Энабарб
«Быць Цэзарам — вяршыня ўсіх вяршынь!..»
Агрыпа
Абодвум падпускаў ляшча Лепід.
Энабарб
Але больш Цэзару. Антонія таксама
Не забываў. Паэт, мастак, трыбун
Не змогуць ні апець, ні апісаць,
Ні выказаць яго пачуццяў палкіх
К Антонію. Ну, а на Цэзара
Ён проста моліцца.
Агрыпа
Абодвух любіць.
Энабарб
Ён — жук, яны — бліскучыя надкрыллі.
Трубы.
Паеду я. Бывай, Агрыпа слаўны!
Агрыпа
Шчаслівае дарогі, храбры воін.
Адыходзяць убок.
Уваходзяць Цэзар, Антоній, Лепід і Актавія.
Антоній
(Цэзару)
Далей нас не праводзь.
Цэзар
Душы маёй часціцу ты бярэш.
Прашу, не крыўдзі, будзь ласкавы з ёю.—
Сястра, будзь добрай жонкай, апраўдай
Мае надзеі і умовы шлюбу.—
Не дапусці, шаноўны мой Антоній,
Каб слуп, што падпірае нашу дружбу,
Мацуе нашу сувязь, стаў таранам
I крэпасць разваліў. Лепш сябраваць,
Не парадніўшыся, калі не ўмеем
Аберагаць свой скарб.
Антоній
Ты недавер'ем
Мне прычыняеш боль.
Цэзар
Я ўсё сказаў.
Антоній
Вышукваеш дарэмна ты, падстаў
Для падазрэнняў і трывог не знойдзеш,
Няхай цябе ахоўваюць багі!
Хай сэрцы рымлян горнуцца ў твой бок!
А нам пара ў дарогу.
Цэзар
О любая сястра мая, бывай!
Няхай пяшчотамі цябе атуляць
Усе стыхіі. Сумаваць не трэба
Шчаслівай будзь, сястра!
Актавія
Мой любы брат!..
Антоній
Вясна ў яе вачах, вясна любві,
I слёзы — майскі дождж.— Не засмучайся!
Актавія
(Цэзару)
Глядзі, каб мужаў дом быў цэлы і...
Цэзар
Яшчэ што? Гавары.
Актавія
Скажу на вуха.
Антоній
Язык яе не слухаецца сэрца,
А сэрца слоў ніяк не падбярэ.
Так лебядзіны пух на хвалях зыбкіх
Не ведае, ў якім кірунку плыць.
Энабарб
(ціха, Агрыпу)
Ці не збіраецца заплакаць Цэзар?
Агрыпа
(ціха, Энабарбу)
Нахмураны стаіць.
Энабарб
(ціха, Агрыпу)
Нядобра гэта
I конь, калі нахмурыцца, брыдчэе,
А чалавек тым больш.
Агрыпа
(ціха, Энабарбу)
Усяк бывае.
Калі ляжаў забіты Юлій Цэзар,
Антоній плакаў, галасіў над ім,
А потым слёзы ліў над трупам Брута
У бітве пры Філіпах.
Энабарб
(ціха, Агрыпу)
У той год
Ён быў прастуджаны, не разбіраўся,
Цякло ў яго тады з вачэй і з носа.
Вось калі я заплачу — мне павер.
Цэзар
Актавія, цябе я не забуду,
Маіх пачуццяў не развее час.
Антоній
Не задавайся, Цэзар. Я магу
Любіць не горш. Пабачым, хто каго...
Абдымемся мацней, і я паеду,
Пакінуўшы цябе багам.
Цэзар
Бывай!
Лепід
Няхай усе нябесныя сузор'і
Твой асвятляюць шлях.
Цэзар
(цалуючы Актавію)
Бывай, сястра!
Жыві, красуйся, радуйся!
Антоній
Бывайце!
Трубы. Усе выходзяць.
СЦЭНА 3
Александрыя. Палац Клеапатры. Уваходзяць Клеапатра, Харміяна, Ірада і Алексас.