Выбрать главу

Антон Алешка

АНАТОМІЯ

Я вытрымаў іспыты ў інстытут.

Пагуляў дома дзён дзесяць і з Аркадзем, які вучыўся ў гэтым жа інстытуце, дамовіўся ехаць на некалькі дзён раней. Разлік быў просты — зараней заехаць і пасяліцца ў самым лепшым пакох інтарната, адпачыць. Так і зрабілі.

Прайшла ноч у дарозе, а на другую ў самую поўнач дайшлі мы да студэнцкага гарадка. У поцемках шумеў дождж і дзьмуў цёплы парывісты вецер.

Пастукалі ў дзверы заспанага інтэрната. Выглянуў вартаўнік. Ён пазнаў Аркадзя, хутка надзеў шапку і дапамог ўнесці клумкі..

Быў позні час і начавань парашылі ў пакоі адпачынку, куды прынёс вартаўнік два сяннікі. Ён крыху пагутарыў з Аркадзем, выключыў святло. Я знябыўся ў дарозе і, калі толькі накрыўся коўдраю, мяне адразу змарыў сон. Раніцою з клумкамі пайшлі на другі паверх, дзе выбралі сабе пакой. Тут было чатыры ложкі і тры сцяны, старанна выбеленыя. Чацвертая, амаль што цалкам шкляная, выходзіла на шырокі пляц гарадка. На тумбачках схіліліся два фікусы, лапушыста пусцілі густа-зялёнае лісце. Вось і ўсё, што было ў нашым пакоі. Размясціліся, расставілі мэблю і Аркадзь пайшоў у інстытут па сваіх справах. Я застаўся з новымі суседзямі. Прыглядаўся, слухаў, што гавораць і гартаў тоўстыя кніжкі, што ляжалі цэлай кучай на стале. Каля акна стаяў нявысокі ў клетчатай кепцы і такім жа пінжаку смуглявы, з худым тварам і маленькімі, як булаўка вочкамі — Пятрусь, ці як яго называў Аркадзь — Пека. Каля дзвярэй у чамадане нечага шукаў другі — Алег. Ён — доўгі, неаформлены, з крываватымі нагамі. Твар чырвоны, ну так, як гавораць у нас, проста вылізаны. Лоб блішчэў. Шчокі ўздуваліся, а тонкую шыю абвіваў сіні ў чырвоную палоску гальштук. Алег не спадабаўся мне, не ведаю чаму.

— Закусім, Пека,— звярнуўся ён да Пятруся.

Той бліснуў белымі зубамі, буркнуў, глянуўшы ў акно яшчэ раз.

— Не пашкодзіць...

Яны селі есці. Я тым часам лёг на ложак адпачыць. Глядзеў праз шырокія шыбы акна на двор, дзе шэрань хмар клубілася на ветры і ледзь не заснуў. Нехта пастукаў у дзверы. Алег крыкнуў:

— Можна!..

Калі скрыпнулі дзверы, я ўбачыў, што Алег прыкметна пачырванеў, апусціў вочы і перастаў есці памідоры. Я павярнуўся на другі бок. У пакой зайшла дзяўчына. Яе я не бачыў, а чуў толькі голас. Дзяліліся яны паміж сабою ўражаннем аб адпачынку, шмат аб кім гаварылі, але я нікога не ведаў. Дзяўчына часта смяялася звонкім гарлавым голасам, і мне думалася, што яны вельмі шчыра сябруюць. Крэсла заскрыпела і да ложака нехта ступіў.

— А гэта хто? — пачуўся голас дзяўчыны.

Я павярнуўся і расплюшчыў вочы. Насупраць стаяла стройная, у сіняй сукенцы студэнтка. Hoc тонкі, губы чырвоныя; і танклявая белая шыя хавалася пад каўняром, перавязаным наперадзе бантам. Вочы чорныя, горача-неспакойныя, нібы прыкалолі мяне да пасцелі. Я не варухнуў ні адной часткай свайго цела, любаваўся ёю ўкрадкай. Коратка абстрыжаныя валасы звіліся ў адзін клубок. Была яна струкаватая, як баранчык.

— Будзь знаёма... Брат Аркадзя... — прыплюшчыў і да таго малыя кропкі вачэй Пека, размашыста адвёў руку ў мой бок. Я нічога не сказаў на тое, што Пека схлусіў і паспешна ўстаў. Яна пільна паглядзела мне ў твар і, зразумела, я не вытрымаў. Пачуў толькі, што сказала, працягнуўшы мне руку.

— Нэя...

Я адышоўся да акна.

— Які няветлівы. А Лёня яшчэ. У мяне так брат завецца,— з усмешкаю закончыла яна.

У той жа вечар мы сядзелі з Аркадзем у кіно і я распытваў у яго пра Нэю. Аркадзь гаварыў аб ёй, як аб чулым сябру і актыўнай комсамолцы. Даруйце, не сказаў я, што Аркадзь у інстытуце быў сакратаром комсамольскай арганізацыі факультэта і безумоўна работу яе ведаў. Прыемна было слухаць, што такая прыгожая дзяўчына, як Нэя, і ў вучобе, і на грамадскай рабоце — амаль першая ў інстытуце. Шмат чаго мне сказаў Аркадзь. Мы выходзілі з кіно і ён між іншым паведаміў, што ўжо амаль два гады, як за ёю ходзіць наш Алег. Я не даходзіў, як яна на гэта рэагуе. Адразу знікла ахвота гаварыць аб Нэі і яе асляпляючая прыгажосць зрабілася прыкрай. Адбылося гэта ў момант. Усё, што вырасла за цэлы дзень і тое, што было афарбавана ў думках ружовым ко­лерам, як кажу, вылецела і мне стала нядобра.

Ужо пад'язджалі да свайго гарадка. На стыках вагон гойдаўся і вельмі гудзеў. Я пазіраў на потную шыбу, думаў: „Няўжо яна гуляе з такім хлапчуком?" Усё яшчэ здавалася, што гэта не так. Глянуў на Аркадзя, стаяўшага побач. „Не хлусіць ён. Ведае як было. А я ўсякае магу ў думках гадаць пра чалавека". Шкада было толькі аднаго: які я ўсё ж чалавек? Толькі ўбачыў Нэю і ў адзін момант у лятуценнях намаляваў яе як найчысцейшую істоту, ідэал, да якога павінен цягнуцца. Ды памыліўся. У другі момант быў я задаволены, што гэта так. Супакоіўся і сказаў сабе, што, перш чым зрабіць той альбо іншы вывад аб кім-небудзь, трэба быць больш уважлівым, умець назіраць.