Отто Кройц вярнуўся і сеў у крэсла.
– Давайце хутчэй скончым размову наконт таямніц “Анэнэрбэ”, – прапанаваў ён, зірнуўшы на гадзіннік і стомлена пазяхнуў. – Я вас падману, калі стану запэўніваць, што мне цікава мэта візіту доктара Зільге.
– Няхай гер доктар сам распавядзе, – прапанаваў
Лутцэ, звяртаючыся да навукоўца. Зільге пракашляўся і ўключыўся ў размову.
– Мяне цікавяць паветраныя з’явы, нестандартныя праяўленні прыроды ў гэтым краі.
– Што маецца на ўвазе?
– Незвычайныя туманы, якія вы прыгадвалі ў рапартах.
– Туманы як туманы, – паціснуў плячамі Кройц. – Мясціны балоцістыя, зашмат тваністыя. Увогуле, туманы тут амаль заўсёды.
– Туман, цікаўны мне, мае іншую прыроду, – запэўніў Зільге. – Скажыце, гер Кройц, на ваша меркаванне, чаму знік без вестак атрад элітных байцоў СС?
– Маю толькі адзінае тлумачэнне – партызаны, – адказаў суразмоўца. – Канечне, назад з іх ніхто не вярнуўся, але я выслаў узмоцнены танкамі карны атрад. Мы спалілі тую вёску, дзе зніклі салдаты. Зараз там адно папялішча. І хачу адзначыць, тактыкі спалення мы прытрымліваемся заўжды. За кожнага нямецкага воіна мы знішчаем дзесяць чалавек ворага, як мінімум.
– Я папярэдне сабраў інфармацыю і атрымаў цікавыя вынікі. Калі злучыць рыскамі на карце ўсе месцы ўзнікнення туманаў, складаецца ўражанне, яны нейкім чынам наўмысна гуртуюцца вакол вёскі Трыполле. Дакладней, не ў самой вёсцы, а ў кіламетры побач. Нідзе больш не назіраецца настолькі дзівосных з’яваў.
– Прабачце, доктар, – перабіў Лутцэ. – Размова выпадкова не пра мажлівае сакрэтнае ўзбраенне рускіх?
– Ніколі. Наўрад ці мы маем справу з новай сакрэтнай зброяй Саветаў. Па-першае, да іх яшчэ далёка, па-другое, падобнае назіралася б не толькі вакол Трыполля. Поўна іншых населеных пунктаў.
– Як, па-вашаму, магла б дзейнічаць новая зброя? – спытаў Кройц.
– Не ведаю. Але факт: нямецкія салдаты баяцца гэтага туману. Як сведчылі многія з іх, калі ступіць у туман, чуюцца розныя незвычайныя гукі, гадзіннікі ідуць па-рознаму. З часам увогуле невядома што робіцца. Здаецца, пабудзеш у тумане пяць хвілін, калі вяртаешся – аказваецца, мінула тры-чатыры гадзіны. Чым, па-вашаму, гер штандартэнфюрэр, гэта з’ява тлумачыцца?
– Я не навуковец, гер доктар, я – баявы афіцэр. Наконт розных гукаў скажу наступнае. Вы бывалі у буйных баявых дзеяннях? Пабудзьце пры штурме стратэгічна важных высот, правядзіце там суткі без адпачынку і харчавання, пад адначасовы залп некалькіх сотняў гармат, танкаў, мінамётаў, адчуйце дрыжэнне зямлі, пабачце, як бясконцыя вогненныя шары коцяцца па полю, а вакол усё заслана тысячамі трупаў, гарантую – вы таксама яшчэ доўгі час будзеце чуць і бачыць тое, што невядома іншым. Зразумела, калі застанецеся жывым і не згубіце розум ад жаху. Салдаты стаміліся, доктар. Адсюль і галюцынацыі. Што тычыцца туману, салдаты баяцца партызан, якія могуць з туману высунуцца ў любы момант. Я ўвогуле чакаў свежыя сілы замест вашай інспекцыі, – на апошнім слове Кройц зрабіў націск.
– Разумею ваш сарказм, – Зільге паправіў акуляры. – Але ў “Анэнэрбэ” ў свой час праводзіліся доследы, дзе таксама мелі месца незвычайныя тумановыя з’явы. Вы не фізік, зразумела, вам цяжка растлумачыць, што насамрэч адбываецца…
Ён памарудзіў.
– Карацей, Зільге, – падштурхнуў Лутцэ, які дагэтуль маўчаў.
– Мне неабходна паглядзець на тое месца, пабываць там. Вы арганізуеце для нас экскурсію?
– У Трыполле? Калі ласка. Праўда, мы сёння спалілі названую вёску, літаральна за гадзіну да вашага з’яўлення. Калі вас цікавяць галавешкі, гер доктар, няма праблемы. Яны яшчэ тлеюць.
– Спалілі ўсё? – твар Зільге пазмрачнеў.
– Менавіта.
– І нічога не заўважылі незвычайнага?
– Ні кропелькі. Хіба што схапілі ў палон партызана, які спрабаваў дапамагчы параненаму рускаму хлопчыку. На золку пасля допыту яго расстраляюць.
– У сутнасці не важна, што вёска спаленая, – прамармытаў Зільге. – Хаця мясцовыя жыхары маглі штосьці засведчыць.
Доктар задумаўся.
– Шкада, вы не паспелі раней. Я мог паслаць карнікаў на дзень-два пасля вашых доследаў. Але цяпер ужо позна, – шчыра заверыў Кройц і вярнуў на стол пусты келіх.
– Партызана вы дапытвалі? – пацікавіўся Лутцэ.
– Не паспелі. Думаеце, ён скажа путнае? Я ўжо прыгадваў унутраную моц тутэйшых жыхароў. З любога скуру дзяры – будуць стаяць да апошняга. Шчыра скажу, каб не ведаў бы іх дзікунскую сутнасць, прыняў бы за сапраўдных арыйцаў.
Усталявалася цішыня. Отто Кройц падумаў, ці не ляпнуў ён залішняга, і зараз жа паведаміў: