Выбрать главу
                   Людзі так гавораць. Яшчэ, я чуў, Апаладор прыносіў...

Энабарб

Не ўспамінай, маўчы!

Пампей

                           А ўсё ж цікава, Што ён прыносіў?

Энабарб

                   У мяшку з пасцеллю Прыносіў Цэзару адну царыцу[27].

Пампей

А я цябе пазнаў. Ну, як жывеш?

Энабарб

Жыву цудоўна, што ні дзень, то лепей: Наперадзе банкетаў чарада.

Пампей

Ну, што ж, давай паціснем рукі, воін: Табе я ворагам не быў ніколі, А храбрасці тваёй зайздрошчу нават.

Энабарб

Каб я любіў цябе, я не скажу. Хваліць даводзілася, хоць, па-мойму, Хвала табе, што муха для асілка.

Пампей

За шчырасць дзякую, лягчэй на сэрцы.— Прашу ўсіх да мяне на карабель.

Цэзар, Антоній і Лепід

(разам)

З прыемнасцю. Вядзі нас.

Пампей

Калі ласка.

Усе, апроч Энабарба і Менаса, выходзяць.

Менас

(убок)

Што ты робіш, Пампей! Мірыцца з імі? Твой бацька ніколі б гэтага не дазволіў. (Энабарбу) Мы недзе сустракаліся?

Энабарб

Здаецца, на моры.

Менас

Ну так.

Энабарб

На моры ты быў герой.

Менас

А ты на сушы.

Энабарб

Люблю, калі мяне хваляць, аднак нельга адмаўляць, што на сушы я ўсё ж нешта зрабіў.

Менас

А я на моры.

Энабарб

Ну, вядома. Але глядзі, не прызнавайся ва ўсім, а то ўліпнеш. На моры ты быў разбойнік, і даволі страшны.

Менас

А ты на сушы.

Энабарб

Ну вось, і знайшлося агульнае. Дай руку, Менас. Каб нашы вочы былі суддзямі, яны б схапілі тут двух галаварэзаў, што, абняўшыся, цалуюцца.

Менас

Што рукі брудныя, не бяда, абы твар быў чысты.

Энабарб

Гледзячы ў каго. Скажам, жанчына. I чысценькая і прыгожанькая...

Менас

Ой, не кажы! Гэта нож для мужчынскага сэрца.

Энабарб

Мы ішлі сюды, каб з вамі ваяваць.

Менас

А давядзецца спаборнічаць у п'янстве. Сягоння Пампей будзе з рогатам прапіваць сваё шчасце.

Энабарб

А заўтра слязьмі абальецца. Толькі шчасця плачам не вернеш.

Менас

Твая праўда. Ніхто з нас не чакаў, што Марк Антоній з'явіцца сюды. Ён што, ажаніўся з Клеапатрай?

Энабарб

Сястру Цэзара завуць Актавіяй.

Менас

Я ведаю. Яна была замужам за Каем Марцэлам.

Энабарб

А цяпер яна жонка Марка Антонія.

Менас

Што ты гаворыш?

Энабарб

Тое, што ты чуеш.

Менас

Значыць, цяпер яны звязаны з Цэзарам навекі?

Энабарб

Сцвярджаць такое — у мяне язык не павернецца.

Менас

Я думаю, тут больш палітыкі, чым кахання.

Энабарб

I я так думаю. Вось пабачыш, гэты шлюб не ўмацуе дружбы, пятлёй на шыі павісне. Актавія набожная, халодная, маўклівая.

Менас

Кожны хацеў бы мець такую жонку.

Энабарб

Можа, хто і хацеў бы, толькі не Марк Антоній. Яму не халоднае, а гарачае падавай, яго пацягне зноў да егіпецкіх ласункаў. Ну, а Цэзар ад уздыхаў Актавіі запалае, як факел. I тады, напэўна кажу, уся іх дружба лопне з трэскам. Антоній будзе шукаць пяшчотаў там, дзе іх пакінуў. А жонку ўзяў дзеля выгады, няйначай.

Менас

I я так думаю. А ці не пайсці нам, дружа, з табой на карабель? Хачу выпіць за тваё здароўе.

Энабарб

Падтрымаю ахвотна. У Егіпце мы прамывалі горла амаль штодня.

Менас

Дык пойдзем.

Выходзяць.

СЦЭНА 7

На караблі Пампея каля гары Мізенскай.

Музыка.

Уваходзяць некалькі слуг з віном і закускай.

Першы слуга

Зараз яны будуць тут. Некаторыя з гэтых дубоў ужо карэннем за зямлю не трымаюцца. Лёгкі ветрык — і лягуць покатам.

Другі слуга

Лепід чырвоны як рак.

Першы слуга

вернуться

27

...прыносіў Цэзару адну царыцу.— Паводле Плутарха, Юлій Цэзар пажадаў, каб яго спатканне з Клеапатрай адбылося ўпотай. Прыдворны царыцы прынёс яе да Цэзара ў пасцельным мяшку.