Выбрать главу

Так мы і жылі. Аркадзь прыходзіў позна і тады я з ім мог гаварыць. Астатнія прыязджалі дамоў адразу пасля занятак. А я — як выпадала: альбо зарань, альбо зусім позна. Калі збіраліся усе, Аркадзь знарок пытаўся пра Нэю. Вядома было ўсім, што такая гутарка на па сэрцу Алегу, але ці ўсё быць сур‘ёзнымі? Звычайна было так. Пека скідаў кашулю, складаў старанна на табурэце і лажыўся на ложак. Ад яго можна было увесь вечар не чуць ні аднаго слова. Вельмі заўзята чытаў. Алег рабіў інакш. Любіў ісці да хлапцоў у кампанію, альбо да дзяўчат, і там спяваць. Прыходзіў у пакой і галасіста канчаў:

...лель моль,

лель моль...

Пека варушыўся на ложку і ўстаўляў у яго канец песні кожны раз амаль што адно.

— Не па спецыяльнасці пайшоў. Вяртайся, пакуль не позна.

Такая рэпліка не падабалася Алегу.

— Манах. Табе усё б маўчаць. Ведай, не засталося нідзе для цябе і драхлага манастыра.

Мінула два месяцы. Я бачыў, што Нэя свае абяцанне — дапамагаць мне — старанна выкоявае. Амаль кожны вечар яна прыходзіла ў анатамічку, знаходзіла мяне. Я спачатку глядзеў на гэта, як на забаву. Калі, думаю, ахвота дзяўчыне, дык няхай забаўляецца. А ў гэты час было ўжо мусіць іншае. Нават студэнты з маёй групы на занятках сталі прыкмячаць, а дзяўчаты шушукацца. Адзін раз на перапынку стаяў я на калідоры — лекцыя была ў нас — і пачуў, як нехта ўзяў мяне за локаць. Азірнуўсн і не паверыў вачам — гэта была Нэя. 3 чацвертага паверху прышла. Адвёўшы да акна, сказала з дакорай:

— Хлус ты... Я ўсё думала — і праўда...

Я азірнуўся. Не ведаў чаму так абзывае мяне і, прызнацца, крыху пачырванеў.

— Брат, казаў. Сёння Аркадзь мне пасмяяўся.

Уздыхнуў вальней, зразумеў у чым справа.

— Кінь... Па-першае, гэта сказаў не я. Наколькі памятаю, табе схлусіў Пека. Па-другое, не ўсё роўна, хто я Аркадзю: брат ці сват? Праўда?

Нэя нічога не адказала, доўгім поглядам правяла мяне ў аудыторыю. Хлопцы пыталіся ў мяне, якія адносіны я маю да яе. Давялося сказаць нешта заблытанае і перавесці размову на другое.

Хутка ў нас здарыўся такі выпадак. Аркадзь узяў статаскоп і пачаў аўскульціраваць Алега. Хударлявы ў целе Алег стаяў згорблена, дробна моргаў вачыма. У дзверы пастукалі.

Пека крыкнуў з ложка:

— Можна!

На парозе паказалася Нэя і, убачыўшы Алега ў такім выглядзе, зыйшла. Ён нездаволена махнуў рукою і выбіў у Аркадзя стата­скоп. Чорная галоўка зляцела і, стукнуўшыся аб радзіатар, разляцелася. Алег раззлаваўся. Статаскоп быў яго. Спачатку гаманіў сам сабе, а потым надзеў кашулю, казаў у бок Пекі:

— Чалавеку нельга зайсці —разлёгся...

Пека ўстаў.

— Думаеш, яна не зайшла таму, што я ляжаў? Не хацела глядзець на твой габітус. Грудзі ў цябе, як у старога зайца, а ты яшчэ кавалера строіш.

Алег пачырванеў, выпучыў вочы.

— Хто б я не быў, табе ўсё роўна. У інтымныя справы не суйся, калі ласка... — кіпеў Алег.

Пека пазіраў на яго, не моргаючы, і на ім нішто не варухнулася. Да чаго ж спакойная натура!

— Калі будзеш крычаць, праз дугу ўмываць павядзём... Падабрэеш тады, — сказаў Пека і вышаў.

Вышаў і Алег.

У гэты вечар ад Пекі я даведаўся, што Алег — сын буйнага доктара з аднаго паўднёвага горада. У бацькі ён адзін, такі адпешчаны, што нічога не скажы.

— Каб ён гадаваўся ў нас на фабрыцы, а то што... — Пека ўзяў мандаліну і крануў струны медзіатарам. Любіў іграць штосьці та­кое працяглае, меладычнае, проста без канца.

Было гэта перад днём адпачынку. На пляцы каля інтэрната гу­лялі студэнты. Туды пайшоў і Пека. Я адчуваў сябе дрэнна і лёг на ложак. Праз адчыненую фортку чуліся вясёлыя галасы. Зноў зайшла Нэя. Зіркула на мяне, апусціўшы бровы.

— Што з табой здарылася?

— Мусіць, захварэў.

Яна знайшла пад коўдрай маю руку і, нахіліўшыся, макала пульс. Зноў адчуў дотык яе рукі і ўспомніў, як знаёміўся ўвосень.

Яна пастаяла, ціха сказала:

— Нічога, усё ў норме.

Сядзела каля стала, нешта смешнае гаварыла. Убачыўшы асколкі статаскопа, звярнула ўвагу.

— Гэта Алегаў статаскоп.

Слова за слова — гаворка зайшла пра Алега. Я сказаў тое, што чуў ад Аркадзя ў кіно. Яна звяла бровы, ускрыкнула.

— І ты ведаеш?! Не думала. Не падабаюцца мне такія рамантычныя асобы. Больш не кажы мне...

— Чаму?.. У нас так і гавораць, што ты заходзіш да Алега. Мо не праўда?

Я чакаў, што яна скажа.

Нэя з хвіліну думала. Легка ўстала з табурэткі і спыніласл каля дзвярэй.

— Хаджу, ды не да Алега.

Я доўга ляжаў і ніяк не мог знайсці і на макавае зерне ў сабе якое-небудзь цягі да яе, пачуцця, якое магло б вырасці ў што-небудзь большае, акрамя простата знаёмства. Словы Нэі прымусілі задумацца. Разважаў я сам з сабою і так для мяне і засталося незразумелым, што хацела сказаць Нэя.