Выбрать главу

Тлумачэнняў выстралам Кравец не знаходзіў.

Задрыжэла паветра. Твар Вацлава абдала жарам.

Туман знік, нібыта ад узмаху чароўнай палачкі. Разведчык працёр вочы, а потым здранцвеў ад нечаканасці.

Неба набыло глыбокі блакітны колер, ззяла гарачае сонца, вялікае поле раскінулася наперадзе. А на полі…

Валасы на галаве разведчыка заварушыліся ад жахлівага відовішча. Ён выхапіў бінокль і прыклаў да вачніц.

У бок пакінутай вёскі па полю цягнуліся танкі, перад якімі беглі безабаронныя людзі. У паветры стаяў страшэнны лямант, плач, крыкі адчаю і болю. Стракаталі кулямёты. Людзі з крыкам падалі, валіліся на глебу.

Вацлаў не верыў вачам.

Побач з танкамі на процілеглым краю поля паказаліся людзі ў старажытных формах вермахта са “шмайсерамі” наперакід. Чорныя каскі блішчэлі на сонцы. Салдаты ішлі доўгім шэрагам, ланцугом. Іх грозныя постаці выразна бачыліся ў бінокль.

У гарляку Краўца ўсё перасохла. Ён выцягнуў трубку сувязі і, парушаючы інструкцыі, датэрмінова выклікаў штаб.

Тэрарысты ў эсэсаўскіх формах, аўтаматы страляюць сапраўднымі кулямі, людзі з крывавымі плямамі на адзенні падаюць і не ўстаюць. Вацлаў гатовы паклясціся, адзін бедалага апынуўся пад магутнымі танкавымі тракамі. Гэта не вучэнні, – вайна, і тэрарысты ў ёй сапраўдныя. А ён – адзін!

“Выклікаю базу! Паўтараю, выклікаю базу! У мяне пазаштатная сітуацыя. Прыём… прыём…” – сяржант настойліва выклікаў аператара. Лінія маўчала. Кравец ліхаманкава націскаў клапыжкі іншых каналаў. Дарэмна. Сувязь адсутнічала.

Вацлаў вылаяўся, схаваў трубку на месца, ізноў прыпаў да бінокля. Адкуль у глушы, у самым цэнтры Зоны з’явілася мірнае насельніцтва ў такой колькасці, разведчык не ведаў.

Маскхалат, абвешаны штучным лісцем, добра хаваў байца. Зблізу сяржанта можна было прыняць за невялікі пагорак.

З лесу паказалася яшчэ адна група аўтаматчыкаў у нямецкіх формах. Людзі, што ўцякалі ад фашыстаў, спыніліся. Шлях адступлення аказаўся адрэзаным. Люта брахалі сабакі – грамадзістыя адкормленыя аўчары. Да слыху данесліся загады на нямецкай мове.

Сяржант адчуў жах і струменьчык халоднага поту на спіне, калі метрах у дзесяці яго абмінуў здаровы бугай са “шмайсерам”.

Вацлаў утапіўся ў глебу і ляжаў нерухома. Бінокль давялося непрыкметна схаваць як непатрэбную цацку.

Танкі спыніліся. Сярод тэрарыстаў вылучыўся адзін, відаць, самы галоўны. Ён размахваў рукамі і аддаваў загады. Людзей пачалі заганяць па аднаму-двух у стаяўшую побач звычайную сялянскую пуню.

“Светлыя нябёсы! Вылюдкі спаляць бедалаг”, – здагадаўся Кравец.

Ён ізноў спрабаваў выйсці на сувязь. Эфір безнадзейна маўчаў.

Сяржант сціснуў зубы. Ад яго адзіночнага ўмяшання толку аніякага не прадбачыцца. Ён пакрысе прыняўся адпаўзаць назад. Аперацыя скончылася яшчэ да пачатку.

Метр за метрам разведчык адпаўзаў за хату, паўз якую ён сюды прыйшоў.

Фашысты метадычна зганялі людзей на месца расправы – маладых жанчын з дзецьмі, старых. Лямант, крыкі, брэх нацкаваных аўчароў не сціхалі.

Непрыкметнаму адыходу сяржанта перашкодзіла падзея, якую нельга прадбачыць наперад. З шэрагу мірных жыхароў раптоўна аддзялілася дзіця, якое з усіх ног пабегла ў накірунку Вацлава. Малое з лямантам, пятляючы нібы заяц, кіравала прама на разведчыка. Хтосьці з карнікаў узняў “шмайсер” і даў кароткую чаргу веерам. Малое імгненна ўпала і заціхла.

Кравец спыніўся, агледзеўся і ўпотай папоўз да дзіця. Заўважыў тое, чаго не ўбачылі карнікі, малое яшчэ ледзьледзь краталася.

Хутка дым засціў сонца, вецер ганяў смурод паленага мяса, чад бярвення ад спаленай пуні.

Тэрарысты зніклі. Страшэннае вогнішча дагарала. Сяржант папоўз да параненага дзіця. Ім аказаўся хлапчук гадоў дзевяці-дзесяці. Ён ляжаў у непрытомнасці, раскінуўшы рукі.

Куля трапіла ў нагу, але не кранула косткі. Хлапчук страціў прытомнасць з-за балявога шоку, чым і выратаваўся. Праўда, згубіў зашмат крыві.

Сяржант дастаў паходную аптэчку, апрацаваў антысептыкам рану, перавязаў стэрыльным бінтам. Падумаў і зрабіў два ўколы з біялагічна актыўнымі рэчывамі, стымулюючымі працаздольнасць сэрца.

З-за страты крыві малое магло сканаць. Дзякуючы ўколам, хлопчык пратрымаецца гадзін дванаццаць. Гэтага павінна хапіць да прылёту медверталёта з бліжэйшай базы. Але як яго выклікаць? Сяржант кусаў вусны. Потым усхапіўся, намерваючыся забраць малое і схавацца ў лесе.

Ён узяў хлопчыка на рукі, як нечакана за спінай пачуўся шоргат і ў плечы ўперлася штосьці цвёрдае.

– Хальт! – прагучала нібы прыгавор. – Партызанэн?..