Выбрать главу

Пампей

Звяртаюся да вас я, трыумвіры, Намеснікі багоў, што на ўвесь свет Сваю руку ўладарную паклалі, Няўжо мой бацька мсціўцаў мець не можа, Калі жывуць яго сябры і сын? Пакінуў жа нябожчык Юлій Цэзар, Чый цень з'явіўся Бруту пры Філіпах, Сваіх заступнікаў — вы адплацілі. Чаму адважыўся сумленны Брут Суполона з Касіем і гуртам рымлян Пайсці на змову у імя свабоды I акрапіць крывёю Капітолій[26]? Бо не хацелі, каб падняўся дэспат I сеў адзін на шыю чалавецтву. З такой жа мэтай я сабраў свой флот I, ўспеніўшы глыбіні вадзяныя, Плыву, каб справядліва пакараць Няўдзячны Рым за бацьку.

Цэзар

Не спяшайся.

Антоній

Не запужаеш флотам нас, Пампей. Мы і на моры спуску не дадзім, Ну, а на сушы ведаеш ты сам, Хто з нас мацнейшы.

Пампей

                              О, прыбраў да рук Сабе ты шмат чаго! Прысвоіў нават Дом майго бацькі. Што ж, трымай пакуль што. Зязюля век свайго гнязда не мае.

Лепід

Бліжэй да справы. Гавары адразу, Ці згодзен ты на нашы прапановы?

Цэзар

Чакаем, адкажы.

Антоній

                         Прасіць не будзем. Узваж, якія выгады табе.

Цэзар

I што ты можаш страціць, захацеўшы Мець больш таго, што мы гатовы даць.

Пампей

Вы дазваляеце мне ўзяць сабе Сіцылію з Сардзініяй пры ўмове, Што я ачышчу мора ад піратаў I буду забяспечваць Рым пшаніцай, Вось вашы прапановы. Іх прыняўшы, Маглі б мы разысціся па-сяброўску, Мячоў не падымаючы?

Цэзар, Антоній і Лепід

(разам)

Ну так.

Пампей

Дык ведайце, што я прыйшоў з намерам На гэта згоду даць і не пярэчыць. Але мяне абурыў Марк Антоній. I хоць, падкрэсліўшы сваю заслугу, Я зменшу ёй цану, але напомню, Каб ты, Антоній, знаў. Калі твой брат Паўстаў на Цэзара, мяне знайшла Ў Сіцыліі твая старая маці, I я ёй даў прытулак.

Антоній

                           Чуў пра гэта. Сардэчна дзякую табе, Пампей. Зрабіў ты добра.

Пампей

                         Ну, то дай руку, Не думаў я, што тут цябе пабачу.

Антоній

На Ўсходзе, дружа, мяккія пасцелі, I маладзец ты, што мяне прымусіў Раней вярнуцца, чым я сам збіраўся. Я ў выйгрышы.

Цэзар

(Пампею)

                       Даўно цябе не бачыў. Даўно, даўно... Змяніўся ты, Пампей.

Пампей

Суровы лёс мне мог змаршчыніць твар, Але не здолеў перайначыць сэрца. Трымаюся.

Лепід

Сустрэча удалася.

Пампей

Ну, а раз так, калі між намі згода, Напішам дагавор і узаконім Яго пячацямі.

Лепід

І неадкладна.

Пампей

Я прапаную, перш чым развітацца, Банкет наладзіць гучны, запрасіць Адзін другога ў госці. Хто пачне?

Антоній

Я дам банкет.

Пампей

                 Чакай, Антоній, друг мой. Пацягнем жэрабя, так будзе лепш, Ці ты пачнеш ці іншы хто — ўсё роўна: У гэтай справе апярэдзіш ты. Там, у Егіпце, нават Юлій Цэзар, Я чуў, ад смачнай ежы растлусцеў.

Антоній

Ці не замнога чуў ты?

Пампей

Я жартую.

Антоній

I я таксама.

Пампей

вернуться

26

Капітолій — узгорак у Рыме, дзе знаходзіўся будынак сената, у якім быў забіты Юлій Цэзар.