Выбрать главу
* * *

“Труна – 5000 долараў, месца на могілках – 200, жалобны стол – 1000, арэнда памяшкання – 70…” – вусны таўстуна ў шыкоўным чорным касцюме зашавяліліся ў аб’ектыве, і Андрэй пстрыкнуў “Кодакам”.

“Жывуць жа людзі”,– падумалася фатографу, спецыяльна запрошанаму здымаць пахаванне Лідусі.

Ён перавёў камеру ў бок гасцей, зафіксаваў накрыты стол і пачаў “шукаць твары”.

Кадры атрымліваюцца не штучнымі, калі ніхто не звяртае ўвагі на фотамастака. Тады ў здымках ёсць сіла, яны жывуць.

Андрэй любіў сваю справу і зарабляў ёй на жыццё. Вяселле, хрэсьбіны, хаўтуры – усё распісвалася па сюжэтах. Даўно вядомых, звыклых. Нявеста распісваецца ў ЗАГСе – пстрык! Жаніх надзяе заручальны пярсцёнак – пстрык! Госці віншуюць маладзёнаў – пстрык! Галоўны кадр – першы пацалунак… Святар хрысціць дзіцятка – пстрык! Віншуе бацькоў с хрэсьбінамі – пстрык!.. Труна з нябожчыкам стаіць на катафалку – пстрык! Ля выратай яміны – пстрык! Надмагілле з надпісамі “Шаноўнай, шаноўнаму (патрэбнае падкрэсліць)” – пстрык! Прамоўца на жалобе – “Кастлявая рука смерці вырвала з нашых радоў…” – пстрык!

Андрусёва камера няўмольна фіксавала ўсе праявы чалавечай душы: пакуты і боль, смутак і журбу, каханне і шчасце, любоў і радасць.

А паміж кадрамі Андрэй “шукаў твары”.

Яго цікавілі эмоцыі. Сапраўдныя пачуцці, не прыкрытыя маскамі абавязковасці. Звычайна пачуцці і выраз твару падрыхтоўваюць загадзя, трэніруюцца перад люстэркам, каб на вясельнай цырымоніі ўсмешка атрымалася прыгожай, а не здзеклівай, каб скрозь спачувальны выраз твару на пахаванні не праявілася знарок зларадства. Кожнай цырымоніі – свой твар. Госці загадзя ведаюць, калі будзе “пстрык”, і рыхтуюцца, каб адбітак іх твару на здымку адпавядаў атмасферы мерапрыемства.

Паміж пстрыкамі хаваюцца сапраўдныя чалавечыя твары. Іх Андрусь здымаў выключна для сябе, уласнай калекцыі. І часцяком бачыў у аб’ектыве больш за іншых людзей.

* * *

Вольга – бліжэйшая сяброўка няшчаснай Лідусі, сядзела быццам накрухмаленая. Бледная нібы фарфор, страшэнныя цені пад вачыма, яна адрознівалася ад нябожчыцы толькі тым, што зрэдку варушылася – разпораз вынімала цыгарэты з мятага пачка “Салем” на стале і паліла бясконца доўга, быццам сабралася перавесці на свеце ўвесь тытунь. Дзіўная рэч – Вольга не міргала. Ашклянелымі вачыма ўзіралася ў бясконцасць, недзе перад сабой. Падобныя перламутру хударлявыя рукі падносілі да мармуровага твару запаленую нікацыянавую амбру, і чорнага колеру вусны пускалі дым.

Даўгія валасы Вольгі былі снежна-белымі, крыху з лялечна-перламутравым адценнем, што яшчэ больш надавала дзяўчыне падабенства статуі. Апранутая Вольга была ў тлусты, абсалютна белы світэр і белыя джынсы. Нягледзячы на летнюю пару, ад Лідусінай сяброўкі патыхала арктычным холадам. Пры чым з такой сілай, што Андрэю здалося – запацеў аб’ектыў.

Уся постаць дзяўчыны патыхала змрокам. Быццам зведала Вольга глыбіні апраметнай і жыла з тае пары спакусамі. Нішто на гэтай зямлі не бачыцца грэшнаму чалавеку прыгажэйшым, чым грэх у момант спакусы.

Ён доўга і ўважліва разглядаў незвычайную госцю пахавання. Дзякуючы Вользе, у Андрэя з’явілася нечаканая ўпэўненасць, што колер сапраўднага траура менавіта белы, арктычны.

Лёд, холад, смерць… І мурашы па спіне. Андрэй скалануўся.

Няўмольная Вользіна “мармуровасць” аднак здавалася незвычайна прыгожай. Праўда, гэта прыжосць зусім не тая, пра якую кажуць, што яна “выратуе свет”. Не, яе прыгажосць хутчэй свет пахавае, вырашыў Андрусь.

З Вольгай ніхто не сядаў побач. Афіцыянт імкліва паставіў перад дзяўчынай фужэр, наліў штосьці з бутэлькі і з маніякальнай упартасцю робата пасунуўся абслужыць астатніх прысутных, на гэтым зносіны з людзьмі для Вольгі скончыліся. Яна не казала прамоў, не падымала фужэр з астатнімі. Яна бясконца паліла, не звяртаючы ні на каго ўвагі. Госці плацілі дзяўчыне тым жа. А потым Вользе ўсё надакучыла, яна затушыла цыгарэту аб стол, паднялася і шпарка пакрочыла да выхаду.

Ніхто нічога не заўважыў – пстрык!

* * *

Паміж імі ўзніклі пачуцці. Андрэй быў проста ўпэўнены. Штосьці павінна адбыцца. Штосьці звязала яго, звычайнага фатографа, і Вольгу там, у рэстаране. Хоць яны і не размаўлялі, не абменьваліся поглядамі, зусім не знаёмыя, але штосьці звязала іх у адзіным эпізодзе, кадры, імгненні вечнасці.

Хлопец быў больш чым упэўнены, што яшчэ сустрэнецца з Вольгай. Прадчуванне такое…

Тым вечарам Андрэй доўга не затрымліваўся на трызне. Пасля сыходу Вольгі здымаць для душы нічога не засталося. Адпрацаваная стужка ляжала ў кішэні, госці гудзелі на свой лад, прычын затрымлівацца ў рэстаране не існавала ніякіх. Андрэй падаўся дахаты.