Выбрать главу

Уваходзіць Варый.

Што скажаш, Варый?

Варый

Скажу, дазнаўся цвёрда і дакладна: Антоній раптам выехаў з Егіпта, Плыве даўно і хутка будзе ў Рыме.

Пампей

Параніла мне вушы гэта вестка.— Не думаў я, Менас, што прагны бабнік Надзене зноў свой шлем. А на вайне Ён сіла большая, чым тыя два. Ну, што ж,— мы можам толькі ганарыцца, Што наш мяцеж падняў яго з пасцелі I вырваў ненасытнага гуляку З абдымкаў фараоншы-удавы.

Менас

Не веру я, што Цэзар і Антоній Паладзяць між сабою. Фульвія Нямала шкоды Цэзару зрабіла, А брат Антонія вёў з ім вайну. Антоній, праўда, іх не падбухторваў, Аднак... хто ведае, як ён паверне?

Пампей

Прадбачыць цяжка. Меншая варожасць Часамі адступае перад большай. Каб не было нас тут, яны б, напэўна, Адзін другому горла перагрызлі, Прычын для гэтага хоць адбаўляй. Але цяпер з'яднаць іх можа страх — Забыўшы сваркі, ўсе збяруцца ў кучу. Хай нас багі бароняць ад няўдачы! Я прадчуваю, бой будзе гарачы. Хадзем, Менас.

Выходзяць.

СЦЭНА 2

Рым. У доме Лепіда.

Уваходзяць Энабарб і Лепід.

Лепід

Шаноўны Энабарб, як было б добра, Каб ты схіліў Антонія да згоды.

Энабарб

Ён можа быць самім сабой, і толькі. Калі яго чым-небудзь раззлуе Актавій Цэзар, ён яму не спусціць, А грымне словам, як з нябёсаў Марс. Юпітэрам клянуся, каб я меў. Такі ж ваяцкі выгляд, як Антоній, Я б не галіў свайго шчаціння век.

Лепід

Цяпер не час, каб нам разводзіць спрэчкі.

Энабарб

Але пара зірнуць і ў сутнасць спраў.

Лепід

Нязначнае павінна даць дарогу Больш важнаму.

Энабарб

                         Яно-то так, але Нязначнае заўжды наперад лезе.

Лепід

Лягчэй, лягчэй. Не трэба гарачыцца. Не дзьмі на вугаль, бо агнём успыхне.— Вось ён, Антоній доблесны.

Уваходзяць Антоній і Венцідзій.

Энабарб

I Цэзар.

Уваходзяць Цэзар, Мецэнат і Агрыпа.

Антоній

(Венцідзію)

Як скончым тут, адразу на парфян.

Цэзар

(Мецэнату)

Не ведаю, спытайся у Агрыпы.

Лепід

Высакародныя сябры, саюз наш Для спраў высокіх намі заснаваны. I дробныя нязгоды не павінны Яго парушваць. Дык праявім сёння ж Спагадлівасць адзін да аднаго, Бо калі вельмі гучна абмяркоўваць, Забойствам будуць спрэчкі, не лячэннем. Таму прашу, дзяржаўныя браты, Пытанні вострыя кранаць мякчэй, Каб гневу слуп не вырас паміж намі.

Антоній

Прамова слушная. Я б выступіў з такою ж, Праціўніка сустрэўшы перад боем.

Трубы.

Цэзар

Вітаю ў Рыме.

Антоній

Дзякую.

Цэзар

Сядай.

Антоній

Сядай ты першы.

Цэзар

Ну, як хочаш...

Садзяцца.

Антоній

Я чуў, мае паводзіны ты лічыш Ганебнымі, хоць ганьбы ў іх няма, А калі ёсць, дык што табе з таго, Цябе ж не закрануў.