Выбрать главу

– Слухайце. А вось партызан павінен вас зацікавіць, доктар Зільге. Вельмі незвычайна ён апрануты, і амуніцыя, і астатняе… – Штандартэнфюрэр пахістаў галавой. – Упэўнены, нідзе ў рускіх я не сустракаў нічога падобнага. Дый у немцаў таксама.

– Што вы маеце на ўвазе? – ажывіўся Зільге.

– Форма і знакі адрознення. Рускія такую не носяць! З крэсла падняўся группенфюрэр Лутцэ.

– Што ж, – прамовіў ён. – Варта паглядзець на палоннага.

* * *

Вацлаў Кравец ачомаўся ад шчымлівага болю ў патыліцы. Цела ныла, галава гула, раскалвалася. Няйнакш чымсьці жалезным гвазданулі, вырашыў сяржант і паварушыўся. У скуру ўпіліся вяроўкі. Ён ляжаў звязаным у віль-готным падвале, каменным мяшку з невялікім ваконцам пад столлю.

Вацлаў паспрабаваў сесці. Атрымалася не адразу. Калі вочы прызвычаіліся да паўзмроку, палонны зразумеў: ён тут адзін. Зброя, маскхалат адсутнічалі. На ім засталася звычайная армейская форма.

Кравец сагнуў ногі ў каленях, уперся ў ледзяны дол, адштурхнуўся. Перасунуўся такім чынам да самой сцяны. Перавёў дыханне, супакоіўся. Прыняўся аналізаваць становішча.

Мінулыя падзеі выплылі на памяць. Сумесныя вучэнні, спецаперацыя, пакінутае селішча ў цэнтры Зоны, сапраўдныя тэрарысты ў эсэсаўскіх формах…

Кепскае становішча.

Вацлаў спрабаваў вызваліцца з путаў. Беспаспяхова. Прыняўся чакаць.

Пасля вечнасці маўчання за дзвярмі ў яго камеру загрукаталі.

Увайшлі мужчыны ў ваенных формах з арламі і свастыкамі і хударлявая жанчына невялічкага росту. Нейкі час палонны і візіцёры разглядалі адзін другога.

Кравец заўважыў, што жанчына адрозніваецца ад тэрарыстаў выразам твару. У яе вачах чыталіся сполах і літасць. “Мабыць, заложніца”, – падумаў сяржант. Адзін з катаў даў знак, і жанчына пачала гаварыць.

– Мяне завуць Святлана. Я перакладчыца. Гаспадзін штандартэнфюрэр Отта Кройц, па-нашаму, калі не памыляюся, палкоўнік Кройц, жадае з вамі гаварыць.

“Нішто сабе! – пранеслася ў галаве Вацлава. – Нават палкоўнік… І імёны ў іх нямецкія, якраз да формы, і перакладчыца. Дзівосы!”

Эсэсаўцы чакалі.

– Лепш скажыце што-небудзь, – настойліва прашаптала жанчына.

Сяржант ніяк не цяміў, чаму тэрарысты “косяць” пад нямецкіх афіцэраў часоў апошняй вайны? Рысы твару еўрапейскія, ястрабіныя ледзяныя позіркі, у аднаго шрам на скроні. Хто гэта? Не баевікі ІРА… Новае згуртаванне неанацыстаў? Ды дзе, у раёне адселенай зоны, нападалёк ад разбуранага ядзернага рэактара? Гармідар нейкі.

Краўцу ўсё падалося наркатычным сном. Але рукі былі звязаныя насамрэч, вяроўкі са сном не вязаліся. Што ж, трэба паразмаўляць, нават калі суразмоўцы – здані.

– Дзе я? – спытаў Кравец.

– На тэрыторыі дыслакацыі элітнага батальёна СС, – прамовіла Святлана. – Тут усюды захопнікі.

– Шмат захопнікаў?

Адзін з тэрарыстаў штурхануў жанчыну і нешта доўга казаў па-нямецку.

– Гаспадзіна Кройца цікавіць, хто вы, дзе хаваюцца партызаны, ці іх шмат, раскажыце пра падполле, сувязных, колькі ў вас зброі, якія планы? Расказваць трэба хутка. Гаспадзін Кройц не трывае жартаў, – пераклала Святлана.

“Добра, хоць адразу не пужаюць расстрэлам”, – падумалася Вацлаву.

– Перадайце, мяне завуць Пеця Коржыкаў, я ўвогуле прыляцеў з Марса, – з’едліва адказаў Кравец. – Мая талерка схаваная ў прыдарожным кустоўі. Мо шаноўны гаспадзін жадае зірнуць?

Святлана перавяла. Немцы раздражнёна штосьці прабурчэлі ахоўніку. Той перадзёрнуў затвор “шмайсера” і наставіў зброю на палоннага.

– Палкоўнік Кройц сардэчна раіць не ўпарціцца.

Кравец цяжка ўздыхнуў.

– А мо вы пераапранутыя натаўцы? – спытаў ён хутчэй у самого сябе. – Ламаеце тут Галівуд.

– Не. Яны самыя пародзістыя эсэсаўцы, – прашаптала Святлана.

– Са мною быў хлопчык, што з ім? – успомніў Вацлаў.

Жанчына ўзрушылася. Яе твар пасвятлеў, але імгненна накрыўся маскай абыякавасці.

– Хлопчык пад наглядам фельчара. Дзякуй вам, ён мой пляменнік. Слухайце, зманіце што-небудзь, мо адпусцяць гады. Нашыя ўжо наступаюць.

– Што мне зманіць? Хто нашыя? – горка адказаў Вацлаў. – Якія партызаны, сувязныя? Гэтыя людзі – вар’яты? Вы заложніца? Што тут адбываецца?

Святлана апусціла позірк.

– Шкада. Вас расстраляюць.

Ну вось, засталося чакаць смерці, разважаў Кравец, калі застаўся ў поўнай адзіноце. Гібель невядома за што ў час неспакойнага, але мірнага трэцяга тысячагоддзя.

Нягледзячы на стому і пройдзеныя кіламетры, спаць не хацелася. Узбуджаны мозг усебакова аналізаваў інфармацыю і лагічнага тлумачэння не знаходзіў.

Сяржант спрабаваў супакоіцца, аднавіць у памяці ўсе дэталі аперацыі. Здаецца, пералом адбыўся, калі Вацлаў забрыў у тумановую завесу. Нібыта на зло прапала сувязь, а потым і завіравала сёмая вада на кісялю.