І ён вырашыў маўчаць. Парою маўчанне – лепшы сродак размовы.
– Усяму свой час, Андрэй. Час жыць, час паміраць. Вы ж ведаеце гэтыя радкі… Значыць, такім склаўся лёс. Камусьці навярсе, на нябёсах, спатрэбілася яе смерць. Скажыце, што гэта так. Скажыце, што яе жыццё і смерць не дарэмныя, што яна таксама патрэбна Усявышняму. Праўда?… Маўчыце, ведаю ваш адказ.
Яны крыху памаўчалі. На катэдру падняўся пастар і прыняўся гартаць Біблію. Набліжаўся пачатак набажэнства.
– Лідуся была вельмі добрай, чалавекам шчырага сэрца, – сказала Вольга. – Шкада, атрымалася не так, як хацелася. Андрэй, чаму заўжды ў жыцці мы атрымліваем тое, ад чаго бяжым, адмаўляемся? А тое, што жадае сэрца, уцякае ад нас, абыходзе бокам. Лёс выпрабоўвае нас на крэпасць, калі забірае блізкіх? А што потым з намі будзе? Куды мы ўсе спяшаемся, бяжым стрымгалоў, імкнемся? Навошта, куды? Каму трэба нашыя мільёны, калі мы раптоўна пазбаўляемся жыцця і магчымасці іх траціць?
Ён не ведаў адказу.
– Смерць Лідусі вельмі адбілася на маім унутраным свеце. Ведаеце, Андрэй, я ізноў маляваць пачала не за грошы, а проста так, для душы, як даўным-даўно, шмат часу таму. Вось літары напісала для вашай царквы, бацька прасіў. Бог ёсць Любоў – гэта праўда, Андрэй?
Ён хістануў чалом.
– Я веру, Андрэй. Бог насамрэч Любоў, раз мы ўсё яшчэ жывыя.
Андрэй згадзіўся. Прыйшла на памяць яшчэ адна вытрымка з Пісання, дзе сказана – Бог ёсць агонь паглынаючы. Веруючыя чамусьці рэдка ўзгадваюць менавіта гэты выраз…
– Я буду маліцца, каб у іншым – другім, трэцім, дзесятым – жыцці яна была шчаслівай. Я веру, мы з ёй сустрэнемся калі-небудзь. Вы верыце ў перасяленне душ, у рэінкарнацыю?
Андрэй засумаваў. Цяжэй за ўсё на свецерастлумачыць самае простае, неабходнае, тое, што спатрэбіцца там, у вечнасці гэтак жа, як і тут, у свеце. Вольгу было шкада. Людзям часам бліжэй да душы складаныя галаваломныя філасофіі, у сутнасці сваёй мёртвыя. Людзі прагнуць больш ведаць пра рэінкарнацыю, светлую карму, чакры і нірвану, чым прыняць з дзіцячай прастатой бацькоўскую любоў Бога. Першачаргова для чалавека ў тым, што Бог ёсць Любоў. Інакш не было б Хрыста ніколі на Зямлі. Бо не ў землятрусе, сусветных катаклізмах, войнах і эпідэміях праяўляецца галоўная рыса Боскай існасці, а ў ласкавым, пяшчотным подыху ветрыка, падобнага саграваючаму дыханню поўнага любові сапраўднага Творцы. Вось што ведаць бы Вользе.
Побач з імі сеў невядомы Андрэю чалавек. Адразу падказала фатаграфічная памяць, незнаёмец раней у малітоўным доме не з’яўляўся. Андрэя зачапіла незвычайная цікавасць у вачах гэтага чалавека, які неадрыўна тапоршчыўся ў намаляваны Вольгай надпіс. Склалася ўражанне, што словы на сцяне над катэдрай вельмі кранулі незнаёмца.
– Ведаеце, Андрэй, я хачу вам падзякаваць, – прамовіла Вольга. – Адчуваючы ваш погляд на той вечарыне, я зразумела, што не адна на свеце. Дзякуй вам. Вы мяне вельмі падтрымалі. Згадзіцеся, парою так мала трэба для чалавека. Усяго крышачка ледзь прыкметнай увагі можа спыніць думкі аб самазабойстве, самазнішчэнні…
Андрэй не знайшоўся з адказам.
Вольга паднялася.
– Дзякуй і бывайце. Была рада пазнаёміцца. Хто ведае, мо яшчэ сустрэнемся?
Яна развярнулася і пакрочыла да дзвярэй.
Андрэй коратка азірнуўся, хацеў махнуць рукой. Хутка дзяўчына знікла.
Загучала пропаведзь.
Андрэй доўга сядзеў, моцна задумаўшыся аб нечым сваім, і амаль нічога не чуў.
“Бог ёсць Любоў”, – прачытаў Міклуш і адчуў нечаканую палёгку ў сэрцы.
Як, чаму? Міклуш не ведаў. Не разумеў. Але адчуваў незвычайны спакой, якім патыхаў сэнс надпісу.
Ён паглядзеў вакол. Малітоўны дом паступова напаўняўся людзьмі. Наперадзе сядзеў малады чалавек у акулярах, джуце, з торбай цераз плячо. Побач – бялявая дзяўчына. Яны аб чымсьці захоплена размаўлялі. Міклуш прысеў побач.
Ён неадрыўна глядзеў на надпіс і не мог зразумець, чаму вочы робяцца вільготнымі.
Чаму Міклуш раней не ведаў гэтай біблейскай аксіёмы?
Мноства пытанняў мроіліся ў галаве, дзе хаваўся пакутлівы ў пошуках сэнсу існавання розум.
Цеплыня ахінала цела, пакой разліваўся па жылах.
Міклуш не ведаў, ці ёсць у медыцыне тэрмін, каб ахарактарызаваць узніклы душэўны стан.
Калі і быў ён зараз у чымсьці ўпэўнены, толькі ў адным – з малітоўнага дома баптыстаў ён выйдзе зусім іншым чалавекам.
Ад гэтай думкі нечакана стала радасна.
Быццам атрымаў квіток на зорны карабель да іншай планеты.