– Прысаджвайся, Хамму, – звярнуўся да візітоўцы адзін з генералаў.
Хамму адшпіліў гермашлем, перадаў бліжняму халую і прысеў у пазначанае крэсла. Слуга расстаўляў на стол стравы. Хамму абвёў поглядам прысутных. Насупраць размясціліся войт халдзейскага царства і Вялікі Пасланец, дзеля якога і было задумана тэрміновае паседжанне. Халдзейскія амбасадары яшчэ перад візітам у Месяцовы Ур намякнулі Хамму, што прамова на нарадзе пойдзе аб далейшым лёсе Рыма. Ну, што ж, Хамму з радасцю выслухае Вялікага Пасланца.
– Такім чынам, пачнем, – прапанаваў халдзей, ледзь слугі пакінулі памяшканне. – Прапаноўваю выказацца кожнаму па нашай праблеме. Выслухаем Егіпет.
Вялікі Пасланец ківам пагадзіўся.
– Спадары, – вымавіў Хамму выразным голасам, нібы на мітынгу. – Спадары, праблема рымскай экспансіі заўсёды хвалявала Егіпет. Мы назіралі за нарастаючым кантролем халдзеяў над народамі, мы першымі прапанавалі стварыць арганізацыю мірнага супрацоўніцтва на планеце, але мы прагледзелі, як з ніадкуль падняўся Рым. Тысячагоддзямі егіпецкае царства нараўне з халдзейскім пакарала Галактос. Мы ніколі не перашкаджалі адзін аднаму, засяляючы Месяц, Марс, найбліжэйшыя планеты. Мы марылі аб грандыёзнай касмічнай будучыні, але цалкам пазабываліся пра справы на Зямлі. У выніку нашай няўвагі і адсутнасці кантролю ракавай пухлінай імкліва вырас Рым. Ён заваяваў усе зямныя царствы, распаўсюдзіўся па ўсіх берагах Міжземнага мора, нібы зараза, несучы з сабою распусту, гвалт, бескультур'е, знішчаючы памяць нашых продкаў. Па просьбе халдзейскіх цароў мы рушылі ўслед прыкладу Ура і перанеслі нашы сталіцы і магутнасць на прасторы Галактоса, дазволіўшы рымлянам захапіць даліну Ніла. Цяпер жа Рыму становіцца мала Зямлі, і імператар усё часцей зіркае на неба. Ці не здарыцца, што аднойчы мы страцім уладанні ў Галактосе? Карацей, я прапаноўваю сцерці Рым з твару Зямлі.
Скончыўшы прамову, Хамму заўважыў незадаволеную міну Вялікага Пасланца. Генералы ціха загулі. Халдзейскі войт глыбока ўздыхнуў і вымавіў:
– Вы кажаце цалкам слушна, Хамму. Ніхто не задаволены пазіцыяй Рыма. Але… У знішчэнні дзікунскай імперыі існуе невялікі нюанс.
Ён кінуў погляд на Вялікага Пасланца. Хамму зразумеў, што прапанова знішчыць Рым будзе наўрад ці падтрымана. Вялікі Пасланец уяўляў сабою народ, які даў некалі Егіпту і халдзеям першую трыеру, здольную лётаць у Галактос. З меркаваннем Госця прыйдзецца лічыцца. Хамму нахмурыўся і пацікавіўся наконт альтэрнатывы.
– Што вы думаеце пра будучыню, Хамму? – нечакана спытаў Вялікі Пасланец. Егіпцянін трохі падумаў і адказаў:
– Лічу, яно ў руках тых, хто валодае сучаснасцю.
– Маеце рацыю, – чамусьці ўсміхнуўся Госць. – Пачну з першапрычыны. Справа ў тым, што свет, з якога я прыбыў, узнік і сфарміраваўся дзякуючы існаванню Рыма.
Хамму і халдзей здзіўлена пераглянуліся. Вялікі Пасланец працягваў.
– Настаў час, калі я раскрыю вам таямніцу. Я прыбыў з далёкай будучыні. Мой свет наперадзе вашага ў пяці тысячах гадоў па рацэ часу.
Госць гаварыў павольна, даючы магчымасць прысутным успрыняць інфармацыю.
– Ці добра вядома вам, Хамму, паняцце раскрадальніка магіл?
– У Егіпце жорстка караюць такіх людзей.
– Ведаю. Я распавяду, навошта мне патрэбен Рым. Мой народ высока шануе прадметы побыту старажытных цывілізацый. Вы будуеце піраміды на Марсе, гарады ў кратэрах Месяца, станцыю ў раёне Юпітэра. Праз тысячы гадоў усё гэта набудзе вялікі кошт, з'явіцца шмат далакопаў, скарбашукальнікаў, назавіце іх на свой густ; яны будуць расшукваць каштоўнасці ў вашых селішчах, лазіць па пірамідах, раскопваць забытыя гарады, корпацца ў мінулым. Паверце, простая гліняная статуэтка егіпецкага вяльможы, знойдзеная на Марсе, вартая ў нас цэлай трыеры, а піраміды паказваюць турыстам за немалыя грошы. Мы проста зацікаўленыя, каб вы зараз стварылі ў Галактосе як мага больш калоній. У будучыні яны вельмі шануюцца і з'яўляюцца крыніцай узбагачэння надзвычайнага мноства людзей. Умела створаная легенда аб кантакце вашага антычнага свету з прышэльцамі, сляды вашай дзейнасці ў Галактосе, – для мяне гэта залатая жыла. Вы разумееце?
Войты ўзрушана маўчалі. Халдзей абурана вылупіў вочы ў бок Госця. Хамму не знаходзіўся з адказам.
– Спытаеце, у чым сэнс існавання Рыма? Імперыя дала нам культуру. Усё тлумачыць доўга і складана, але галоўнае: Рым у пэўным сэнсе стаў падмуркам развіцця майго народа. Запал людзей да прадметаў старажытных цывілізацый, які забяспечвае мне высокія прыбыткі, таксама прыйшоў з Рыма. Таму Рым неабходна захаваць.