Быццам атрымаў даўно жаданае.
Быццам адкрыў самае патаемнае на свеце.
Быццам… сустрэўся з Богам.
Набажэнства заканчвалася.
Андрэй стаяў каля вакна за апошнім радам лавак.
Думкі нараджаліся самі сабой, хутка плылі і таялі. Перад вачамі стаяла Вольга.
Дзяўчына не засталася на набажэнства. Пасля кароткай размовы з Андрэем хутка знікла. Ён адчуваў сябе зусім спусцелы, нібыта Вольга выцягнула з яго жыццёвую энергію.
Яна можа сюды больш ні разу не вернецца, і зусім нічога не будзе больш ведаць пра Бога, пра вечнасць, але на доўгія гады застанецца выкананы яе рукой надпіс – Бог ёсць Любоў.
Нямая пропаведзь.
Кожны наведвальнік малітоўнага дома першапачаткова будзе звяртаць увагу на гэтыя словы.
Дзіўна, ніхто нават не будзе ведаць, што літары намалявала звычайная дзяўчына, якая, нягледзячы на малады ўзрост, ужо паспела, як кажуць, пакаштаваць жыццё. Ніхто не спытаецца яе імя. Ды і навошта, калі разабрацца. Важныя ўчынкі, а не імя.
Парадокс: мы імкнемся часам да гераічных здзяйсненняў, і ў выніку нашы патугі аказваюцца не вартымі пшыку запальнічкі. А можам выпадкова зрабіць “незаўважную” дробязь – звычайны надпіс на сцяне, які здольны паўплываць на многіх людзей.
“І нашыя імёны для іх застануцца невядомымі”, – зусім невесела падумаў Андрэй.
Ён узяў фотакамеру. Наблізіў акуляр да вока.
Наперадзе сядзеў незнаёмец, які сёння відавочна ўпершыню завітаў у малітоўны дом. Яго натхнёны твар вельмі ўразіў Андрэя.
Ці не дзеля незнаёмца спатрэбіўся гэты надпіс?
Насамрэч, Бог ёсць Любоў.
Нямая пропаведзь…
Пстрык!
А ў гэты самы час, далёка адсюль, нікому пакуль невядомы пісьменнік Янусь заканчваў свой твор пра вечнасць, бязмежную плынь хваляў сусветнага акіяну. Хлопец зусім не быў знаёмы з Вольгай, Андрэем, тым больш не ведаў ён і Лідусю, вакол смерці якой і завярцелася ўся гісторыя.
Не звернецца Зямля вакол Сонца і сотні абаротаў, як Янусь патрапіць у вечнасць, пакіне гэты свет.
Магчыма, там ён даведаецца пра далейшыя лёсы герояў сваёй кнігі.
Вольга, як вядома, уратавалася ад самазабойства, дзякуючы Андрэевай увазе. Хоць яна так і не стала веруючай у тым сэнсе, як хацелася б Андрэю, але ў яе душы адбыўся істотны зрух. Дый трагічная смерць сяброўкі наклала свой адбітак. Урэшце Вольга ўсё глыбей пачала задумвацца аб сэнсе жыцця і сваім месцы ў ім.
Брат пісьменніка Януся, урач рэгіянальнай клінікі Міклуш, знайшоў суцяшэнне ўласнай душы, сэрцу. Ён адкрыў для сябе новы сусвет, у якім ёсць месца Богу. Ён нарэшце пачаў бачыць прычыны няшчасцяў сваіх пацыентаў і прычыну ўласнай роспачы.
Лідуся пайшла з нашага свету і невядома нам, дзе зараз яе душа, бо ў вечнасці акрамя Раю ёсць яшчэ і пекла. Многія яе смерць палічылі страшнай, і варта з гэтым пагадзіцца. Нельга існаваць ілюзіямі, будаваць планы на бясконцую перспектыву і ва ўласнай фанабэрлівасці разлічваць на вечнае жыццё на Зямлі. Каб Андрэй быў з ёю знаёмы, ён не аднойчы прыгадваў бы біблейскае “Бог ёсць агонь паглынаючы”. І хоць коратка апісанае жыццё Лідусі нам здаецца пустым і незмястоўным, то яе смерць несумненна мела сэнс, бо паўплывала на светапогляды шматлікіх жывых людзей.
Што тычыцца Януся, ён і не ведаў, у што выліліся яго пошукі натхнення каля ляснога возера-балота. Урэшце, калі мы прасочым лінію прычыннасці, убачым, што ўся гісторыя адбылася з-за пакінутай на дарозе цагліны. З-за гэтага няхітрага будаўнічага матэрыялу, напрыклад, Вольга з’ехала за мяжу. Дзіка гучыць, але адпавядае правілам матэматычнай логікі, дзе кожная прычына выклікае наступства.
Шчасліўцам застаўся фатограф-мастак Андрэй. Яму адкрылася галоўная выснова нашай гісторыі – нішто ў свеце не адбываецца дарма. Усе мы з’яўляемся вінцікамі ў гіганцкім механізме, мурашамі ў велізарным мурашніку, дзе кожныя погляд, уздых, дробязь могуць паўплываць на ход гісторыі. Андрэй убачыў цуд.
Не Янусь “запусціў” ланцужок аповеду. Ён толькі выканаў сваю ролю, напісаную вышэй. І калі мы пашукаем крыніцу прычын, то мусім прайсці бясконцы шлях, каб апынуцца на пачатку вякоў, у той самы момант, калі Усявышні Творца прамовіў “Няхай будзе святло!”, і бязмежная плынь хваляў панесла сусветную гісторыю складаным шляхам у акіяне вечнасці, нараджаючы безліч наступстваў.
І хвалі б’юцца недзе аб невядомы бераг невядомай зямлі, гудуць нібы званы, і чуецца скрозь іх Янусёў шэпат: “Божа, падштурхні набліжэнне будучыні, даруй за рэчаіснасць, злітуйся над намі з-за нашых учынкаў…”
Хвалі розныя ў памерах, аднолькавыя ў сутнасці.
Хвалі працінаюць наскрозь сусветы ўсіх вымярэнняў.