Палёгка аказалася часовай.
Праз рукі Міклуша праходзіла шмат розных хворых. Але вось тая, што загінула ў аўтакатастрофе, не выходзіла з галавы. Маладая, прыгожая, у самым саку. Гэта і псавала настрой. Бо жыла ў душы ўпэўненасць, самі можам у любы момант памерці. Ці многа чалавеку трэба, каб зямная камандзіроўка заўчасна скончылася? Як хірург, Міклуш ведаў адказ. Ведаў і баяўся, аднойчы сабе давядзецца назаўжды пакінуць свет. Што настане тады? А гады ляцяць быццам імгненні-секунды, і нічога вартага не адбываецца ў жыцці, што не сорамна будзе паказаць на тым свеце. А ў той свет Міклуш верыў. Верыў больш, чым у гэты, і баяўся смерці, хоць змагаўся з ёй штодзень.
Міклуш крыўдаваў на жыццё, якое так кепска распараджаецца з людзьмі. Добрыя гінуць, а благія жывуць па сто гадоў і кіруюць светам. Чаму? Наіўнае пытанне. Рытарычнае. Адказ вядомы ўсім – адказу проста няма.
“Дзе Боская справядлівасць?” – ледзь не ўскрыкнуў Міклуш і раптам спыніўся.
Нібыта зверху пачуўся голас “А хто ты?”.
Міклуш патрос галавой. На галюцынацыі раней ён не пакутваў, на шызафрэнію таксама. Ён азірнуўся і вырашыў, што падалося.
Голас не знік, а ласкава-лагодным тонам пачаў пытацца, ці жыве свет па Боскіх законах? А сам Міклуш уласна кіруецца ў жыцці святымі запаведзямі?
Голас настойліва прасіў паказаць хоць адзін прыклад выканання Міклушам Боскіх запаветаў.
Міклуш з адказамі не спяшаўся. І зусім не таго, што паказаць, прывесці прыклад не было з чым. Проста ён з жахам зразумеў, што ніколі не ведаў тых самых Боскіх запаведзяў. Ды і навошта крывадушнічаць, ён столькі пражыў, а ніколі не цікавіўся законамі Творцы сусвету.
Голас здзекліва рассмяяўся над вухам і параіў адзінае выйсце. Раз не жывеш Божым Словам, шукай справядлівасць у таго, чыіх законаў трымаешся. Справядліва? Справядліва. Калі свет не жыве па законах, запаведзях Божых, няхай звяртаецца ў пекла і патрабуе справядлівасці і праўды ў д’ябла.
Голас змоўк.
Міклушу зробілася страшна.
Неўзабаве ён спыніўся перад прыгожым будынкам, выкладзеным з чырвонай цэглы. На ўваходзе быў намаляваны крыж, а на дзвярах вісела прыбітая цвікамі шыльда “Царква евангельскіх хрысціян баптыстаў”.
Міклуш зробіў некалькі глыбокіх уздыхаў. Раптоўна захацелася некуды схавацца.
І ён нясмела пагрукаўся у дзверы…
Напісаць літары Андрэю так і не ўдалося. Зацягнула багна розных спраў.
Пятнічным вечарам, калі ў баптыстскім малітоўным доме адбываюцца набажэнствы, Андрэй зазбіраўся ў царкву. Ён завітаў у малітоўны дом, зірнуў адразу на катэдру і з палёгкай усміхнуўся. На бялюткай сцяне пад самай столлю віселі літары “Бог ёсць Любоў”.
Андрэй па-мастацку ўважліва разгледзеў высокія распісныя літары, кожная памерамі з ліст ватмана, і не знайшоў ніводнага недахопу.
Наблізіўся пастар – саракагадовы мужчына ў акуратным касцюме і з лагодным тварам.
Яны павіталіся.
– Памятаеш, казаў пра дачку школьнага сябра, якая афармляе камерцыйныя вітражы? Яе рук справа.
– Здагадаўся, – адказаў Андрэй. – Рука прафесіянала бачыцца адразу.
– Таленавітая дзяўчына. Вельмі таленавітая, – запэўніў пастар. – Шкада, днямі з’язджае за мяжу, у Еўропу.
– Нічога не папішаш, – развёў рукамі Андрэй. За спінай нехта падышоў.
– А вось і яна, – усхапіўся пастар. – Андрэй, пазнаёмся. Андрэй азірнуўся і…
– Волечка, гэта наш мастак, – звярнуўся пастар да дзяўчыны. У Андрэя затахкала сэрца, і ён адчуў, што моцна пачырванеў.
Перламутравыя рукі, мармуровы твар, крыштальныя вочы і ў іх арктычны лёд. Тая самая дзяўчына з хаўтур новых рускіх.
Андрэй нясмела падаў руку. Далонь Вольгі была на дзіва сухой і гарачай.
– Паразмаўляйце, пакіну вас, – з гэтымі словамі пастар павярнуўся да нейкай бабулі. Яны моўчкі селі.
– Ведаеце, а я вас памятаю, – першай пачала размову Вольга.
Яна нечакана паклала далонь на руку Андрэя.
– Маўчыце. Не кажыце ні слова, – прашаптала Вольга. – Лідуся была самым блізкім да мяне чалавекам… Вы так пільна разглядалі мяне на той вечарыне… Вас здзівіла, што са мной за вечар ніхто не перамовіўся словам… Я бачыла выраз вашага твару.
Яна з горыччу ўсміхнулася.
– Вы даследчык, Андрэй. Я не памыляюся? Даследуеце людзей, грэшныя людскія душы, якія чорныя, падобныя змроку начы. Так?
Вольга паглядзела на Андрэя.
– Тсс… Маўчыце. Я ведаю, што вы хочаце мне паведаміць. Я стамілася слухаць спачувальныя словы. Не трэба. Зараз вы мяне суцешыце, потым пачнеце распавядаць пра Бога, пра людскія лёсы… Я ўжо чула ўсё. Раней. Даўно… І сёння.
Дзяўчына глыбока ўздыхнула.
Андрэй не ведаў, што вымавіць. Здавалася, Вольга ў глыбокай дэпрэсіі, нягледзячы на знешні спакой. Яму і хацелася суцешыць дзяўчыну, але позірк новай знаёмай сведчыў: любыя словы, якія прамовіць Андрэй сённяшнім вечарам, разаб’юцца аб лёд яе сэрца, холад яе твару. Не пакінуць следу.