Імператар і Госць любаваліся заходам сонца, у барвяных промнях якога над небасхілам у святочным салюце падымаліся чароды ракет з касетным і ядзерным начыннем. Неўзабаве Марс агарнуў цень вечнага спакою, і з касмічнымі амбіцыямі чалавецтва на той раз усё было скончана…
Хвалі. Бязмежная плынь…
Хвалі тлустыя, нібы слаёны здор. Чорныя, як змрок начы.
Ветру няма, таму хвалі разыходзяцца канцэнтраванымі коламі. Яны марудныя. Здаецца, ледзь гойдаюцца.
Зверху з хлюпаннем плюхаюцца каменьчыкі. Брудныя бурбалкі, чмякаючы, лопаюцца. Напаўзаюць іншыя хвалі.
Гэткі кісель поўніцца жыццём. Нікчэмная дробязь гушкаецца на паверхні вады нібы на арэлях. Спяшаецца па сваіх мітуслівых справах.
Тутэйшым насельнікам хвіліна – цэлы век.
Ім не зразумець, што гэта Янусь зараз назірае зверху і шпурляе раз-пораз каменьчыкі. Абуджае кісель ад спячкі. Калыхае балота – свет бязмежны і неспазнаны для іх і нікчэмны для людзей.
Прынамсі, а каб ведалі, што зменіцца? Шпурнуты камень ужо ляціць і абавязкова грымнецца.
Янусь шпурляе апошні галяш і падаецца прэч. Паверхню чорнага возера яшчэ доўга цярэбяць хвалі.
Янусь – пісьменнік. З ліку тых, хто не графаман, але і не профі. Хутчэй, аматар. Іншым словам, графаматар.
Ён марыць аб ганарарах.
Ён шукае натхненне.
Натхненне чамусьці паварочваецца да Януся зусім не прывабным месцам. Так бывае амаль з усімі, хто верыць у натхненне, а не ў цяжкую фізічную працу.
Янусь-графаматар блукае прыгожым летнім днём па лесе. Адпачывае на возеры-балоце. Разважае пра сэнс жыцця і вечнасць. Калі мы прыслухаемся да Янусевых думак, упэўнімся ў ягоных здольнасцях філосафа.
Шкада, наш філосаф яшчэ не ведае, што сёння вечнасць абрала яго напісаць нізку радкоў пра… вечнасць.
Выпадкова ці не, але Янусь заўважыў пры дарозе чырвоную цагліну, невядома кім згубленую ці пакінутую. Філосаф чамусьці падабраў яе і потым заўважыў, што непадалёку нядаўна палілі вогнішча. Прысеў побач на стары пень. У задуменні ахінуў вокам вуголле, абпаленыя шклянкі.
Натхненне так і не з’явілася.
Янусь пакалупаўся ў рэштках вогнішча, знайшоў іржавы цвік і нашкарабаў на цаглянай паверхні: “Дзе ты?” Потым размахнуўся і што стае моцы шпурнуў цагліну далей ад сябе.
Некалькі ўздыхаў, каб супакоіць нервы…
Пасля падаўся да хаты.
Лідуся адчувала хуткасць скурай, сэрцам, душой. “Дачка Шумахера”, – заўважалі калегі па бізнесу. За вачамі яе так і звалі – Лідуся-Шумахер. За прагу да аўтамабіляў і вар’яцкага спорту – аўтагонак. Сябры дарылі Лідусе новенькія машыны, якія яна шанавала больш за норкавыя футры.
Лідуся лічылася асобай “нон грата”. Аднойчы выскачыўшы замуж за шчырага тыпа па мянушцы Генерал, Лідуся не памылілася, бо хутка зрабілася ўладальніцай ультрасучаснай іншамаркі, банкаўскага рахунку і іншых атрыбутаў “новай рускасці”.
Залішняй арыгінальнасю ў жыцці Генерал не адрозніваўся. Хіба толькі меў іншую мянушку – Галаватумба. У гэтай галаве часцяком варушыліся думкі, якія аднойчы страшэнна не спадабаліся канкурэнтам па бізнесу. А час стаўся ліхі, непрадказальны, пасля перабудовы, і Галава-тумба неўзабаве скацілася з шыі Генерала. Такім чынам Лідуся зрабілася адзінай уладальніцай генеральскіх капіталаў, завяла маладых палюбоўнікаў і прыдбала калекцыю спартыўных машын. Асаблівую перавагу аддала марцы “Ягуар”, як раз той мадэлі, што на першай перадачы рухаецца не ніжэй за семдзясят кіламетраў у гадзіну.
Зразумела, жыццё панеслася разнастайнае, яшчэ больш, насычанае чым раней. Лідуся ўзбілася на алімп чалавечай славы. Золата, брыльянты, натоўпы прыхільнікаў, салоны мод – банальна і звыкла, надакучліва. Жанчына забылася, што некалі пачынала звычайнай настаўніцай японскай мовы ў прэстыжнай гімназіі, куды трапіла пасля ін’яза. Прынамсі, гэта і не трэба было ёй.