Выбрать главу

Усё недапітае ў яго злівалі.

Другі слуга

Як толькі яны пачынаюць падкусваць адзін аднаго, ён адразу ў крык: «Годзе вам!» Іх супакойвае, а сам віно жлукціць.

Першы слуга

I ў жываце ў яго вайна. Нутро пратэстуе, бурчыць, не хоча прымаць лішняга.

Другі слуга

Вось што значыць пішчом улезці ў кампанію выдатных людзей, быць у іх затычкай! Які толк ад цяжкага кап'я, калі не можаш яго падняць,— гэта табе не дубчыкам ляскаць.

Першы слуга

Папасці ў асяродзішча вялікіх, не маючы на гэта права,— тое, што бяльмо ў воку: карысці ніякай, а твар пакалечаны.

Трубы. Уваходзяць Цэзар, Антоній, Лепід, Пампей, Агрыпа, Мецэнат, Энабарб, Менас і іншыя военачальнікі.

Антоній

(Цэзару)

Заведзена ў іх так — на пірамідах Ёсць знакі вышыні разліваў Ніла: Калі вада высока — ураджай, А нізка — засуха і недарод. А як вада спадзе, адразу ж сеюць. Спрыяе росту глеістая глеба, I хутка набліжаецца жніво.

Лепід

Я чуў, у вас там, у Егіпце, дзівосныя змеі водзяцца.

Антоній.

Водзяцца, Лепід.

Лепід

Вашы егіпецкія змеі заводзяцца ў вашай егіпецкай гразі ад праменняў сонца. Скажам, напрыклад, кракадзіл.

Антоній

Правільна.

Пампей

(Лепіду)

Сядай. Віна сюды! За здароўе Лепіда!

Лепід

Я ўжо трошкі таго, але яшчэ магу, магу-у!..

Энабарб

Ён можа... Зараз на карачках папаўзе.

Лепід

Не, сапраўды, я чуў, што гэтыя пталаміды Піранея[28] — нішто сабе штучкі. I не ўздумайце са мной спрачацца, сваімі вушамі чуў.

Менас

(ціха, Пампею)

Пампей, на пару слоў.

Пампей

(ціха, Менасу)

                      А што такое? Ты мне шапні.

Менас

(ціха)

Давай убок адыдзем. Справа ёсць.

Пампей

(ціха)

Адстань. Я зараз.

(гучна)

Вып’ем за здароўе Лепіда!

Лепід

А што гэта за жывёліна — кракадзіл?

Антоній

З выгляду падобен сам на сябе. Таўшчыня такая, як ёсць, а даўжыня ў кожнага свая ўласная. Перасоўваецца на сваіх уласных лапах. Корміцца тым, што з'есць. А калі здохне і згніе, яго дух перасяляецца ў іншыя істоты.

Лепід

А якога ён колеру?

Антоній

Свайго ўласнага.

Лепід

Ну і змей! Вось дык стварэнне!

Антоній

Дзіва што! А як пачне плакаць, слёзы ў яго мокрыя-мокрыя...

Цэзар

А ці задаволіць яго такое апісанне?

Антоній

Задаволіць. З дабаўкай таго пітва, што ў яго ўліў Пампей. А калі гэтага мала, то ён не чалавек, а бяздонная бочка.

Пампей

(ціха, Менасу)

Не лезь! Чаго ты хочаш? Адчапіся! Ідзі адсюль, кажу!

(гучна.)

Падайце кубак!

Менас

(ціха)

Няўжо не варты я тваёй увагі? Служу аддана. Выслухай мяне.

Пампей

(ціха)

Ты нейкі дзіўны. Што ў цябе такое?

Пампей і Менас адыходзяць убок.

Ну так, аддана служыш. Што далей?

Менас

Перад тваёй фартунай я гатовы Укленчыць і маліцца на яе.

Пампей

(гасцям)

Чаго прыціхлі? Весялей, сябры!

Антоній

Лепід, ты што? Як у пясках зыбучых? Глядзі, не ўгрузні. Ногі падымай.

Менас

(ціха Пампею)

Ці хочаш ты сабе ўвесь свет прысвоіць?

Пампей

Ты звар'яцеў!

Менас

                            Пытаюся яшчэ раз: Ці хочаш ты забраць сабе ўвесь свет?

Пампей

А як гэта зрабіць?

Менас

                         Згадзіся толькі. I хоць мяне ты лічаш бедняком, А я ўвесь свет магу табе аддаць.
вернуться

28

Пталаміды Піранея — піраміды Пталамея. П'яны Лепід блытае словы.