Позняй ноччу доктар Зільге рупліва даследваў рэчы палоннага. Яму дапамагаў Лутцэ.
– Што вы скажаце наконт гэтага? – Зільге перадаў группенфюрэру ўльтранітавы зарад.
– Падобна на гранату, – Лутцэ ўзважыў прадмет у руцэ. – Новае ўзбраенне рускіх?
Афіцэр вярнуў зарад на стол. Узяўся аглядаць аўтамат з пульсмасавым нагнятальнікам. Доктар тым часам трыбушыў рэчмяшок.
– Зільге, адкажыце па шчырасці, чаму вас цікавяць гэтыя туманы? Кройцу можаце дурыць галаву, а вось мне мяркуецца, справа зусім не ў прыродных з’явах.
Лутцэ ўважліва даследваў затворны механізм.
– Маеце рацыю, гер групенфюрэр. Справа не ў тумане.
– А ў чым? – суразмоўца навёў аўтамат на пусты графін, стаяўшы на стале. Зброя зручна ляжала ў руках.
– Дакладна не ведаю.
– Баіцеся ляпнуць лішняе?
– Не. Мажліва мы маем справу з верагодным тэхнічным прарывам рэйха. Калі так, наступіць новая эра ў гісторыі.
– Тлумачэнне аб усім і не аб чым…
– Вы вывучалі фізіку, Лутцэ?
– Ніколі.
– Шкада. У свой час абвер выкраў у англічан трапіўшыя ім неверагодным чынам сакрэтныя доследы доктара Эйнштэйна аб міжпрасторавых сутарэннях часу. Дзіўна, доктар гэтыя доследы ніколі не рэкламаваў. Матэрыялы трапілі ў “Анэнэрбэ”, дзе доўгі час тэарэтычныя выкладкі Эйнштэйна спрабавалі рэалізаваць на практыцы.
– Мне гэта ні аб чым не кажа, – прызнаўся Лутцэ. – Сутарэнні часу… Не разумею.
– Вы чыталі Уэлса?
– Я рэаліст, Зільге, фантастыка не мой канёк.
– Дарэмна. Фантасты часцяком прапануюць досыць практычныя ідэі.
– Добра. – Лутцэ паклаў зброю на стол. – Уэлс паўплываў на доследы “Анэнэрбэ”?
– На “Анэнэрбэ” паўплываў фюрэр, а вось на мяне… – Ён вытрымаў шматзначную паўзу. – Уэлс выказаў думку аб мажлівых падарожжах у часе, Эйнштэйн абгрунтаваў змяненне часу тэарэтычна, а мне тое-сёе атрымалася здзейсніць на практыцы. Разумееце?
– Загадкава гучыць.
– Элементарна, Лутцэ. Вы не жадаеце адправіцца гадоў на сорак-пяцьдзясят у мінулае, пабачыць сябе ў дзяцінстве, пазнаёміцца з кайзерам, а мо вам цікава пабываць у эпоху Рымскай імперыі?
– А вы возьмеце ролю экскурсавода і галоўнага механіка машыны часу, – рассмяяўся афіцэр.
– Не жартуйце, – Зільге перастаў корпацца ў рэчах і цвёрда прамовіў: – Бадай, я першы, каму ўдалося зазірнуць за край бездані.
– Віншую, доктар, – Лутцэ паціснуў плячамі. – І якая яна, бездань?
– Палахлівая, – адказаў доктар пасля нядоўгага маўчання і вярнуўся да справы. – Але поўная неверагодных перспектыў. Больш істотных, чым атамныя доследы.
– Дык пры чым тут туман, вы так не адказалі.
– На мяжы сутарэння паралельных прастораў, калі хуткасць часу не кампенсуецца каэфіцыентам надлома ў вымярэннях…
– Можна без фізікі, доктар? – зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, Лутцэ.
– Туманы не ёсць туманы. Калі прасцей, гэта святло. Святло іншых вымярэнняў. Іх можна атрымаць у лабараторных умовах з дапамогай неабходнага прыстасавання. Але я заўжды лічыў, што ў прыродзе павінны сустракацца анамальныя зоны, якімі злучаюцца розныя эпохі. Яны выконваюць функцыі дзвярэй у іншыя сусветы, паралельныя прасторы, іншы час. Упэўнены, у гэтых мясцінах з’явілася падобная анамалія, дзверы ў іншы свет. Верыце?
Зільге штосьці знайшоў і ўважліва разглядаў. Усталявалася цішыня. Групенфюрэр доўга пераварваў пачутае.
– Не веру, – нарэшце вымавіў ён.
– А што, па-вашаму, вось гэта? – з гэтымі словамі доктар працягнуў Лутцэ картку.
На ёй рускімі літарамі і лацінкай значылася “Сяржант 1-га аддзялення разведроты Вацлаў Кравец”. І дата выдачы, якую немцы і змаглі прачытаць: “5 студзеня 2015 года”.
– Здаецца, самы час больш істотна паразмаўляць з палонным… гм… партызанам, – сказаў уражана доктар Зільге.
Групенфюрэр заўважыў, як расхваляваўся навуковец.
Святлану апанавала трывога. Маладая жанчына хадзіла па хаце туды-сюды, спынілася каля расчыненага вакна. Увабрала паветра на ўсе грудзі. Душнай ноччу перакладчыцу не сунімала прадчуванне, што адбылося штосьці няўлоўна трагічнае. Яно яшчэ больш ўзмацняла боль ад сённяшняга спалення вёскі. Яна доўга ўзіралася ў цемру.
Партызаны чамусьці тыдзень не выходзілі на сувязь. Яна падрыхтавала шмат інфармацыі аб планах гітлераўцаў і не магла нікому іх перадаць.
З розуму не выходзіў сённяшні палонны. Напярэдадні кружыў савецкі самалёт-разведчык. Праляцела чутка, быццам бы яго збілі, але цела лётчыка каля абломкаў так і не знайшлі. Мо гэта ён зараз ляжыць у падвале камендатуры?