Выбрать главу

Агрыпа

Доблесны Энабарб!

Мецэнат

Як добра, што ўсё так цудоўна ўладзілася.— А вы, мабыць, весела пажылі ў Егіпце.

Энабарб

Дзіва што! Уставалі так позна, што сонца ад сораму закрывала твар, а пілі і закусвалі — аж пакуль ноч не бляднела, стаміўшыся.

Мецэнат

А ці праўда, што на сняданне падавалі па восем вепрукоў на дванаццаць асоб?

Энабарб

Для нас гэта было як муха для арла. На нашых банкетах такія цуды тварыліся, якіх свет не бачыў, ёсць чым пахваліцца.

Мецэнат

Калі верыць доўгім языкам, Клеапатра такая красуня, што ёй раўні няма.

Энабарб

Яна завалодала сэрцам Антонія адразу ж. А сустрэліся яны ўпершыню на рацэ Кідне[21].

Агрыпа

О, тады яна была сапраўды прыгожая, калі той сведка, што мне расказваў, не хлусіць.

Энабарб

                    А я вам зараз апішу. Яе баркас плыў па вадзе, як трон, Блішчаў у золаце. Барвовы ветразь Напоены быў водарам пяшчотным, I вецер млеў; туліўся да яго. Пад гукі флейт сярэбраныя вёслы Ў суладдзі дружным разразалі плынь, I хвалі абмывалі іх з любоўю. Царыца ж пад парчовым балдахінам Ляжала на ўзвышэнні. Слоў не маю, Язык нямее перад гэтым дзівам, Венера адступае перад ёю, Стварэннем дасканалае красы. Абапал ложка хлопчыкі-амуры Махалі апахаламі рытмічна, Абвейвалі яе румяны твар, Які палаў, струменіў хараство.

Агрыпа

Бач, як Антонію пашанцавала!

Энабарб

Прыслужніцы вакол, як нерэіды[22], З адданасцю глядзелі на царыцу, Лавілі кожны рух яе вачэй. Адна з дзяўчат стаяла ля руля I грацыёзна кіравала суднам, Трымаючы шаўковыя шнуры У далікатных, як пялёсткі, пальцах. Прывабны водар з музыкай чароўнай Цяклі суладна і п'янілі бераг. Народ збягаўся да ракі, і плошча, Дзе ў крэсле узвышаўся Марк Антоній, У момант апусцела. Ён адзін, Нікога больш. Паветра, дык і тое Памчалася б насустрач Клеапатры, Каб вырвацца магло!

Агрыпа

Вось дык жанчына!

Энабарб

Калі яна прычаліла, Антоній Паслаў ганцоў прасіць яе пачціва З ім павячэраць, а яна ў адказ Паклікала яго самога ў госці. I наш Антоній, чалавек ласкавы, Які жанчынам адмаўляць не можа, Пабрыўся разоў дзесяць і пайшоў, Каб потым сваім сэрцам расплаціцца За ўсё, што там еў вокам ненасытным.

Агрыпа

О шлюха царская! Сам Юлій Цэзар Свой меч калісьці клаў ёй у пасцель; Пасеяўшы, жніва не дачакаўся.

Энабарб

Аднойчы давялося мне пабачыць, Як бегла вуліцаю Клеапатра, Задыханая, нешта балбатала, Пра іншую сказаў бы — недарэка, А ёй была да твару нават слабасць.

Мецэнат

Цяпер яе Антоній, мабыць, кіне.

Энабарб

Ніколі. Ні за што. Не надакучыць Яе каханне век. У ім няма Будзённай аднастайнасці, бо прага, На міг патухшы, зноў палае. Страсць Ператвараецца ў свяшчэннадзейства.

Мецэнат

Калі краса, і розум, і ласкавасць Жанчыны вернай супакояць дух Антонія, загояць раны сэрца, Актавія яму — нябесны дар.

Агрыпа

Хадзем, шаноўны Энабарб. Будзь госцем. Жыві ў мяне, пакуль ты ў Рыме.

Энабарб

Дзякуй.

Выходзяць.

СЦЭНА 3

Там жа. У доме Цэзара.

Уваходзяць Цэзар, Антоній, Актавія і світа.

Антоній

Мой абавязак і дзяржаўны клопат Нас могуць разлучыць.

Актавія

                           У час разлукі Маліць багоў я буду на каленях За поспех твой.

Антоній

               Спакойнай ночы, Цэзар.— О мілая Актавія мая, Не прыслухоўвайся да нізкіх плётак, Што ганьбяць гонар мой. Так, я грашыў, Але ў мінулым гэта ўсё. Дабранач! Адпачывай! — Спакойнай ночы, Цэзар!
вернуться

21

А сустрэліся яны ўпершыню на рацэ Кідне.—  Кідна — рака ў Малой Азіі (цяперашняя Кірасу).

вернуться

22

Прыслужніцы вакол, як нерэіды.— Нерэіды — німфы, русалкі.