Ганец
Ён жанаты.
Клеапатра
Нікчэмны раб! Ты вельмі доўга жыў.
(Хапае кінжал.)
Ганец
(убок)
Збягу!
(Клеапатры.)
За што? Чым я цябе пакрыўдзіў?
(Уцякае.)
Харміяна
Царыца дарагая, супакойся:
Ні ў чым не вінаваты ён.
Клеапатра
А хіба
Маланка вінаватых толькі б'е?
Хай воды нільскія зальюць Егіпет!
Гадзюкамі хай стануць галубы!
Вярнуць сюды раба! Я не ўкушу,
Хоць і ў шаленстве. Кліч, вярні ганца!
Харміяна
Баіцца ён.
Клеапатра
I пальцам не крану.
Xарміяна выходзіць.
Я рукі апаганіла свае,
Ударыўшы халопа, я ж сама
Ўсяму прычына.
Вяртаюцца Харміяна і ганец.
Падыдзі, не бойся.
Якім бы чыстым ні было сумленне,
З'яўляцца з дрэннай весткай рызыкоўна.
Навіны добрыя чуваць здалёк,
А ліха падпаўзае непрыкметна.
Ганец
Я выканаў свой абавязак.
Клеапатра
Вось як!
Ён ажаніўся? Можа, зноў пацвердзіш?
Яшчэ ўва мне не выгарала злосць.
Ганец
Жанаты ён, царыца.
Клеапатра
Праклінаю!
Які упарты!
Ганец
Значыць, лепш хлусня?
Клеапатра
О, каб ты мог!..
Хай паў-Егіпта стане нільскім дном,
Прытулішчам чарвей і слімакоў!
Каб ты быў нават, як Нарцыс[24], прыгожы,
Ты для мяне не чалавек — страшыдла.
Ідзі адсюль!.. Чакай!.. Ён ажаніўся?
Ганец
Не гневайся, царыца!
Клеапатра
Ажаніўся?
Ганец
Даруй, царыца! Не прымай за крыўду!
Цяпер ён муж Актавіі.
Клеапатра
Прэч, злодзей!
Махляр спрактыкаваны, вон адгэтуль!
Навёз тавару з Рыма. Не куплю!
Сам прадавай на рынку за бясцэнак.
Ганец выходзіць.
Xарміяна
Перацярпі, ласкавая царыца.
Клеапатра
О Юлій Цэзар!.. Вось ён, мой Антоній!
Я ж так яго хваліла!
Xарміяна
I не раз.
Клеапатра
І вось расплата. Падаю... Трымайце...
Ірада! Харміяна!.. Не, нічога...
Алексас, дзе ты? Дагані ганца
I пра Актавію ўсё распытай:
Якая тварам і які характар,
Ці маладая, колькі ёй гадоў,—
Даведайся і мне ўсё перакажаш.
Алексас выходзіць.
Навек з ім расстаюся... Не магу...
Не, не, не расстаюся!.. Харміяна,
Хоць ён Гаргона[25], але ўсё ж ён Марс.
(Мардзіяну)
Скажы Алексасу, каб запытаў,
Якога воласу і рост які...—
Ах, Харміяна, прытуліся... Цяжка!
Не суцяшай мяне, маўчы...— Вядзіце...
Выходзяць.
СЦЭНА 6
Каля гары Мізенскай.
Трубы і барабанны бой. На чале сваіх войск з аднаго боку ўваходзяць Пампей і Менас, з другога — Цэзар, Антоній, Лепід, Энабарб і Мецэнат.
Пампей
Заложнікаў я ўзяў, а вы маіх.
Пагаварыць нам трэба перад бітвай.
Цэзар
Мы гэтак жа дамовіцца жадаем.
Таму пасланы намі загадзя
Табе ў пісьмовай форме прапановы.
Ці досыць іх, каб ты адклаў свой меч,
Падняты крыўдай і нездавальненнем,
I маладых адважных сіцылійцаў,
Каб не губіць іх тут, дамоў адправіў?
вернуться
24
Нарцыс — міфічны вобраз прыгожага юнака, які, закахаўшыся ў сваё адлюстраванне ў рэчцы, утапіўся ў ёй і ператварыўся ў кветку, названую яго імем.