Выбрать главу

Цэзар

Спакойнай ночы!

Цэзар, Актавія і світа выходзяць.

Уваходзіць вяшчун.

Антоній

А! Гэта ты? Сумуеш? У Егіпет хочацца?

Вяшчун

Лепш бы я ніколі адтуль не выязджаў, а ты не прыязджаў туды.

Антоній

Чаму?

Вяшчун

Растлумачыць словамі не магу, нутром адчуваю. Вярніся ў Егіпет.

Антоній

Дык прадкажы, што мне рыхтуе лёс. Хто больш узвысіцца: я альбо Цэзар?

Вяшчун

                                       Цэзар. Далей трымайся ад яго, Антоній. Твой дэман, дух, які табой кіруе, Магутны, велічны, непераможны, Калі паблізу Цэзара няма. Але дух Цэзара заўжды мацней, I побач з ім твой геній траціць сілу. Няхай адлегласць падзяляе вас!

Антоній

Ты мне сказаў — і ўсё!

Вяшчун

                         Нікому больш. Нідзе нікому, аднаму табе. Якую б з ім гульню ні пачынаў ты, Не спадзявайся выйграць, ты прайграеш. Твой дух спалохаецца і адступіць Перад нязменнасцю яго удач. Будзь незалежным! Без яго ты волат.

Антоній

Ідзі! Пакліч Венцідзія сюды.

Вяшчун выходзіць.

Адпраўлю на парфян. Так ці іначай, Ці гэта спрыт, ці гэта выпадковасць, Але сказаў ён праўду. Нават косці I тыя Цэзару ў руку кладуцца. Спаборнічаць з ім проста немагчыма. Пацягнем жэрабя — ён апярэдзіць. А пеўняў выпусцім, дык мой слабейшы. Ў яго і перапёлкі добра б'юцца, З маіх жа пух ляціць. Хачу ў Егіпет, Жаніцьба гэтая, мой шлюб раптоўны Ёсць толькі спосаб мір умацаваць, А шчасце там, на Ўсходзе.

Уваходзіць Венцідзій.

                              А! Венцідзій. Ты рушыш на парфян. Усё гатова. Загад падпісаны. Хадзем.

Выходзяць.

СЦЭНА 4

Там жа. Вуліца.

Уваходзяць Лепід, Мецэнат і Агрыпа.

Лепід

Мяне далей праводзіць не патрэбна. Спяшайцеся да вашых палкаводцаў.

Агрыпа

Вось толькі развітаецца Антоній З Актавіяй — і мы ў дарогу.

Лепід

                                     Добра. Сустрэнемся ў даспехах баявых, Яны цяпер да твару вам. Бывайце.

Мецэнат

Відаць, мы будзем ля гары Мізенскай Раней, чым ты, Лепід.

Лепід

                                           Павінен буду Я кружным шляхам рушыць. Справы ёсць. Абгоніце мяне вы дзён на два.

Мецэнат і Агрыпа

(Разам.)

Жадаем поспеху.

Лепід

Да пабачэння.
СЦЭНА 5

Александрыя. Палац Клеапатры.

Уваходзяць Клеапатра, Харміяна, Ірада і Алексас.

Клеапатра

Я музыкі хачу, той горкай ежы, Што корміць нас, нявольнікаў любві.

Слуга

Гэй, музыканты!

Уваходзіць Мардзіян.

Клеапатра

                     Не хачу, не трэба. Лепш у шары згуляем, Харміяна.

Xарміяна

Рука баліць. Вось, можа, Мардзіян.

Клеапатра

Што ты, што еўнух, для мяне ўсё роўна. Які з вас толк!

(Мардзіяну)

А ты ў шары умееш?

Мардзіян

Не вельмі, найяснейшая царыца. Я пастараюся.

Клеапатра

                        Ну-ну! Старанне, Хоць марнае, дае акцёру скідку. Гуляць я расхацела! — Прынясіце Мне вудачку і пойдзем на раку. Там буду я пад ціхія напевы Лавіць чырванапёрых вёрткіх рыбак, За жабры іх падчэпліваць кручком, Выцягваць, уяўляючы, што гэта Антоній на кручку, і паўтараць: «Ага, ага, папаўся!»