Выбрать главу

Марыла Лідуся-Шумахер пра іншае: выехаць за мяжу, пабудаваць вялікі палац на беразе акіяна, адкрыць сетку буцікаў, маркетаў, бараў. Знайсці мужа-мільярдэра. Вось тады і пачнецца сапраўднае жыццё, думала яна.

Але заўжды так бывае, што людзі не заўважаюць, як жыццё паступова ператвараецца ў бясконцы танец пекла. Ілюзорнае ім здаецца сапраўдным, сапраўднае – ілюзорным. І пакуль расплываецца розум у неабсяжных плынях бязмежных мар, усё раптам становіцца на сваё месца. Нібы падае камень на галаву.

Але гэта быў не камень.

Гэта аказалася цагліна.

Тым днём, калі небарака-графаматар Янусь вяртаўся з возера, на якім збіраўся знайсці і стрыножыць Пегаса, Лідуся-Шумахер ляцела на сваім гіпердарагім “Ягуары” ў сталіцу.

Чырвоная цагліна з надпісам “Дзе ты?” ляжала на дарозе. Яна была апошняй, што Лідуся ўбачыла пры жыцці. У жанчыны проста не хапіла часу збочыць. На хуткасці паўтары сотні кіламетраў у гадзіну “Ягуар” натыкнуўся правым колам на цагліну і ўзляцеў птушкай у паветра, хістануўся ў бок, страціў кантроль і ўлупіўся ў лясны гушчар.

Такім чынам, цагліна, вырабленая са звычайнага прыроднага матэрыяла, пра існаванне якой Лідуся не ведала на працягу жыцця, развеяла ілюзіі маладой жанчыны наконт светлай будучыні.

* * *

У аперацыйнай ішла барацьба. Бой не дзеля славы, дзеля жыцця.

– Цяжка, – заўважыў Міклуш, арудуючы скальпелем.

Малады хлопец-асістэнт моўчкі згадзіўся. Пацыентка, што ляжала на стале, шанцаў не мела. Пералом чэрапа, некалькіх рэбрын, парушэнні шыйных пазванкоў, балявы шок у прыдачу – усё сведчыла аб немінучай хуткай гібелі.

Такіх пацыентаў звычайна на стол не клалі. Карысьці ні хвораму, ні ўрачам. Раненні, несумяшчальныя з жыццём. І кропка.

Але пацыентка мела сяброў. А сябры мелі грошы і ўплывовыя сувязі. Сябры патрабавалі здзейсніць усё мажлівае і немагчымае, каб пацыентка выжыла.

– Прыгожая яна, зараза, – прамармытаў Міклуш. Асістэнт згадзіўся.

– Падай зажым… Так…

Міклуш дзівіўся, што пацыентка да гэтай пары нейкім чынам дыхае. Пасля падобных аварый людзі, як правіла, гінуць на месцы.

Як тлумачылі сябры жанчыны, машына саскочыла ў абочыну, зрэзала некалькі маладых дрэўцаў і ўпялася ў досыць аб’ёмістую сасенку. Удар пераламіў апошнюю.

Пацыентка ехала не прышпіліўшыся. Гэта ўжо мінус. Падзенне таўшчэзнага дрэва прыйшлося на вадзіцельскае месца. Яшчэ адзін мінус. Медыцына не матэматыка, мінус на мінус параджае яшчэ горшы мінус. Як не круці.

Адзінае, што мог зрабіць Міклуш, сабраць па часцінках заднюю частку чэрапа і зашыць, каб сябры пацыенткі не хваляваліся.

– Закон бутэрброда – падаць маслам уніз, – працягваў хірург. – Чаму, калі дрэва падае пад час аварыі, дык абавязкова на месца вадзіцеля?

– Сапраўды шкада маладзіцу. Жыла б, дзяцей гадавала.

– Ніколі не ведаеш, адкуль што зваліцца на галаву.

Міклуш наклаў апошні шоў. Задумліва паглядзеў на жанчыну. Эх, каб не дурная аварыя… Пры іншых абставінах ён бы абавязкова прапанаваў ёй сустрэчу.

Бландзінка. Стройная. Прыгожая. Сэрца пацыенткі ёкнула і замаўчала. Сустрэча адмяняецца.

* * *

Вечарам Міклуш вярнуўся дадому. Усеўся на канапу, уключыў тэлевізар. З галавы не выходзіла аперацыя. У Міклуша быў адзіны шанц выратаваць нябожчыцу. Ён скарыстаў мажлівасць, але… “Чаму заўжды здараецца ТАК?” – ледзь не выкрыкнуў Міклуш. І адказу не знайшоў.

Увайшоў Янусь. Павітаўся.

– Як прайшоў дзень, брат? – задаў ён пытанне, усеўшыся побач.

І тады Міклуш усё расказаў: і пра аперацыю, і пра пацыентку, і пра яе сяброў, і пра прыгажосць маладых дзяўчат, і пра тое, як цяжка, калі атрымліваецца бязглуздзіца ў жыцці – смерць надыходзіць так неспадзявана і непрыкметна, як сёння. Быццам і паратунку ад яе нідзе няма.

– Іранічная сарцавіна сітуацыі – на дарозе ляжала цагліна, – прыкра прамовіў Міклуш. – Уяўляеш, Янусь? Сябры маёй пацыенткі-нябожчыцы распісалі ў дробязях аварыю. Нейкі дурань пакінуў на дарожным палатне цагліну. Чырвоную, звычайную. Уяўляеш, брат? Хіба гэта не абсурд?

Янусь нічога не адказаў. Ён намагаўся схаваць узніклую занепакоенасць. Нейкая сіла сціснула грудзі. Раптоўна прымроілася лясное возера-балота з горкай чорнай паверхняй, якая гайдалася канцэнтраванымі коламі-хвалямі.

Ён падняўся з канапы і пасунуўся ў свой пакой, не разумеючы ўласныя душэўныя пачуцці. Мо гэта і называецца натхненнем?

Янусь уключыў камп’ютар і пасля хвілінных разваг прыняўся набіваць тэкст…

* * *