Пампей
Ты п'яны?
Менас
Не, Пампей, зусім цвярозы.
У межах акіяна і нябёс
Ты мог бы стаць Юпітэрам зямным,
Каб толькі захацеў.
Пампей
Якім жа чынам?
Менас
Тры ўладары дзяржавы найвялікшай,
Твае сапернікі — на караблі.
Я адсяку канат, у мора выйдзем
I трыумвірам горла перарэжам...
I ўсё тваё.
Пампей
Вось і зрабіў бы так:
Употай, ціха, і мяне б не ўблытваў.
Ты ўмееш, і твая такая служба,
А мне прымаць удзел у змове — подласць.
Я не хачу свой гонар абняславіць
Дзеля карысці. Вінаваць язык!
Я мог бы вынікі адобрыць потым,
Але задуму мушу адхіліць.
Забудзь пра гэта. Пі!
Менас
(убок)
Даволі, хопіць
Ісці услед за гэтай бляклай зоркай!
Таго, хто хоча, але ўзяць баіцца,
Фартуна ўзнагароджвае няўдачай.
Пампей
Сябры, прашу! Лепід, тваё здароўе!
Антоній
(паказваючы на Лепіда)
На бераг занясіце. Хай праспіцца.
Я за яго дап'ю.
Энабарб
Кульнём, Менас!
Менас
Здароў будзь, дружа!
Пампей
Налівай паўней.
Энабарб
(паказваючы на слугу, які выносіць Лепіда.)
Менас, глядзі, глядзі! Які асілак!
Менас
З чаго ты ўзяў?
Энабарб
Нясе ў руках трэць свету.
Менас
Перапілася, бачу, гэта трэць.
А каб жа цэлы свет набраўся гэтак?
Вось карусель была б!
Энабарб
Вядома! Вып'еш —
Даведаешся.
Менас
За тваё здароўе!
Пампей
Банкет — нішто, але яму далёка
Да вечароў александрыйскіх.
Антоній
Не,
Не так далёка. Зараз мы прыблізім.—
Тваё здароўе, Цэзар!
Цэзар
Я не буду.
Палошчам мы мазгі свае, палошчам,
А бруду не адмыць! Дарэмны клопат.
Антоній
Эпоха так дыктуе. Прывыкай.
Цэзар
Мне раіш прыстасоўвацца. Не выйдзе.
Па-мойму, лепш чатыры дні пасціць,
Чым выпіць мора цэлае адразу.
Энабарб
(Антонію)
Дазволь, начальнік, распачаць нам скокі,
Егіпецкі вясёлы карагод
У гонар Бахуса.
Пампей
Давай, салдат!
Антоній
Хутчэй сюды! Бярыцеся за рукі!
Кружыцца будзем, аж пакуль наш розум,
Спавіты хмелем, не засне ў абдымках
Пяшчотнай Леты.
Энабарб
Гэй, рабіце кола!
Узрушвай сэрцы, музыка! Грымі!
За рукі! Дружна! — Хлопчык, запявай!
А мы падхопім. Не шкадуйце сілы,
Хай рэха адгукаецца вакол!
Музыка. Энабарб кіруе скокамі.
Песня
Бахус, Бахус бог віна,
Просьба да цябе адна:
Чашы поўныя налі,
Нашу смагу наталі,
Нашы сэрцы акрылі.
Нашы сэрцы акрылі!..
Цэзар
Пара спыніць.— Пампей, спакойнай ночы! —
Хадзем, сваяк. Дазволь цябе праводзіць.
З дакорам пазіраюць на разгул
Пакінутыя намі абавязкі.
Палаюць шчокі ад віна.— Канчайце!
Трывалы Энабарб і той размяк.
Я сам кірую языком з натугай.
Ад выпіўкі празмернай мы як блазны.
Ды што тут разважаць! Спакойнай ночы! —
Антоній, дай руку.
Пампей