Выбрать главу
СЦЭНА 4

Афіны. Пакой у доме Антонія.

Уваходзяць Антоній і Актавія.

Антоній

Не, не, Актавія, не толькі гэта — I гэта і ўсё іншае такое Я б мог прадбачыць. Але ён пачаў Ізноў вайну з Пампеем; абвясціў Народу завяшчанне, у якім Мяне стараўся абысці, а там, Дзе абмінуць ніяк не выпадала, Ён скупа прыгадаў мае заслугі, Без пахвалы належнай, з непавагай, Хоць подзвігі мае вядомы ўсім.

Актавій

Мой любы муж, не ўсё бяры на веру, А хоць і верыш, не на ўсё крыўдуй, Бо калі выбухне між вамі сварка, Пакутніцай-ахвярай стану я. Маліць багоў за вас — мой абавязак, Але багі пачнуць з мяне смяяцца, Пачуўшы першую маю малітву: «Благаславіце, уратуйце мужа!» А следам і другую: «Уратуйце, Благаславіце брата!» Дык каго ж Ім ратаваць? Хто б з вас ні перамог, Ці ты ці ён, маё жыццё разбіта — Між двух агнёў сярэдзіны няма.

Антоній

Актавія, аддай любоў сваю Таму, хто больш дастойны. Калі я Свой гонар страчу, сам сябе я страчу. Лепш мне не быць тваім, чым быць тваім, Згубіўшы гонар. Хочаш памірыць нас? Намер пахвальны. Паспрабуй. А я Ўсё ж буду рыхтавацца да вайны. Твой брат мяне на гэта падбівае. Дык не адкладвай. Выязджай хутчэй. Жадаю ўдачы.

Актавія

                       Дзякуй, дарагі! Няхай Юпітэр, уладар нябесны, Мне, кволай і бяссільнай, дапаможа Між вамі мір і дружбу аднавіць, Вайна — няшчасце, трэшчына ў зямлі, Напоўненая трупамі людскімі.

Антоній

Нездавальненне выкажаш таму, Хто ў гэтым вінаваты, хто парушыў Умовы нашы. Не змяншай віны I не дзялі на двух свайго кахання. Збірайся. Світу выбераш сама, Ні ў чым сябе не абмяжоўвай.

Выходзяць.

СЦЭНА 5

Там жа. Іншы пакой.

Уваходзяць з розных бакоў Энабарб і Эрос.

Энабарб

Ну як там, дружа Эрос? Якія навіны?

Эрос

Дзіўныя навіны, начальнік.

Энабарб

А што?

Эрос

Цэзар і Лепід ізноў ваююць з Пампеем.

Энабарб

Гэта ўжо не навіна. I хто перамог?

Эрос

Цэзар адолеў Пампея. Лепід яму памагаў. А цяпер Цэзар не прызнае яго роўным, прысвоіў сабе славу і, мала таго, абвінаваціў Лепіда ў зносінах з ворагам, выкарыстаўшы яго даўнія пісьмы да Пампея. Небараку схапілі, і сядзіць трыумвір наш у турме і будзе сядзець там, аж пакуль яго не вызваліць матухна-смерць.

Энабарб

Цяпер на свеце толькі два звяры — I колькі ежы ў пашчу ім ні сунь, Адзін другога загрызе нарэшце. Антоній дзе цяпер?

Эрос

                              Па садзе ходзіць — Туды, сюды; нагою топча голле, Крычыць: «Лепід — даўбежка», пагражае Распяць гадзюку, што забіў Пампея.

Энабарб

Увесь наш флот даўно напагатове...

Эрос

На Цэзара ў Італію. Дык вось што: Антоній па цябе мяне паслаў, А пра навіны мог бы я і потым.

Энабарб

Няма чаго расказваць! Будзь што будзе. Вядзі мяне к Антонію.

Эрос

Хадзем.

Выходзяць.

СЦЭНА 6

Рым. У доме Цэзара.

Уваходзяць Цэзар, Агрыпа і Мецэнат.

Цэзар

Што робіцца ў Александрыі! Ганьба! На люднай плошчы на ўзвышэнні срэбным На залатыя троны селі разам Антоній з Клеапатрай, а ў нагах — Цэзарыён[31], якога лічаць сынам Таго, хто быў маім названым бацькам, I некалькі пазнейшых байструкоў, Плады іх сужыцця, і там Антоній Ёй перадаў уладу над Егіптам I абвясціў царыцай Палесціны, I Лідзіі, і Кіпра.

Мецэнат

Як? Публічна?

Цэзар

Усенародна, на галоўнай плошчы. А два яго сынкі — цары цароў: Парфян, мідзян аддаў ён Александру, Арменію яму ж, а Пталамею — Сірыйцаў, кілікійцаў, фікікіян. А Клеапатра ў вопратцы Ізіды[32] Была ў той дзень, ды і раней не раз Ахвотна строіла з сябе багіню.
вернуться

31

Цэзарыён.— У Клеапатры было некалькі дзяцей, у тым ліку сын Цэзарыён ад Юлія Цэзара.

вернуться

32

Ізіда — сястра і жонка Азірыса, багіня шлюбу, медыцыны і земляробства, увасабленне егіпецкай цывілізацыі.