Банкет адновім
На беразе.
Антоній
А як жа! Дай руку!
Пампей
Мой дом бацькоўскі ты ў мяне забраў,
Антоній, помні!.. Але я твой друг.
Спускайся ў лодку.
Энабарб
Ціха, не ўпадзіце!
Усе, апроч Энабарба і Менаса, выходзяць.
Я застаюся тут.
Менас
Прашу ў каюту.
Трубіце ў трубы, біце ў барабаны!..
Музыкі, грайце, каб Нептун пачуў,
Як салютуем мы героям свету.
Іграйце, вісельнікі, рэж ваўсю!
Трубы і барабаны.
Энабарб
Гэй, шапкі ўгору! Гэй!..
Менас
Ура! Хадзем.
Выходзяць.
АКТ ТРЭЦІ
СЦЭНА 1
Раўніна ў Сірыі.
Уваходзяць урачыста Венцідзій, Сілій, іншыя рымскія военачальнікі і войска. Наперадзе нясуць цела забітага парфянскага царэвіча Пакора.
Венцідзій
Разбіта Парфія, край вострых стрэл,—
Адпомсціў я за гібель Марка Краса[29].
Хай кожны воін паглядзіць на труп
Парфянскага царэвіча. Арод,
Твой сын Пакор аддаў жыццё за Краса.
Сілій
Венцідзій, ты герой. Пакуль твой меч
Яшчэ гарачы ад крыві парфянскай,
Не патурай уцекачам, гані іх
З мідзійскіх стэпаў, з берагоў Міжрэчча,
Знішчай па ўсіх кутках. I твой Антоній
За подзвігі табе трыумф наладзіць,
Вянок лаўровы дасць.
Венцідзій
О Сілій, Сілій,
Даволі мне таго, што маю. Ведай,
Не варта падначаленаму лезці
На грэбень гучных спраў. Часамі слава,
Здабытая без санкцыі вышэйшай,
Пашкодзіць можа болей, чым правал.
I Цэзар і Антоній шмат разоў
Сабе прысвойвалі чужыя ўдачы.
А здольны Сосій, папярэднік мой,
У Сірыі пачаў так вылучацца,
Што трапіў у Антонія ў няласку,
Не засланяй начальніка, салдат!
Начальніку начальнікаў не трэба.
I гонар воінскі і дысцыпліна
Дыктуюць часам: лепей адступіць,
Чым выйграць бой, правадыра зацьміўшы.
Я для Антонія зрабіў бы многа,
Але ён прыме гэта за знявагу
І не даруе мне маіх заслуг.
Сілін
Венцідзій, у цябе ёсць сіла духу,
А гэта болей, чым прывычны меч.
Што ж ты цяпер Антонію напішаш?
Венцідзій
Я напішу, што іменем сваім
Ён нас натхніў, падрыхтаваў да бітвы,
Што пад яго арламі легіёны,
Ім згуртаваныя, разбілі ўшчэнт
Непераможных коннікаў парфянскіх.
Сілін
Дзе ж ён цяпер?
Венцідзій
Адправіўся ў Афіны.
Хоць мы і абцяжараны здабычай,
Але і нам туды спяшацца трэба,
З'явіцца без спазнення.— У паход!
Выходзяць.
СЦЭНА 2
Рым. Пярэдняя ў доме Цэзара.
Уваходзяць з розных бакоў Агрыпа і Энабарб.
Агрыпа
Ну, развіталіся там сваякі?
Энабарб
Справадзіўшы Пампея, трыумфіры
На дагавор прыкладваюць пячаці.
Перад разлукай з дарагім ёй Рымам
Актавія рыдае. Цэзар змрочны.
Лепіда ж, як расказваў мне Менас,
Пасля банкета нудзіць пачало —
Ледзь выцерпеў.
Агрыпа
Лепід такі сардэчны!
Энабарб
Прыветлівы! А Цэзара як любіць!
Агрыпа
Антонія не менш. Вачэй не зводзіць!
Энабарб
«Актавій Цэзар — на зямлі Юпітэр!»
Агрыпа
«I для Юпітэра Антоній — бог!»
Энабарб
«Няма на свеце Цэзару раўні!»
Агрыпа
«О Марк Антоній! О крылаты Фенікс[30]!»
вернуться
29
Адпомсціў я за гібель Марка Краса.— Марк Ліцыній Крас, былы консул і член Першага трыумвірата, загінуў на вайне з парфянамі ад рукі парфянскага цара Арода. Сын Арода Пакор быў разбіты Венцідзіем.