Выбрать главу

Паміж фотасесіямі Андрэй “мастачыў”. Істотнага падзаробку гэта не прыносіла, у адрозненне ад здымак, таму мастацкай справай хлопец займаўся дзеля душэўнай раўнавагі, унутранага спакою. Маляваў заўсёды па заказах царкоўнага пастара. Аздабляў інтэр’ер малітоўных дамоў, нядзельных школ. Час ад часу прэзентаваў уласныя карціны братам па веры.

У жыцці Андрэя прысутнічала цікавая акалічнасць – ён быў баптыстам. Так, насамрэч сапраўдным вернікам евангельскім. Ні больш ні менш.

Баптыст – шматпакутлівае паняцце. Калісьці яно лічылася абразлівым, горш, чым “здраднік радзімы”. Баптыстаў стралялі, гнаілі ў турмах, зганялі на сібірскія лесапавалы, нарыльскія ўранавыя руднікі, ды дзе толькі не сустракаўся брат-баптыст. Імі пужалі непаслухмяных дзяцей, з імі змагаліся на партыйных і камсамольскіх сходах, іх выкаранялі з грамадства як толькі маглі. А этымалогія паходжання загадкавага слова “баптыст” у савецка-народным фальклоры ў поўным зборы нагадвае дзіцячую кнігу казак Афанасьева. І чым мацней іх прыціскалі ў свой час улады, тым больш яны ганарыліся гэтым сваім паходжаннем.

Андрэевы карціны адрознівала прастата. Выкананыя на евангельскія тэмы малюнкі былі ненадакучлівымі і зразумелымі, як само хрысціянскае вучэнне. Вось сейбіт кідае зерне, апосталы цягнуць сетку з рыбай, Хрыстос крочыць па вадзе, а мытнік ускараскаўся на самае высокае дрэва, каб убачыць прыход Збавіцеля. Усё спрошчана і шчыра, ад сэрца.

Андрэй маляваў натхнёна. Калі натхненне не надыходзіла – не маляваў. Чакаў свайго імгнення. Быў упэўнены – натхненне прыходзіць толькі ад Бога, талент – дар Усявышняга. Таму ніколі не падбухторваў сябе. Кожны малюнак выношваў унутры. Недзе ў глыбінях, невядомых падручнікам анатоміі.

Сённяшні заказ аказаўся не складаным. Пасля апошняй нядзельнай службы пастар наблізіўся да Андрэя і папрасіў намаляваць прыгожы надпіс, вытрымку з Пісання “Бог ёсць Любоў”.

“Атрымаецца, дык атрымаецца. Не стану прымушаць, – заверыў пастар, які ведаў вельмі сціснуты рабочы графік Андрэя. – Урэшце, днямі напаткаў былога школьнага сябра. Той хваліўся, дачка – добрая мастачка, афармляе камерцыйныя вітражы. Абяцаў пасадзейнічаць. Мо яна намалюе? Глядзіш, там і да нашай царквы далучыцца. Справа Боская”.

На гэты раз Андрэй згадзіўся намаляваць і без натхнення. Узяўся было за пэндзаль, але штосьці стрымала…

Сёння Міклуш адразу дамоў не пайшоў. Падаўся ў гарадскі парк. Доўга назіраў за дзецьмі, што насіліся на каруселях. Іх звонкія галасы і смех расслаблялі, прымушалі ўспомніць уласнае дзяцінства. Міклуш набыў квіток і сам сеў на карусельнага коніка.

Конік аказаўся пашэрпаны і ярка-чырвонага колеру.

Карусель завялася і закружылася ў неверагодным танцы, напоўненым дзіцячымі віскамі.

Міклуш раптам зразумеў увесь камізм сітуацыі і ўголас рассмяяўся, закалаціўся ў рогаце, нібы псіхічна хворы.

Вядомы, паважаны чалавек, салідны імпазантны мужчына і на табе – лётае на дзіцячай каруселі з партфелем у руках.

Міклушу было пляваць, што падумаюць людзі. Няхай думаюць, няхай гавораць. Столькіх з іх ён паспеў пералячыць, паставіць на ногі, выцягнуць з таго свету, а вось для сябе доктара не знайшоў. Душа балела ў Міклуша.

Калі карусель спынілася, ён заўважыў знаёмую постаць у дарагім чорным касцюме. Міклуш пазнаў не адразу, хто перад ім, а калі пазнаў, пасур’ёзнеў. Гэта быў чалавек з тых самых багатых сяброў пацыенткі, якую днямі ў агоніі прывезлі пасля аўтааварыі, і якую ўжо на аперацыйны стол паклалі толькі дзеля сумлення.

Міклуш спыніўся. Мужчына акінуў хірурга поглядам з ног да галавы. Здаецца, намагаўся пазнаць. Але тут з каруселі да мужчыны падбегла дзіця, і яны, ўзяўшыся за ручкі, пакрочылі да выхаду, дзе чакала шыкоўная аўтамашына.

Міклуш глядзеў услед, пакуль аўтамабіль не знік з вачэй. Потым пайшоў.

Катанне на каруселі зняло стрэс. Хтосьці з заходніх псіхолагаў у нейкім медыцынскім часопісе раіў менавіта такім чынам пазбаўляцца ад нярвовага напружання. Дзеці таму і нярвова здаровыя, што пазбаўлены шматлікіх “дарослых” комплексаў, гуляюць у свае дзіцячыя забавы, якія праганяюць смутак, шэрасць дзён і дораць радасны настрой. А імпазантным дзядзечкам з партфелямі ў руках комплекс імпазантнасці не дае паганяць мяч на двары або пагуляць у пікара, каб расслабіцца. Яны вымушаны наведваць рэстараны, паліць тытунь, ужываць алкаголь. І ў выніку такога зняцця стрэсу салідныя мужчыны зарабляюць часцей інфаркт. Дарэчы, акрамя каруселяў, заходні псіхолаг раіў спрабаваць гульню “ў класікі” і скокі са скакалкай па дажджавых лужынах.