Выбрать главу

Агрыпа

Мы вельмі рады.

Мецэнат

Няхай радзіма зноў цябе прытуліць! Тваёй бядзе мы шчыра спачуваем, I сэрцам кожны рымлянін з табой. Адзін Антоній, шалапут юрлівы, Сумленную жанчыну адштурхнуўшы, З распусніцай нахабнай муціць свет.

Актавія

Паверыць цяжка, мілы брат.

Цэзар

                                            Павер. Жахлівы, але факт. Заходзь, сястра. Ніякіх слёз! Цябе мы любім моцна.

Выходзяць.

СЦЭНА 7

Лагер Антонія каля мыса Анцыума[33].

Уваходзяць Клеапатра і Энабарб.

Клеапатра

Табе я не дарую, будзеш ведаць!

Энабарб

За што? За што? За што?

Клеапатра

Ты выступаў супроць мяне: хацеў, Каб я не заставалася пры войску.

Энабарб

А што табе рабіць тут?

Клеапатра

                                     Але ж нам Аб'яўлена вайна, і дзе ж мне быць, Як не пры войску?

Энабарб

(убок)

                            Так-то яно так... Але калі ў конніцу пусціць Дзесяткі два кабыл, усё прапала: Здурнеўшы, коні не туды паскачуць.

Клеапатра

Што ты сказаў?

Энабарб

                       Маўчу, маўчу, царыца. Але я думаю — твая прысутнасць Антонію нічым не дапаможа. Не на цябе павінен траціць ён Адвагу, час і розум. Дакараюць Яго і так ужо за легкадумнасць. А ў Рыме ходзяць чуткі, што вайну Вядуць твой еўнух і твае служанкі.

Клеапатра

Хай згіне Рым! Хай языкі адсохнуць У тых, хто гэта кажа! Бач, паскуды! Кірую царствам я, мой абавязак Прымаць удзел у баявых паходах, З мужчынамі нароўні. Не пярэч! Тут буду я, і ўсё.

Энабарб

Маўчу, царыца.

Уваходзяць Антоній і Канідзій.

Вось правадыр наш.

Антоній

                       Дзіўна мне, Канідзій, Што ад Брундзізія[34] і ад Тарэнта[35] Правёў ён морам гэтак шпарка флот I захапіў Тарыну[36].— Чула ты, Мая каханая?

Клеапатра

                              Чужая спрытнасць — Нядбайнаму навука.

Антоній

                              Маладзец! Разумным словам трапіла у цэль. Канідзій, бой дадзім яму на моры.

Клеапатра

На моры. А то дзе ж!

Канідзій

Чаму на моры?

Антоній

Таму што Цэзар выклікае нас Памерацца з ім сіламі на моры.

Энабарб

Вось які ён! Ты ж выклікаў раней!..

Канідзій

Збіраўся бой даць пры Фарсале[37], там Дзе Юлій Цэзар перамог Пампея. Твой выклік вораг адхіліў, знайшоў Нявыгадным. Ты гэтак жа зрабі.

Энабарб

Што за народ на караблях тваіх: Ратаі, мукамолы, пастухі, Наспех навербаваны ўсякі зброд. У Цэзара ж правераныя людзі, Пампея Секста разграмілі ўшчэнт. Яго флот лёгкі, твой — цяжэйшы значна. I ганьбы тут ніякай, калі ты, Адмовіўшыся ад марскога бою, Праявіш здольнасці свае на сушы. Так будзе лепш.

Антоній

На моры, я сказаў.

Энабарб

О доблесны Антоній, не згаджайся! У невядомым славы не шукай! На сушы ты непераможны воін, І практыка твая, тваё майстэрства Узор і прыклад легіёнам нашым. Не рызыкуй!
вернуться

33

Мыс Анцыум — у Грэцыі, каля ўваходу ў Амбракійскі заліў.

вернуться

34

Брундзізій — рымскі порт у паўднёвай Італіі.

вернуться

35

Тарэнт — горад у паўднёвай Італіі.

вернуться

36

Тарына (цяпер Парга) — горад у Эпіры (паўночная Грэцыя).

вернуться

37

Фарсала — горад у Фесаліі (Паўночная Грэцыя). Бітва пры Фарсале, у якой Юлій Цэзар канчаткова перамог Пампея Вялікага, адбылася ў 48 г. да н. э.