Харміяна
А ты помніш
Вясёлы жарт, калі ў заклад пайшлі вы
Хто больш наловіць рыбы, і яму
Твой вадалаз павесіў на кручок
Салёную макрэль?
Клеапатра
Тады, ў той дзень,—
О, незабыўны дзень! — мой смех увёў
Антонія ў злосць, і ў тую ж ноч
Мой смех вярнуў яму хвіліны шчасця.
Назаўтра, падпаіўшы, я надзела
Свае ўборы на яго, сама ж
Падперазалася мячом булатным,
Праслаўленым ў бітве пры Філіпах[23].
Уваходзіць ганец.
Ага! З Італіі! Хутчэй расказвай,
Бальзам уцешных вестак лі мне ў вушы
Ганец
Царыца! Ах, царыца!
Клеапатра
Ён загінуў?
Калі ты скажаш «так», злашчасны раб,
Заб'еш царыцу словам, калі — «не»,
Калі Антонію жывецца добра,
Вось золата і вось мая рука,
Яе цары са страхам цалавалі.
Ганец
Яму, царыца, добра, вельмі добра.
Клеапатра
Яшчэ дам золата, бяры. Чакай!
Пра мёртвых кажуць гэтак жа: ім добра.
Калі ён мёртвы, золата расплаўлю
I горла подлае тваё залью.
Ганец
Царыца, выслухай...
Клеапатра
Што ж, гавары.
Па твары бачу: не з дабром прыехаў.
Калі жывы Антоній, не ў палоне,
Тваё аблічча зіхацець павінна,
Калі ж бяда, калі няшчасце з ім,
Чаму не стаў ты фурыяй жахлівай
З клубком гадзюк заместа валасоў?
Ганец
Царыца, выслухай мяне спачатку.
Клеапатра
Мо лепей адхвастаць цябе спачатку.
Але, калі ты скажаш — ён жывы,
Здаровы, з Цэзарам пасябраваў,
Пазбегнуў ліха — залатым дажджом
I градам перлаў я цябе асыплю.
Ганец
Царыца, ён здаровы.
Клеапатра
Гэта добра.
Ганец
Сябруе з Цэзарам.
Клеапатра
Прыемна чуць.
Ганец
Такая дружба ў іх, не разарвеш.
Клеапатра
Узбагачу цябе.
Ганец
Але, царыца...
Клеапатра
Не даспадобы мне тваё «але».
«Але», «аднак», «а ўсё ж» — іржавы нож,
Якім найлепшы ўступ зарэзаць можна,
Падкуплены турэмшчык, што з турмы
Крывавага злачынцу выпускае.
Ну, што яшчэ? Выкладвай без разбору
I добрае і дрэннае. Кажы.
Сябруе з Цэзарам, жывы, здаровы,
Свабодны...
Ганец
Не, я не сказаў «свабодны».
З Актавіяй ён звязаны, царыца.
Клеапатра
Што, што? З Актавіяй? Што іх збліжае?
Ганец
Пасцель.
Клеапатра
О жах! Я млею, Харміяна.
Ганец
Антоній з ёю ажаніўся.
Клеапатра
Брэшаш!
Здыхай, паскуда!
(Збівае ганца з ног.)
Ганец
Царыца, злітуйся!
Клеапатра
Што ты сказаў?
(Б'е яго.)
Прэч, подлы, нізкі раб! Валоссе вырву
I бельмы вылушчу табе з вачніц.
(З сілай трасе яго.)
Жалезнымі прутамі будзеш біты,
А потым у расол і на агонь.
Ганец
Даруй, царыца! Не карай мяне.
Не я іх сватаў. Не мая віна.
Клеапатра
Што? Правучыла? Не гняві, нягоднік!
Скажы — хлусня, скажы — няпраўда гэта,
I я табе дам скарб, цябе узвышу,
Правінцыяй ты будзеш кіраваць,
I ў сне не сніў такога.
вернуться
23
Бітва пры Філіпах.— Філіпы — прыморскі горад Македоніі. У бітве пры Філіпах Антоній і Актавій разбілі Брута і Касія ў 42 г. да н. э.