамі. Яны кажуць, што проста трымаюць перад вачыма відарыс, куды збіраюцца патрапіць і бяруць з сабой муары. Апошнія і выводзяць караван у патрэбнае месца. Згадзіся, цікавы сімбіёз.
Чэлсі ўздыхнула і рашуча вымавіла:
– Не ведаю пра сімбіёз, але сёння сабака відавочна памыляецца. Андрэй засумніваўся.
– Ты добра запомніла наш шлях?
– Так, – адрэзала Чэлсі. – Вось тут я ўпала і вывіхнула нагу, дзе ж не запомніш.
Усе прыгадалі ўчорашнюю недарэчнасць. Калі Чэлсі пашкодзіла нагу, муары дзіўна сябе павяла. Жывёла наблізілася да дзяўчыны і ткнулася носам у хворае месца. Боль адразу сціх, і Чэлсі змагла крочыць далей.
Андрэй яшчэ на пачатку пераходу заўважыў, што Лідлу адрозніваецца ад астатніх кершанскіх муары. Гэта вялікая загадка, хто больш галоўны ў пары праваднікоў – Фарыд ці Лідлу?
Камандзір у роздуме пачасаў скроню. Штосьці яму не спадабалася. Дваццаць пяць гадоў таму, калі яны дэсантаваліся на Кершан у пошуках старажытных скарбаў, “Піранья” страціла арыентацыю прама ў паветры і села ў аварыйным рэжыме, сапсаваўшы рухавік. Спачатку прапала бяз вестак адна разведгрупа, потым другая. А пасля з’явіліся муары і адбылося неверагоднае – без вестак зніклі ўсе астатнія, акрамя самага малога Андрэя. Арбітальны човен забраў пяцігадовага хлапчука, які ў адзіноце бадзяўся па снежнай раўніне. З тае пары ён жыў марай, жаданнем высветліць прычыну фіяска, знайсці, што шукалі піраты на чале з ягоным бацькам. Бадай, гэта адрознівала Андрэя ад Чэлсі з Рэдам, чыі жаданні зводзіліся да прымітыва – набіць кішэні кершанскім золатам і даць лататы.
– Эль рамахі, мах ідзін! – раптоўна крыкнуў пагоншчык. Андрэй паглядзеў на неба. Здаецца, з ніадкуль збіраліся хмары.
– Што гэта? – выгукнула Чэлсі.
Рэд інтуітыўна паклаў руку на пісталет у глыбокай кішэні футранога плашча, не адводзячы погляду ад пагоншчыка. Фарыд размахваў рукамі і хутка набліжаўся.
– Мах ідзін, эль рамахі! – расхвалявана паказваў на хмары і верашчаў гаспадар Лідлу.
– Ён кажа, набліжаецца снежная бура, – пераклаў Андрэй і дадаў. – Светлыя нябёсы! Нам лепш схавацца!
– Снежная бура? – перапытала Чэлсі.
– Зусім не падобная на зямную, – спешна прамовіў Андрэй. – У тысячу разоў горш. Вынік сутыкнення мноства паземных вятроў. Бывае рэдка. Бацюхна, мы так да “Піраньі” век не дайдзем!
Чэлсі прастагнала ў адказ.
– Лідлу, мах ідзін! – не супакойваўся Фарыд і тыцаў муары ў нос прыгаршчы снега. – Мах ідзін! Рэд неўразумела назіраў за дзеяннямі пагоншчыка.
– Просіць знайсці сховішча, – патлумачыў Андрэй. Лідлу паслухмяна лізнула снег і задзерла морду. Чэлсі прыступіла да Андрэя.