Выбрать главу

Мусіць з шасцідзёнку да нас не заходзіла. Аркадзь пацікавіўся.

— Нешта Нэя не заходзіць. Мо чым пакрыўдзілі?

Думалі, што б магло адштурхнуць таварыша? Я чытаў газету і чуў, аб чым гаварылі. Хацеў сказаць. Падумаў, што гэта пакрыўдзіць Алега і прамаўчаў.

— Я і так не ведаю чаго яна хадзіла да нас? Прыдзе, пасмяецца і на гэтым канец... Каб, скажам...

— Пачнеш разважаць, — перабіў Пеку Алег. — Табе здаецца, калі хто заходзіць да нас, дык павінен абавязкова гаварыць на вучэбную тэму: аб індурацыі лёгкіх, ці аб якой-небудзь дзістрафіі...

— Пайшоў, пайшоў, — пазіраў Пека, узняўшы камячкі брывей.

Алег уставіўся на нахіленыя над сталом плечы Пекі.

— Аб гэтым і на лекцыях многа гавораць. Не буду ж я ў кіно паўтараць эндакардзіты. Так і тут.

Хто з іх казаў праўду, мяне мала цікавіла. Прычыну ведаў толькі я ды Нэя. Запамяталася адна гісторыя, якую расказаў Алег у бурнай гутарцы з Пекай.

У сярэдняй школе Алег быў знаёмы з адной дзяўчынай. Калі хто-небудзь з хлапцоў з ёю гаварыў, яна адразу пачынала весці гутарку пра гаспадарку свайго бацькі, пыталася колькі кароў мае яго бацька. У другі вечар яе ўжо цікавілі авечкі, свінні...

— Не інакш, нейкі кулацкі вырадак была гэтая твая знаёмая,— усміхаўся Пека.

— І ў цябе не лепш. Кожны вечар толькі і гутарыш: алаленцікі, кумуляцыя, таблеткі, болюсы... Не кожнаму гэта цікава.

Пека адказаў на гэта ціхім голасам, удумліва так.

— Філосафам мне не быць... Зачым? Мая мэта — стаць участко­вым доктарам. Зразумеў? І ведаць для гэтага што-небудзь трэба.

Міналі тыдні. Я не прыкмячаў, як хутка бег час. Дні праходзілі ў вучобе і к поўначы хацелася, каб суткі мелі, ну, хацяб на адну гадзіну больш часу, чым яны маюць звычайна.

Аднойчы, пасля лекцыі застаўся я ў аўдыторыі. Праз гадзіну павінен быў быць комсамольскі сход. Дамоў ехаць не выпадала. Мінуў я апошнія рады лавак і спыніўся каля вуглавога вакна. Наш будынак стаяў на ўзгорку. Дамоў у гэтым баку было мала. Сіняй стужкай завівалася рака Варона, падмывала высокі бераг. За рэчкай віднеліся трубы і мноства будынкаў — гэта авіяцыйны завод. Крыху бліжэй бялелі карпусы завода сінтэтычнага каучука. Гэтыя гмахi гігантаў выраслі за гады сталінскіх пяцігодак, і цяпер дымяць над стэпавай раўнінай прыгарада. Мне відна далеч стэпаў, калі зірну лявей. Халоднае шкло студзіць прытулены гарачы лоб, думкі плывуць і робіцца прыемна, што адчуваеш сябе грамадзянінам грамаднага калектыва краіны.

Нельга без гонару і захаплення глядзець на чорныя кропкі самалётаў, што кружацца над заводам. Яны толькі што выпархнулі з варот цэха і праходзяць іспыты ў паветры.

— Задумаўся? — ледзь чутна даляцела да мяне пытанне. Я думаў, здалося мне гэта, ці хто-небудзь сапраўды пытаецца. Азірнуўся. Нэя голасна засмяялася. Яе грудзі высока ўздымаліся, ірваліся на волю з-пад тонкай белай блузкі. Відаць, яна стамілася.

— Стометроўку брала... Вунь, — яна прытулілася да акна, нака­зала ўніз. На спартыўным пляцу беглі групкамі, стаялі гуртам студэнты каля фініша. Я стаяў з Нэяй. Мяне ўбачыў Аркадзь і падміргнуў з кафедры. Я кіўнуў яму і пазіраў на кучаравыя пасмы валасоў.

А калі пачаўся сход, мы селі поруч на апошняй парце. Потым Нэя захацела пералезці на край, адклала партфель, устала, зачапіўшыся туфлем спатыкнулася, і села мне на калені. Хутка ссунулася на край і закрыла твар далонямі. У гэтым нічога асаблівага я не бачыў. Мала што можа здарыцца, мы ж сябры. Я ўважліва слухаў дакладчыка. У думках перакінуўся ў далёкую ад нас краіну, дзе сёння трашчаць кулямёты, б‘юць гарматы і заліты крывёю іспанскі народ адстойвае сваю незалежнасць ад германа-італьянскіх фашыстаў. Аўдыторыя комсамольцаў інстытута наэлектрызавана дакладчыкам. Нэя горача шэпча на вуха.

— Прабачай.

Я сціскаю яе руку вышэй лакця і ківаю ў бок прэзідыума.

Нэя разумее мяне.

Едучы дамоў, я думаў аб ёй. Нават здзівіўся, калі зразумеў, што ў апошні час я сам хачу часцей бачыць яе, слухаць лапатлівы голас, глядзець у строгую глыбіню вачэй. Як выйшлі з вагона, у мяне Аркадзь адразу запытаўся:

— Нешта ты з Нэяй часта сядзіш, а-а?

— А што тут дрэннага?

— Ты і скажы, што дрэнна, а што добра... — не пакідаў ён мяне.

— Покуль ні добра, ні дрэнна.

Больш Аркадзь не пытаўся. Былі мы раз на паравозным заводзе. Я рабіў даклад рабочым першай змены механічнага цэха. Нэя выступала судакладчыкам. Мне здавалася, што яна лепш за мяне гаварыла. Падаў пухкі снег, калі мы ішлі ціхай вуліцай каля станцыі, нячутна чапляўся на паліто Нэі, пабліскаваў дыяментам. Яна хваліла мяне за даклад.